Ваенны Тузін: пачуцьці вышэй за ідэалёгію (аўдыё/відэа)
6267 / 2
07.05.2015

Ваенны Тузін: пачуцьці вышэй за ідэалёгію (аўдыё/відэа)

Партал TuzinFM з нагоды 70-годзьдзя Перамогі падрыхтаваў «Ваенны Тузін» зь беларускіх песень, аўтары якіх выйшлі за рамкі мэтаду сацыялістычнага рэалізму і прынцыпу партыйнасьці.

Сьвяткуючы чарговы Дзень Перамогі, мноства беларусаў будзе слухаць досыць стандартны набор песьняў, прысьвечаных той вайне, і ня стане разьбірацца, якія зь іх маюць хоць нейкае дачыненьне ўласна да Беларусі. Хіба толькі рэдкая ў агульным хоры песьня на беларускай мове дасьць нагоду для пэўных развагаў. Аднак і тут тоіцца небясьпека хуткіх высноваў, бо складанасьці зьявы, якой была для нашага краю апошняя вайна, усьведамляе зусім ня кожны сучасны грамадзянін. З савецкіх часоў у масавай сьвядомасьці працягвае існаваць спрошчанае ўспрыняцьце вайны як процістаяньня двух варожых бакоў (згадайма хрэстаматыйнае: «Как два различных полюса, // Во всём враждебны мы»). У такой сыстэме каардынатаў прыклады адваротныя «генэральнай лініі» існуюць як маргінальныя, нявартыя ўвагі. Адпаведна і музычнае асэнсаваньне вайны масавая сьвядомасьць успрымае праз прызму гэтай самай «лініі». Нездарма ў тэматычных музычных праектах тэлеканала АНТ, створаных у сярэдзіне нулявых гадоў да Дня Перамогі, амаль не было беларускіх песень ці песень наўпрост зьвязаных зь Беларусьсю. У «ваенным тузіне», які прапануецца тут вашай увазе, мы паспрабавалі і адысьці ад «генэральнай лініі», і пастарацца зірнуць на музычнае/песеннае ўвасабленне тэмы Другой сусьветнай вайны трохі шырэй, чым гэта робіцца звычайна.

12. «У гушчарах» (муз. Міколы Шчаглова, сл. Натальлі Арсеньневай)

Песьня была напісаная ў часы вайны на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Яе тэкст і ноты друкаваліся ў часопісах «Беларус на варце» і «Жыве Беларусь», якія дазвалялі выдаваць акупанты, выкарыстоўваючы спадзевы часткі беларусаў на стварэньне самастойнай дзяржавы пад апекай Нямеччыны. Песьня ў нейкай ступені адлюстроўвае гэтыя фатальныя ілюзіі, ворагамі «Беларусі залатой» называе расейскі бальшавізм і палякаў, але ніяк ня тых, хто прыйшоў сюды з мэтай пашырэньня свайго «жыцьцёвага прастору». У пазьнейшых рэдакцыях тэксту адпаведны радок карэктаваўся. Той жа факт, што «У гушчарах» ёсьць вайсковай песьняй з часам таксама быў зьнівэляваны карэкцыяй, калі першапачатковы радок «мы адвагай жаўнерскай гарым» загучаў як «мы адвагай юнацкай гарым». Арыгінальнага гукавога запісу першаснага варыянту гэтай песьні, хутчэй за ўсё, не існуе. Вашай увазе прапануецца рэканструкцыя, зробленая сучасным праектам «Беларус на варце» ў 2013 годзе.

11. «Песьня беларускіх партызан» (муз. Ісаака Любана, сл. Петруся Броўкі)

Сустракаюцца зьвесткі, што гэтая песьня зьявілася ў 1943 годзе. Але сам яе зьмест («как в битвах отстояли мы родную Беларусь») падказвае, што яна магла зьявіцца пазьней — пасьля вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі. Зрэшты, у тыя часы ў СССР былі прыклады, калі песьні ствараліся напярэдадні пэўных падзеяў (згадайма хаця б знакамітую «Принимай нас, Суоми-красавица», напісаную ў 1939 годзе, да пачатку вайны зь Фінляндыяй). Песьня вытрымана ў савецкіх ідэалягічных канонах, усхваляючы партызанаў, якія за «Беларусь Савецкую» насьмерць білі «выродков-псов, заклятых врагов», але ня згадваючы ані Сталіна, ані камуністычнай партыі. Нам пакуль невядома, ці існаваў варыянт песьні на беларускай мове, як можна было б меркаваць, ведаючы аўтара тэксту. Будзем удзячныя за вашы падказкі на гэты конт.

10. Павал Пракапеня «Czerwone maki na Monte Cassino» (муз. Альфрэда Шутца, сл. Фэлікса Канарскага)

У складзе Другога польскага корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса, які стаў асноўнай сілай чацьвертай атакі саюзнікаў у бітве пад Монтэ-Касына (інакш — бітва за Рым), знаходзілася шмат беларусаў. Сярод апошніх былі і музыкі — сьпевакі Пятро Конюх і Павал Пракапеня. Менавіта Пракапеня стане адным з выканаўцаў песьні «Чырвоныя макі на Монтэ-Касына», якая была напісана польскімі аўтарамі амаль адразу пасьля бітвы. Праўда, у ёй жаўнеры корпуса Андэрса названыя палякамі. Магчыма, што пад уплывам гэтай акалічнасьці беларускі паэт-эмігрант Міхась Кавыль у 1953 годзе напісаў верш «Макі»:

Можа, сэрцу мне даць адпачынак

На аблоні суцішных вятроў?

Макі, макі на Монтэ-Касына

Беларуская жывіць кроў.

Гэтыя паэтычныя радкі яшчэ чакаюць свайго песеннага ўвасабленьня.

9. «Лясная песьня» (муз. Уладзіміра Алоўнікава, сл. Адама Русака)

Песьня ўпершыню прагучала ў 1950 годзе. У ёй няма ні маршавай бравурнасьці, ні гімнавай пафаснасьці. Гэта спакойнае апавяданьне ад імя партызана, які прыгадвае часы «ляснога побыту» з усімі цяжкасьцямі і выпрабаваньнямі. Эмацыйны ўсплёск назіраецца толькі ў куплеце са зваротам да роднага краю — «ты навекі свабодны, за цябе я на бітву хадзіў», пасьля чаго эмацыйнасьць зноў згасае. «Лясная песьня» стала адной з галоўных песень партызанскай тэматыкі ў пасьляваеннай БССР. Многімі слухачамі ўспрымалася як народная. Прынамсі, пра гэта даводзілася неаднойчы чуць у перадачах беларускага радыё ў 1980-я гады. Прапануем запіс 1970 году з выкананьнем песьні хорам беларускага тэлебачаньня.

8. Віктар Вуячыч «Пасьля салюту наступае цішыня» (муз. Яўгена Глебава, сл. Пятруся Макаля, Анатоля Вярцінскага)

Красамоўная назва ўказвае на тое, што за парадным сьвяточным лоскам і бляскам павінен надысьці час роздуму, разважлівага асэнсаваньня падзеяў мінулай вайны. Па сутнасьці, песьня сьведчыць пра тое, што ня пышныя ўрачыстасьці, а менавіта жывая памяць пра вайну і палеглых падчас яе ёсьць галоўным напаўненьнем Сьвята Перамогі. Разважлівая цішыня пасьля салюту — гэта тая ж «акопная праўда» твораў Васіля Быкава пасьля твораў іншых аўтараў, якія імкнуліся вайну прыхарошыць. Але ж трэба разумець, што гэта вонкавая цішыня, бо ўнутры працягвае гарэць полымя.

7. Рыта Гладунко «Песьня Марыны» (муз. Ісаака Любана, сл. Адама Русака)

Песьня з кінафільму «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), які стаў мастацкім адлюстраваньнем барацьбы менскага савецкага падпольля супраць акупантаў. Галоўная фабула фільму — падрыхтоўка да замаху на кіраўніка генэральнай акругі «Беларусь» Вільгельма Кубэ і яго зьнішчэньне. Удзельнікі тых падзеяў у кінастужцы фігуруюць пад іншымі імёнамі і прозьвішчамі. І таму падпольшчыца Алена Мазанік, якая паводле афіцыйнай вэрсіі падклала ў ложак Кубэ гадзіньнікавыя міны, тут пададзена як Марына Казаніч. Адсюль і назва песьні, якая вельмі ўзрушліва гучыць у эпізодзе, калі немцы змушаюць гераіню прасьпяваць ім што-небудзь дзеля ўцехі. Гэты сьпеў — сымбаль нескаронасьці народнага духу і напамін пра тое, што творчасьць можа і павінна супраціўляцца гвалту. У тэксьце няма нейкіх адкрытых заклікаў, але зразумела, што яна гучыць ў піку настрояў акупантаў, якія пачуваліся гаспадарамі. Надрыў, зь якім песьню выконвала Рыта Гладунко, пакіне абыякавымі хіба прасмаленых цынікаў.

6. Siver «Хатнія рэчы» (муз. гурта Siver, сл. Аркадзя Куляшова)

У пачатку новага стагодзьдзя малады менскі гурт Siver узяўся за нечуваную для тых часоў рэч — стварэньне рок-опэры па матывах паэмы Аркадзя Куляшова «Сьцяг брыгады». Удзельнікі гурта, узяўшыся за пераасэнсаваньне «школьнай клясыкі» на партызанскую тэматыку, заглыбіліся ў паэму настолькі, што нечакана для сябе адкрылі ў ёй псыхадэлічнае адценьне. Музыкам заставалася толькі падкрэсьліць гэтую псыхадэлічнасьць, што і было зроблена ва ўсіх нумарах опэры. Не становіць тут вынятку і песьня «Хатнія рэчы». Матыў тужлівага разьвітаньня галоўнага героя паэмы Куляшова зь неадушаўлёнымі прадметамі і нават размовы зь імі сам па сабе быў нечым незвычайным для часоў панаваньня сацыялістычнага рэалізму. Гурт Siver ня толькі здолеў заўважыць гэты парадокс, але і пастараўся максымальна шчыра ўвасобіць яго ў мэлёдыі і сьпеве. Сама рок-опэра была афіцыйна выдадзена толькі праз 10 гадоў пасьля яе запісу.

5. Чысты голас «Плача белая бяроза» («Разлучыла нас вайна») (муз. Алега Елісеенкава, сл. Аляксандра Лягчылава)

Песьня атрымала папулярнасьць у Беларусі і на прасторах былога СССР, дзякуючы фільму «Вам — заданьне» (2004), для якога яна была створана. Паспрыялі папулярнасьці і выканаўцы — вакальны гурт «Чысты голас», уключыў яе ў свой сталы рэпэртуар і выконваў падчас эўрапейскіх гастроляў. Стваральнік песьні кампазытар Алег Елісеенкаў, разважаючы пра магчымасьці стварэньня сучаснай папулярнай песьні на ваенную тэматыку, мусіў прызнацца, што напісаць песьню не праблема, а загваздка ўзьнікае на шляху да масавага спажыўца. Пагаджаючыся з гэтым цьверджаньнем, мусім са шкадаваньнем адзначыць, што на шляху да масавага спажыўца не была данесена беларуская вэрсія вершу Аляксандра Лягчылава:

Плача белая бяроза

Ля радзімага акна.

Разлучыў ня час суровы,

Разлучыла нас вайна.

Разлучыў ня час суровы,

Разлучыла нас вайна.

Што праўда, актыўныя ў сеціве прыхільнікі і «Чыстага голасу», і гэтай канкрэтнай песьні пра беларускі тэкст ведаюць і аддаюць яму належнае.

4. Зьміцер Вайцюшкевіч «Дзявяты плач» (муз. Зьмітра Вайцюшкевіча, сл. Уладзімера Някляева)

Песьня была створана Зьмітром Вайцюшкевічам для альбома «Танга з ружай» (2006), усе нумары якога напісаныя на вершы Ўладзімера Някляева. У вершы «Дзявяты плач» на падсьвядомым узроўні адчуваюцца біблейскія матывы, а вайна не канкрэтызуецца, хаця і без таго зразумела, што адпраўным пунктам для яго напісаньня стала Другая сусьветная. Паэт ня столькі апявае перамогу, колькі з горыччу зьвяртае ўвагу на тонкую грань між мірным жыцьцём і вайной, на хісткасьць міру як такога. Урэшце простыя чалавечыя пачуцьці тут вышэй за ўсялякія ідэалёгіі. Падаецца, што Вайцюшкевіч здолеў улавіць гэты настрой, адчуць гэты нэрв, ствараючы песьню.

3. Pragnavit «Попел Хатыні» (муз. гурта Pragnavit)

Атмасфэрны трэк магілёўскага праекту Pragnavit зь міжнароднай складанкі «Хатынь: Tacet, Sed Loquitur» (2006), прысьвечанай хатынскай трагедыі. Ідэя складанкі была інсьпіраваная «Хатынскай аповесьцю» Алеся Адамовіча і фільмам Элема Клімава «Ідзі і глядзі». Твор магілёўцаў можна аднесьці да сутыку кірункаў dark ambient і ritual folk. Народныя матывы, індустрыяльныя шумы, тужлівыя мужчынскія напевы і жаночыя галашэньні ствараюць густое гукавое палатно, якое ўражвае глыбінёй сэнсаў, што адкрываюцца пры ўважлівым праслухоўваньні. Прапускаючы яго празь сьвядомасьць, рызыкуеш сутыкнуцца з жудаснымі вобразамі, супастаўнымі з вусьцішнасцю кадраў фільму Элема Клімава. Той самы выпадак, калі ненажэрнасьць молаху вайны выдатна ілюструецца амаль без вэрбальных сродкаў.

2. Песьняры «Беларускім партызанам» (муз. Уладзімера Мулявіна, сл. Янкі Купалы)

Песня з альбома «Праз усю вайну» (1985). Верш, на які яна была створаная, Янка Купала напісаў у 1941 годзе неўзабаве пасьля акупацыі немцамі ўсёй тэрыторыі БССР. Тэкст гучыць вельмі брутальна — кроў, косьці, людзкі жыр і ледзьве не праз кожны радок — разьня. Аднак Уладзімер Мулявін здолеў даць купалавым словам такую музычную абалонку, у якой яны становяцца нечым большым, чым звычайная агітка з надзеямі на моц народных мсьціўцаў і праклёнамі ў адрас ворагаў. Рок-опэрная стылістыка мэлёдыкі і манеры выкананьня робіць гэтую песьню ледзьве не ўнікальнай зьявай для беларускай музыкі таго часу.

1. Сябры «Два полі» (муз. Эдуарда Ханка, сл. Анатоля Вярцінскага)

Песьня, у якой удала спалучаюцца тэкст і мэлёдыя. Акапэльнае выкананьне ўзмацняе эфэкт узьдзеяньня на слухача. У песьні няма ні ўслаўленьня пераможцаў, ні пракляцьця ворагаў. Верш пабудаваны на кантрасьце двух сусьветаў — сусьвету сьветлага мірнага дзяцінства і сусьвету вайны. Цяпер можна спрачацца, што дзяцінства многіх беларусаў напярэдадні Другой сусьветнай не было такім ужо сонечным і бясхмарным. Але паэту варта дараваць гэтую ідэалізацыю хаця б за тое, што ў яго атрымалася выйсьці за рамкі мэтаду сацыялістычнага рэалізму і прынцыпу партыйнасьці і стварыць верш, абапіраючыся на агульначалавечыя каштоўнасьці.

Сяргей Балахонаў, Tuzin.fm, загалоўнае фота — кадар з кінафільму «Ідзі і глядзі»

Увага! Усе мр3-трэкі зьмешчаныя на ўласным канале парталу Tuzin.fm у сетцы Soundcloud.com ў парадку азнаямленьня ў адукацыйных мэтах безь перасьледваньня камэрцыйнага інтарэсу.

Паслухаць у адным плэй-лісьце

КАМЕНТАРЫ:

  • Dzmitry Ziankovich
    Dzmitry Ziankovich / адказаць
    07.05.2015 / 21:08

    Першая песенка зусім не ў тэму. У астатнім - добрая падборка. Дзяк.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    08.05.2015 / 11:32

    Першая - у сэнсе 12-ая ці першая ў сэнсе 1-ая? І патлумачце, калі ласка, чаму так лічыце, як нескладана.

  • КАМЕНТАВАЦЬ