
Генадзь Прасьвіракоў: «Мы дагэтуль жывем у творчых зямлянках»
Выканаўчы дырэктар кампаніі Dzida Music у якасьці назіральніка месяца на TuzinFM паслухаў удзельнікаў чартаў ды заявіў, што ён гатовы выйсьці на вуліцу з плякатам: «Нас выратуе экспэрымэнт і ўнутраная свабода выказваньня!»
Мне было цікава паўдзельнічаць у гэтай справе.
Па-першае, гэта экспэрымэнт з маёй невынішчальнай якасьцю пэрфэкцыяніста: ці змагу я яго прыцішыць, бо тыя, каго ацэньваюць, часьцей чакаюць пахвалы? Апынулася — ня змог.
Па-другое, даведацца ці выклікаюць ацэнкі наогул дыскусію, пытаньні. Іншымі словамі ці патрэбныя яны і каму. Гэта паглядзім.
Часам думаю пра месца асобнай маленькай краіны ў агульным музычным трэндзе: ці стане Беларусь хоць нейкай крыніцай для агульнасусьветнай музычнай культуры, як гэта адбываецца, напрыклад, з афрыканскімі краінамі, якія пастаўляюць у літаральным сэнсе артыстаў для сусьветнай сцэны worldmusic.
Я слухаю шмат музыкі, спрабую быць у курсе ўсяго новага, што зьяўляецца якаснага ў музыцы.
Часьцей гэта творчасьць трэндсэтэраў. Мая пазыцыя ў гэтым простая: шмат хто бярэ ў рукі музычны інструмэнт, але толькі нешматлікія застаюцца ў гісторыі, так ці варта марнаваць час на артыста, які выскачыў з адным альбомам?
Часьцей за ўсё слухаю музыку, а ня словы. Музыка першасная, лірыка — вынаходніцтва больш позьняе. Любыя словы можна сапсаваць дрэннай музыкай, але вось нават самыя дрэнныя словы можна добрай музыкай упрыгожыць.
У нашай славянскай музычнай традыцыі словы маюць першараднае значэньне. На жаль, паэтаў нешта мала сёньня. Плюс да гэтага стагодзьдзе камуністычнага песеннага застольля ня далі творчаму народу столькі, колькі дала заходняя культура, зьмешваючы эпохі клясыкі, джазу, блюзу, рок-н-ролу… І таму часта наш песеньнік складае свае песьні «з таго што было». Таму яны панурыя і пахнуць безвыходнасьцю. Таму пост-псэўдапанк заваяваў нашу альтэрнатыўную сцэну: адкідаць музычныя традыцыі, формы і гісторыю прасьцей, чым яе ствараць.
Сьвет поўны гвалту, сьмерці, нянавісьці, гора… Але ў той жа час у ім ёсьць любоў, самаахвяраваньне, сяброўства… І дзе гэта ўсё нашай лірыцы? Не перажытае, таму не напісанае? Мы да гэтага часу жывем у творчых зямлянках. Агульны трэнд у лірыцы — безвыходнасьць у кантэксьце нейкіх шэрых абстрактных сумных і нікому непатрэбных рэчаў і фактаў. Не чапляе. Гэта не адносіцца да фальклёру, таму што гэта… фальклёр.
Мы трохі застаялыя. Прыйшоў час прагрэсіву, удасканаленьня асабістага майстэрства. Мы ня можам жыць у замкнёнай прасторы. Разнастайнасьць, экспэрымэнт, унутраная творчая свабода — вось што створыць нам добрую музычную глебу. І яшчэ — трэба выкінуць усюдыісны беларускі смур.
Вось такія думкі наведвалі падчас праслухоўваньня.
Неяк адразу вызначыліся лідэры, калі так гэта можна назваць, і больш колькі паўторна ня слухаў — нічога ў вуха ня лезла. Атрымалася нешта накшталт агульных уражаньняў і канкрэтных ацэнак, адносна тых песень, дзе было хоць за нешта зачапіцца.
Гэтыя мае ацэнкі ня могуць быць нічым іншым акрамя як суб’ектыўным поглядам пэрфэкцыяніста, які слухае даўно і шмат добрай музыкі і ўмее правільна трымаць у руках музычны інструмэнт.
Вось мае лідэры:
Гэтакі прагрэсіўны мінімалізм. Просты гайдаючы рыфец. Цікава!
Што тут скажаш, аксакалы! Яны тут нават як бы не ў сваёй вагавой катэгорыі, або іншыя ў іх катэгорыю трапілі як бы выпадкова. Задорна, прафэсійна, словы — на месцы. Такая песьня і павінна быць… такой. Ні дадаць, ні прыбраць.
Пачатак, праўда, як ва ўсіх фолькераў. Але рэпец вясёлы, здаецца пазытыўным. Што і падкупіла.
Мае нялідэры:
Нічога не магу сказаць. Наогул. У адно вуха ўвайшло, у іншае выйшла — нічога не засталося.
Ніколі ня быў прыхільнікам трэш-мэталу або тыпу таго. Памножаны на наш нацыянальны смур гэтыя стылі становяцца злавеснымі, гэта ўжо нават ня музыка. Карацей, тут раздольле для вузкага аматара гэтага стылю.
Эх, іх бы ў нашыя 70-я ў школьную спартзалю на выпускны вечар!
Калі я б застаўся з табой / Akute
Упэўнены, што песьня спадабаецца ўкраінцам, якія змагаюцца за свабоду. Але так ужо атрымалася, што я не ўкраінец, і мне не «пайшло» зусім.
Праз 5 хвілін забыўся хто граў і што граў.
Нічога захапляльнага. Але ёсьць экспрэсія, якую можна разьвіваць і там можа атрымацца нешта.
Вясёлая эстрадная песенка, добрая, бесклапотная.
Не разумею штучна навёрнутых духавых партыяў. Іх не было куды нацягваць. Але вось нацягнулі жа!
Нібы пра каханьне. Але неяк мімалётна, як у студэнтаў «на бульбе». Карацей, такая кароткая незапамінальная любоў.
Зь відэа ўсё апынулася яшчэ прасьцей.
Лідэр вызначыўся зь першага прагляду — Pomidor/off — Дым. Таму што мульцік. Таму што рэжысэр сышоў ад затхлай бытавой рэальнасьці.
Да астатніх кліпаў пасуюць агульныя словы. Абавязковыя атрыбуты: лес або ўскраіна зь лесам на гарызонце; у лесе часта можна сустрэць апранутых у народныя строі, якія моцна мітусяцца зь нейкай цьмянай нагоды; яшчэ сустракаецца непрыгожая дзяўчына з млявым поглядам кудысьці ў неба або ўздоўж дарогі; і ўсе часта павольна рухаюць галавой зьнізу-ўверх, каб убачыць уверсе нешта… З кліпу ў кліп пераяжджаюць гэтыя пэрсанажы, такое ўражаньне, што ўсе задумана адным сумным прадусарам.
Сацрэалізм не адпускае нас з чэпкіх сваіх лап.
Я гатовы выйсьці з плякатам на вуліцу: «Нас выратуе экспэрымэнт і ўнутраная свабода выказваньня!»
Генадзь Прасьвіракоў, для TuzinFM.by, фота ultra-music.com
Назіральнік месяца — выканаўчы дырэктар кампаніі Dzida Music, якая аказвае паслугі букінг, мэнэджмэнту і прасоўваньня мясцовым артыстам, якія імкнуцца трапіць за межы краіны. Мэнэджар спэцыяльных праектаў у клюбе «Бруге». Лічыць сябе дасьведчаным слухачом музыкі з 40-гадовым досьведам. Штодня адслухоўвае музычныя навінкі, каб быць у курсе таго, што адбываецца ў сьвеце музыкі. У юнацтве граў на гітары, якая і дагэтуль вісіць, як ружжо на тэатральнай сьцяне. Жыў, працаваў і займаўся бізнэсам у Беларусі, Расеі, Чэхіі, Канадзе.
Пра сябе кажа: «Нарадзіўся — быў зьдзіўлены. Вучыўся — забілі галаву сьмецьцем. Выйшаў у жыцьцё: знаходзіў, губляў, хаваў, адкрываў, мяняў, праходзіў… сяброў, грошы, каханы, ілюзіі, надзеі, вочы, ісьціны, месцы, шляхі… Граў на гітары, ляпіў з гліны кубкі, ахоўваў краіну ад ворагаў і вадзіў параходы. Прачысьціў мазгі, расплюшчыў вочы. Ці радаваўся і перажываў, мэдытаваў і пагружаўся ў хаос… Пачаў адчуваць адносную розьніцу паміж рэальнасьцю і ілюзіямі. Стаў гаварыць замест дзьвюх словаў адно, замест двух крокаў — рабіць адзін. Навучыўся чакаць. Зразумеў, што ўсе шляхі кудысьці вядуць, і толькі ўласны — да свайго прызначэньня».
КАМЕНТАВАЦЬ