
«Палацу» — 25! Алегу Хаменку — 50! (25 фота/відэа + 25 найлепшых песень)
Да дзьвюх юбілейных датаў Tuzin.fm сабраў самыя красамоўныя факіы, фота, відэа і песьні Алега Хаменкі ды гурту «Палац».
Алег нарадзіўся ў Менску, у 1967 годзе. Музыкай заняўся яшчэ ў школе, вучыўся па клясе трамбону, а пасьля паступіў на эстрадна-духавую катэдру ў Інстытут культуры, атрымаў спэцыяльнасьць кіраўніка эстрадна-духавога аркестру. Падчас вучобы і зьявілася ідэя заснаваць музычны гурт.
Школьны фотаздымак Алега Хаменкі
Афіцыйна лічыцца, што гурт «Палац» быў заснаваны ў красавіку 1992 году, але на самой справе каманда сфармавалася на тры гады раней. Праўда, грала яна ня фольк-рок, а савецкія поп-гіты. Музыкі езьдзілі выступаць па вясельлях з сваёй праграмай, у якую былі ўключаныя папулярныя на той час песьні. Гралі і «Ласковый май», і Сярова. Грошы зараблялі на тыя часы сур’ёзныя. За адно вясельле выходзіў месячны заробак сьлесара на заводзе. Пра інтэрпрэтацыю фольку, а тым больш пра канцэпцыю новага музычнага стылю тады ў 20-гадовых музыкаў і думкі не было.
«Палац» падчас экспэдыцыі: Алег Хаменка, Вераніка Круглова , Зьміцер Вайцюшкевіч, Юры Выдронак
Але менавіта на вясковых вясельлях у Заходняй Беларусі пачалася гісторыя «Палацу». Менавіта там было прынята замаўляць песьні, прычым такім чынам, каб музыкам было няпроста выканаць замову. «З савецкай эстрадай усё было ясна, сыграць нешта з таго, што круцілася тады па радыё і тэлебачаньні для нас праблемы не складала. А вось калі пачыналі сьпяваць старыя жанчыны, мы не маглі нічога падыграць. Калі мы слухалі іх сьпевы, то проста не маглі зразумець, як далей ссунецца гармонія і як пойдзе голас», — згадваў неяк у інтэрвію «Тузіну» лідэр каманды.
«Палац» узору 1995 году: Зьміцер Вайцюшкевіч, Зьміцер Карабач, Юры Выдронак, Алег Хаменка, Юрась Белякоў
Музыка вырашыў гэтыя песьні запісваць, каб пазьней разам з калегамі развучыць ды апрацаваць іх. Так і зьявіліся першыя творы гурта, які заснуе неўзабаве новы стыль — фольк-мадэрн. Касьцяк гурту склалі клявішнік і аранжыроўшчык Юрась Выдронак, вакаліст і гітарыст Алег Хаменка (з 1998 году ён стаў мастацкім кіраўніком), трубач і вакаліст Юрась Белякоў, акардэаніст, лірнік і вакаліст Зьміцер Карабач. Першы канцэрт пад назвай «Палац» адбыўся ў чэрвені 1992-га падчас сьвяткаваньня Купальля на Камсамольскім возеры ў Менску. У гэтым жа годзе да «Палацу» далучыўся Зьміцер Вайцюшкевіч, які граў у гурце на флейце, клярнэце, жалейцы, на дудзе. І рабіў проста дзівосныя шоў.
Зь першых жа выступаў «Палацу» спадарожнічаў посьпех. У 1993 годзе гурт увайшоў у дзясятку найлепшых калектываў Усходняй Эўропы па вэрсіі Radio France International. Менавіта так напісана ў гісторыі гурту, але калі быць больш канкрэтным, то яны былі ўзнагароджаныя за песьню «Русалкі» трэцяй прэміяй конкурсу «Discovery-93», які ладзіла ў Парыжы радыё France Internacional.
«Палац» у Гомелі (1997)
З 1992 году музыкаў запрашаюць на «Басовішча», а паралельна і на дзяржаўныя фэсты «Маладзечна» і «Славянскі базар» і нават на фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». На першых трох «Рок-Каранацыях» гурт атрымлівае прыз у намінацыі «Традыцыі і сучаснасць».
Паколькі прапанова ў «Палацу» была ўнікальная, ён заходзіў на ўра на замежных фэстах — «Tanz und folkfest» (Нямеччына), «Краіна Мрий» (Украіна), «Siklegos» (Літва), «Азія дауысы» (Казахстан), прадстаўлялі беларускую музыку ў межах Дзён беларускай культуры ў Францыі (2003). Уласна з «Палацу» ў Беларусі пачалося масавае захапленьне фальклёрам, а дакладней яго пераасэнсаваньнем на розны манер.
«Палац» у дарозе (1993): Вераніка Круглова, Юры Выдронак (сядзіць), Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка
У ліку прыхільнікаў творчасьці «Палацу» быў і Ўладзімер Мулявін. Кіраўнік «Песьняроў» пачуў музыкаў упершыню на праслухоўваньні да «Славянскага базару» ў 1993 годзе. Каб праслухаць усіх канкурсантаў было ўведзенае правіла — выканаць толькі куплет і прыпеў. Аднак «Палац» Мулявін не спыніў і зь вялікаю ўвагаю паслухаў ад пачатку да канца дзьве іх песьні (гэта былі «Русалкі» і «Ой, рана»). «Палацу» прапанавалі выступіць ня ў якасьці канкурсантаў, а як гасьцей — настолькі высока ацаніла іх журы на чале з Мулявіным. Пасьля спадар Уладзімер неаднойчы яшчэ выкажа сваю павагу да творчасьці Хаменкі і кампаніі.
Алег Хаменка. Фота сярэдзіны 90-х.
У творчым даробку гурту «Палац» — восем музычных альбомаў (зь іх 6 нумарных і 2 альбомы-праекты), а таксама ўдзел у 7 тэматычных складанках. Трэкі «Палацу» выходзілі на складанках за мяжою: «Нашествие. Шаг второй» (Расея, 1999), «БУМэранг» (Расея, 2004), «Belarusian Red Book. Music of Belarus» (Нямеччына, 2006).
Рэдкае фота. Вераніка Круглова і Алег Хаменка (1994)
Менавіта з «Палацу» выйдзе шэраг яскравых музыкаў, якія потым утвораць уласныя музычныя праекты. Але чаму такія асобы, як Хаменка, Выдронак, Вайцюшкевіч, Круглова разышліся між сабой? Бачаньне лідэра «Палаца» тут такое: «Мы думалі, што „Палац“ мусіць быць больш чым музычным гуртом. Гэта мелася быць студыя, аб’яднаньне, як піцерскі рок-клюб ці філяматы і філарэты, так нам здавалася на той час. Меркавалася працаваць у некалькіх кірунках і ствараць розныя праекты. Напрыклад, была праграма сьпеўна-танцавальнага джазу, у якую, дарэчы, быў запрошаны Вайцюшкевіч. Потым ён будзе чытаць рэп-устаўкі. Кожны з нашых салістаў быў надзвычай таленавіты і ясна было, што іх талент мусіць знайсьці куды большае ўвасабленьне, чым бэк-вакал у „Палацы“. Адзінае, што мы думалі нібы ўвесь далейшы працэс будзе пад нашым кантролем, але жыцьцё засьведчыла інакш».
Алег Хаменка, Вераніка Круглова, Зьміцер Вайцюшкевіч (1993)
І сапраўды, спрэчкі між удзельнікамі «Палацу» пачаліся, калі частка музыкаў вырашылі стварыць праект KRIWI. Хаменка быў катэгарычна супраць такога напісаньня назвы, але Выдронак і Круглова яе адстаялі. Потым быў непрыемны момант, калі давялося дзяліць сумеснае багацьце — песьні, кантакты, інструмэнты. Але ўжо доўгі час усе, хто стаяў ля вытокаў «Палацу» знаходзяцца ў сяброўскіх адносінах. «Проста ў нас было розная сацыяльная хуткасьць. Частка музыкаў былі сямейнікамі ды мелі дзяцей — дык яны і засталіся ў „Палацы“. А тыя, хто былі яшчэ нежанатыя ды безь дзяцей — сталі KRIWI. Цяпер абсалютна зразумела, што той падзел быў неабходны, інакш бы мы тармазілі адзін аднаго».
Алег Хаменка на канцэрце (2014)
Кожны з тых, хто прайшоў праз гэты гурт адбыўся, як самастойны музыка. І гэта мусіць самае вялікае дасягненьне каманды. А ў межах самога гурту ўласную музыку стваралі яго нязьменныя ўдзельнікі Юры Белякоў, Зьміцер Карабач, а таксама Андрэй Хвісевіч (Dj Ray), які далучыўся да каманды падчас стварэньня альбому «Танчыць Палац» (2001) ды застаўся ў гурце.
«Палац»: Зьміцер Карабач, Алег Хаменка, Зьміцер Жыгараў (на дальнім пляне), Алег Хаменка, Андрэй Хвісевіч
У 2003 годзе да «Палацу» далучыўся яшчэ адзін знакавы беларускі музыка, гітарыст «Крамы» Сяржук Трухановіч, які ўвесь гэты час з задавальненьнем спалучае працу ў абодвух камандах: «„Крама“ дае мне рок-н-рольны зарад, а „Палац“ натхняе на пошук новых мэлёдыяў, блізкіх да беларускага фальклёру, прымушае задумацца пра структуру мэлёдыкі беларускіх народных песень і ратуе ад зацыкліваньня на адным стылі», — адзначае Сяржук.
Сяржук Трухановіч у складзе «Палацу»
Песьні і апрацоўкі «Палацу» неаднойчы былі ў цэнтры ўвагі беларускіх тэле- і кінэматаграфістаў. Так у 1997 годзе на студыі «Белвідэацэнтр» быў зьняты аднайменны фільм (рэжысэр Ю. Ялхоў), у якім была адлюстравана гісторыя калектыву. Той жа рэжысэр запрасіў гурт для ўдзелу ў здымках і запісу галоўнай песьні да мастацкай стужкі «Анастасія Слуцкая» («Беларусьфільм», 2003). Для гэтай стужкі музыкі запісалі аўтарскую кампазыцыю «А ў лузе». Акурат такога і хацеў рэжысэр — каб гэта быў блізкі да аўтэнтычнага музычны і гукавы «адбітак» эпохі, што адлюстраваная ў стужцы — XV — пачатак XVI стагодзьдзя.
На працягу некалькі гадоў гурт «Палац» працаваў над рэалізацыяй маштабнага музычна-драматычнага праекту — фольк-рок-мюзыклу «Возера». За аснову сюжэту гэтага твору музыканты ўзялі старажытную беларускую легенду пра два народы, якія жылі ля возера Асьвея. Выконваць ролі ў ім згадзіліся многія беларускія акторы кіно і тэатру, рок-выканаўцы. Але празь вялікія фінансавыя выдаткі праца была прыпыненая. Са спадзевам, што калі-небудзь задума будзе рэалізаваная.
Затое гурт Алега Хаменкі перастварыў музыку да знакавага беларускага спэктаклю «Адвечная песьня» паводле неўміручай паэмы Янкі Купалы, які ёсьць візытоўкаю Рэспубліканскага тэатру драматургіі. Ад сакавіка 2015 году спэктакль ідзе з музыкаю, якую запісаў гурт «Палац». Музыку да спэктаклю стварыў Цімур Каліноўскі, а «Палац» зрабіў даволі складаную і вельмі далікатную працу — рэстаўрацыю і пераасэнсаваньне аранжыроўкі.
Што да стылю, то тут такая справа. Алег Хаменка прапанаваў разглядаць тэрмін «модэрн фольк» (Modern Folk, «сучасны народны») і як музычны стыль «фольк-мадэрн». На яго думку, сёньня апрацоўкі фальклёру ў сучасных аранжыроўках ня толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах Усходняй Эўропы атаясамліваюцца са стылем фольк-мадэрн (Folk Modern), «як з магістральным кірункам у разьвіцьці пост-фольк-року».
Адразу дзьве песьні «Палацу» ўвайшўлі «Топ-100 найвялікшых беларускіх песень», які склаў партал Tuzin.fm па выніках апытаньня 90 экспэртаў. Адна зь іх — «Кола грукатала» ў адноўленай аранжыроўцы была прадстаўлена музыкамі на нацыянальным адборачным туры да «Эўравізію-2008» і стала першай беларускамоўнай кампазыцыяй, якая трапіла ў фінал беларускага адбору. На гэтую кампазіцыю быў зьняты відэакліп (рэжысэр Анатоль Вечар). Другі гіт ад «Палацу», які трапіў у топ-100, гэта вясельная песьня «Як пайду я ў новую канюшню» — безумоўна адна з галоўных беларускіх фольк-песень, на якую вельмі часта робяць кавэры. Таксама ў топ-100 трапіў «Гомельскі вальс» гурту «Крама», да якога спрычыніўся і «Палац».
Алег Хаменка разам зь Ігарам Варашкевічам
Музыканты гурту «Палац» у 2010 годзе запісалі на замову кіраўніцтва каманды беларускамоўны гімн хакейнага клюбу «Дынама-Менск». Тэкст для яго стварыў беларускі бард і паэт Алесь Камоцкі. Першае выкананьне гімну адбылося ў тым жа годзе перад прэзэнтацыяй новага іміджу менскага «Дынама». Гімн кіраўніцтву і гульцам клюбу спадабаўся сваім нацыянальным калярытам і цяпер ён выконваецца перад кожнай іхняй гульнёй.
У дыскаграфіі гурту «Палац» ёсьць ня толькі музычныя дыскі, але і казкі. Напрыклад, гурт запісаў і выдаў дыск «Салдат-доктар» паводле беларускай народнай казкі. Тэма папулярызацыі народнай творчасьці Алегам Хаменкам была працягнутая праектам «Беларускія народныя казкі», які складаўся з 10 дыскаў (8 выйшлі на CD, 2 — выкладзены ў інтэрнэце). На падставе казак з гэтага праекту (некаторыя зь іх Хаменка зьбіраў і запісаў сам), дзіцячы фонд ЮНІСЭФ выдаў маляўнічую кнігу з аўдыёдадаткам, які атрымалі ў падарунак усе дзяржаўныя бібліятэкі Беларусі. Пазалетась «Казкі Беларусі» ў выкананьні Хаменкі былі выдадзены яшчэ і ў якасьці мабільнага дадатку. Алег таксама паўдзельнічаў у праекце «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!», прысьвечаны Сяргею Вітушку.
Алег Хаменка працягвае экспэрымэнтаваць з музычнымі стылямі. Да 500-годзьдзя бітвы пад Воршай ён зрабіў праграму разам з электроншчыкам Diamos Roll (CherryVata). У праграму «500 год» увайшлі напрацоўкі, зробленыя ў час працы над фольк-мюзыклам «Возера», а таксама фрагмэнты сьпеваў, запісаных у экспэдыцыях ды зусім новыя музычныя прыдумкі. «Хацелася ўшанаваць такую значную дату нашай гісторыі і зрабіць нешта зусім нечаканае, нават для сябе самога. Так і зьявілася ідэя праграмы ў стылістыцы фольк-гаўсу», — сказаў тады Алег парталу Tuzin.fm.
Асобнай згадкі варты калядны праект Алега — музычна-тэатралізаваная дзея, якая ўпершыню прайшла ў 1999 годзе пад назваю «Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам». А ў 2014 годзе набыла новую назву — «Каляды ў Вялікім горадзе». Алег кажа, што Каляды заўсёды сьвяткаваліся людна і ў гэтую цудадзейную ноч неабходна зьбірацца разам і ўшанаваць рух ад мінулага да будучыні.
Навагодняя паштоўка ад «Палацу»
Алега Хаменку часта запрашаюць іншыя музыкі засьпяваць дуэтам. Пачалася гэтая гісторыя яшчэ з 1996 году — згаданага ўжо сумеснага сьпеву зь Ігарам Варашкевічам «Гомельскага вальсу». За гэты час назьбіралася сумесных песень на паўнавартасны альбом. Сярод дуэтных песень можна вылучыць твор «Каляды», які «Палац» зрабіў сумесна з Алесем Дзянісавым для навагодняга праекту парталу Tuzin.fm і тэлеканалу «Белсат».
Алег Хаменка зьяўляецца заснавальнікам фэсту Bela Music (2009), вядоўцам беларускіх фольк-фэстаў, шоў і канцэртаў. Музыка таксама выступае ў ролі радыё- і тэлевядоўцы. Так, з 2003 па 2004 год Алег Хаменка быў вядоўцам адукацыйнай тэлеперадачы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад». Вёў аўтарскую праграму на «Аўтарадыё». З 2004 году Алег — нязьменны вядоўца радыёвэрсіі «Тузіна Гітоў» на хвалях радыё «Мінск», а з 2006 году на хвалях «Беларускага радыё Рацыя». Ужо выйшла больш за 700 выданьняў! На гэтым жа радыё ён робіць сваю аўтарскую праграму «Фольк-брама», у этэр выйшла ўжо больш за 500 выданьняў!
Алег Хаменка вядзе фэст «Камяніца» ў Строчыцах
Таксама Алег вядзе канцэртныя праекты нашага парталу Tuzin.fm — «Тузін. Unplugged», «Жывы Тузін», «Засьпявай», прэмія «Героі году». Мы віншуем нашага калегу, сябру і паплечніка з двайным юбілеем і жадаем далейшага натхненьня ў рэалізацыі новых ідэяў! Адзначаць будзем на сьвяточным канцэрце «Палацу», які пройдзе ў рэстарацыі «Друзья» 4 красавіка.
Алег Хаменка ў атачэньні сяброў рэдакцыі Tuzin.fm Хрысьціны Дарапей і Натальлі Стрыжак
Адмыслова да юбілею «Палацу» рэдакцыя Tuzin.fm склала топ-25 найлепшых песень за ўвесь час. Задача была зь няпростых з той прычыны, што гурт проста ня піша кепскіх твораў. Дадавайце ў камэнтары тыя песьні, якія яшчэ вартыя ўключэньня.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ