Сяргей Доўгушаў: «Пэрэпылко» — песьня для стадыёнаў
Гурт Vuraj зь песьняй «Вэлытай, пэрэпылко» перамог у трэцім туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. Лідэр каманды Сяргей Доўгушаў пад уражаньнем ад такой падзеі выказаў пэўнасьць, што хутка гэты сьпеў будуць сьпяваць стадыёны.
Увесь трэці тур галасаваньня на «Тузіне» вялося зацятае змаганьне за першае месца паміж двухразовым пераможцам чарту — песьняй «Як мае быць» ад гурта «Ілюжан» і «Вэлытай, пэрэпылко» ад гурта Vuraj. Па выніку каманда Сяргея Доўгушава апярэдзіла «канкурэнтаў» на 15 галасоў. Сам Сяргей кажа, што толькі ўчора зазірнуў у галасавалку і парадаваўся, што яго сьпеў мае посьпех. Музыка хоча таксама ўважліва паслухаць іншыя песьні ўдзельнікаў чарту.
Што да песьні «Вэлытай, пэрэпылко», то лідэр «Вураю» пэўны ў тым, што яна мае вельмі моцны патэнцыял і яе неўзабаве могуць засьпяваць стадыёны: «Гэты сьпеў мае сапраўдную магію, бо ён абрадавы. І народ гэта адчувае. Яна праходзіць праз стагодзьдзі, гучыць і не губляе сваёй моцы, сэнсу. У гэтай песьні ёсьць свой рух, бясконцая сіла, у якім бы выглядзе і выкананьні яна б ні гучала».
Цяпер у гурта Vuraj — сьпякотная пара. Гурт нядаўна даў маштабны канцэрт у Палацы прафсаюзаў. Цяпер музыкі ствараюць музыку для беларускага мультфільму «Затрыманая вясна альбо якія сны сьніць мядзьведзь». Ужо праз тыдзень пачынаюцца здымкі першага кліпу. А 20 лістапада вандроўка з канцэртамі ў Польшчу. У Менску каманду можна будзе пачуць у найбліжэйшы час у клюбе «Графіці» 11 сьнежня, прычым з новай праграмай, якая завецца «harmonic style».
А далей — Каляды! Vuraj ужо атрымаў безьліч прапановаў на выступы для дзяцей і дарослых з сваёй каляднай праграмай.
Tuzin.fm, фота Насты Мілаванавай
КАМЕНТАВАЦЬ