Пераможны дубль Вольскага (аўдыё/відэа)
4287 / 0
21.07.2017

Пераможны дубль Вольскага (аўдыё/відэа)

У апошнім туры галасаваньня ў сэзоне 2015/2016 альбом «Псыхасаматыка» перамог у альбомным чарце, а кліп на песьню зь яго «Цёплае мінулае» стаў найлепшым у відэачарце.

364 галасы набрала «Псыхасаматыка» ў 9-м туры галасаваньня ў альбомным чарце, які быў апошнім у гэтым сэзоне. Роўна на 30 галасоў гэты альбом апярэдзіў працу фольк-гурту «Ягорава гара», які фінішаваў другім.

Кліп на песьню «Цёплае мінулае», які зрабіў Мацей Сабураў стаў найлепшым у галасаваньні ў відэачарце з паказьнікам у 247 галасоў. На 42 менш у «Крамы» зь «Белай вадой», якая заняла другое месца. І хоць гэта ня першая перамога Вольскага ў гэтым сэзоне, усё адно яна стала для яго нечаканай. «Я стаўлюся да гіт-парадаў, як да нейкай неабходнасьці. Не разьлічваю на вышыні, не падлучаю „чалавечы рэсурс“, каб перамагчы. Таму апынуцца на першым месцы — гэта нечакана. І прыемна, чаго ўжо там», — сказаў з нагоды перамогі музыка.

Лявон праз «Тузін» перадае падзяку ўсім тым, хто галасуе за ягоныя праекты: «Я працую дзеля вас і вельмі прыемна, што гэта знаходзіць водгук у вашых душах», — зазначае ён. На восень Лявон рыхтуе нешта цікавае, «грандыёзную акцыю», як ён кажа, але пакуль не бярэцца раскрываць падрабязнасьці з прычыны «досыць спэцыфічнай сытуацыі з канцэртнай дзейнасьцю ў краіне». Як толькі ўсе фармальнасьці будуць узгодненыя, музыка паведаміць дэталі.

TuzinFM