«Сразу май»: «Мы не пяем па-беларуску дзеля таго, каб быць у трэндзе» (аўдыё)
3547 / 0
27.02.2017

«Сразу май»: «Мы не пяем па-беларуску дзеля таго, каб быць у трэндзе» (аўдыё)

Гурт зь Берасьця стаў пераможцам аўдыёчарту ў 7 туры зь песьняй «Небасхіл».

«Сразу май» удзельнічае ў чарце з кастрычніка з 2016 году. Іх песьня трывала трымалася ў межах першай пяцёркі і толькі ў 7-м туры здолела ўзьняцца на пазыцыю лідэра, набраўшы па выніку 345 галасоў. Лідэр каманды Сяргей Стэцюк кажа, што перамога для яго — безумоўная прыемнасьць. «Сачыў за галасаваньнем, бо для нас важная ня столькі перамога, колькі заставацца ў самім гіт-парадзе як мага даўжэй, каб больш людзей змаглі нас пачуць. І быў прыемна зьдзіўлены, калі аднаго дня пабачыў, што мы займаем першае месца. Вельмі рады, што нарэшце нам удалося дастукацца да людзей, яны нас пачулі. Шчыра дзякуем усім, хто аддаваў свой голас за нас». Сам Сяргей аддаваў свае галасы ў чарце і сваім калегам зь іншых гуртоў — галасаваў за песьні B:N:, Akute, NGe, «Голай манашкі» (пакуль яны ня зьняліся з гіт-параду) як за самых яскравых прадстаўнікоў апошніх тураў, на ягоны погляд.

Ці натхніў Сяргея посьпех «Небасхілу» на напісаньне новых беларускамоўных песень? «У нашай канцэртнай праграмме заўсёды ёсьць беларускамоўныя песьні. Нядаўна, я зрабіў пераклад твору „Rock'N'Roll Queen“ брытанскага гурта The Subways, але пакуль ня ведаю, ці зможам мы яго выдаць афіцыйна. Чакаем дазволу ад The Subways, але ў канцэртным трэк-лісьце яна прысутнічае. Агулам жа песьні на беларускай мове мы не ствараем толькі для таго, каб быць у трэндзе ці прытрымлівацца модных тэндэнцыяў, бо гэта папахвае нейкай хлусьнёй і двудушнасьцю, што ў творчасьці ўвогуле непрымальна. Для нас гэта натуральны працэс».

Цяпер «Сразу май» актыўна выступае (найбліжэйшы канцэрт — 4 сакавіка ў Гомелі) і паралельна піша новы альбом. Сяргей кажа, што ў ім будзе такі гіт, ад якога «ва ўсіх паадпадаюць сківіцы». Сачыць за навінамі гурту.

Tuzin.fm