Сяргей Картэс: «Спачатку ў Мінкульце былі ў жаху ад маіх твораў» (+рарытэт)
3009 / 0
27.06.2016

Сяргей Картэс: «Спачатку ў Мінкульце былі ў жаху ад маіх твораў» (+рарытэт)

У дзень разьвітаньня з Народным артыстам Беларусі у адмысловым выпуску рубрыкі !OUT мы упершыню публікуем інтэрвію зь Сяргеем Альбэртавічам і саўндтрэк, які кампазытар стварыў разам зь «Песьнярамі» да фільму «Раскіданае гняздо».

Памёр беларускі кампазытар родам з Чылі Сяргей Картэс. Яму быў 81 год. Менавіта Картэс першым увёў у беларускую акадэмічную музыку лацінаамэрыканскую тэматыку. Ягоны «Джардана Бруна» лічыцца першай авангарднай опэрай у Беларусі. На рахунку маэстра маса апрацовак беларускага фальклёру, музыкі для тэатру й кіно. Ён неаднойчы натхняўся паэзіяй Янкі Купалы, а саўндтрэк да фільму «Раскіданае гняздо» пісаў адмыслова пад «Песьняроў». Пра гэта ды іншае аўтар распавёў у інтэрвію напярэдадні свайго 80-годзьдзя, якое публікуецца ўпершыню разам з саўндтрэкам да кінастужкі.

ТГ: Вашыя бацькі да Беларусі ніякага дачыненьня ня мелі?

Сяргей Картэс: Не, бацька — чыліец. А маці нарадзілася ў Пецярбурзе, як і бабуля, і айчым маёй мамы.

ТГ: Яны зьбеглі з Расеі з-за бальшавікоў?

Сяргей Картэс: Так, уначы праз заледзянелы Фінскі заліў.

ТГ: Ці вялікі быў кантраст між Лацінскай Амэрыкай і СССР, калі Вашая сям’я сюды ўрэшце вярнулася ў 1955 годзе?

Сяргей Картэс: Канечне.

ТГ: У лепшы бок ці ў горшы?

Сяргей Картэс: На такія пытаньні я не адказваю. Там вайны не было, а тут толькі 10 гадоў прайшло пасьля канца вайны.

ТГ: Папросту вялікая розьніца мусіла быць нават у культурным пляне.

Сяргей Картэс: Так. Уплыў таго, што адбывалася ў мастацтве да сьмерці Сталіна, вельмі адчуваўся. Я помню нават такі выпадак, калі прайшоў час, дазвалялася ўсё, не лічылася, напрыклад, што Шастаковіч — гэта фармалізм, але падчас выкананьня ягонае сымфоніі людзі прынцыпова ўставалі й выходзілі з залі. То бок, тое, што мне здавалася, даўно прайшло, у Беларусі толькі адкрывалася.

ТГ: Вашага «Джардана Бруна» называюць першым буйным авангардным творам у Беларусі.

Сяргей Картэс: Гэта прыемна чуць. Хаця я б не сказаў, што ён вельмі авангардны. Але для беларускай опэры гэта была зусім іншая музыка. Напачатку рознае было стаўленьне. Зноў жа ў міністэрстве культуры былі людзі, якія яшчэ жылі нібыта ў сталінскай эпосе. Помню, нехта зь Мінкульту прыходзіў на рэпэтыцыю й застаўся ў жаху ад пачутага. А на прэм’еру прыйшоў другі сакратар кампартыі, былы вайсковы лётчык, і яму вельмі спадабалася. Ён палічыў, што опэра «Джардана Бруна» мае высокі «каэфіцыент карыснага дзеяньня». І тады той чыноўнік зь Мінкульту, сустрэўшы мяне, мовіў: «Вось, зусім іншая справа!» Пасьля паказу опэры ў Маскве таксама адзін сакратар родам зь Беларусі ў мяне спытаўся: «Скажыце, а ў якім партызанскім атрадзе змагаўся Джардана Бруна?» Я яму адказаў: «У кожным».

ТГ: Праглядаючы сьпіс Вашых твораў, можна заўважыць, што Вы часьцяком зьвяртаецеся да беларускай паэзіі і фальклору. Мо, была такая ўстаноўка зьверху?

Сяргей Картэс: Мне было гэта цікава, ніхто не прымушаў. Я вельмі палюбіў Янку Купалу, быў уражаны ягонымі раньнімі вершамі, паводле якіх напісаў араторыю.

ТГ: А што тычыцца «Раскіданага гнязда», спачатку Вы стварылі музыку для тэатральнай пастаноўкі?

Сяргей Картэс: Так, яе ставіў Барыс Луцэнка, як і фільм. Карціна атрымалася вельмі добрай, цікавай, незвычайнай… А потым прыйшлі ды ўсё незвычайнае адрэзалі. Луцэнка нават хацеў адмовіцца ад свайго прозьвішча ў тытрах, але яго прымусілі застацца. Многія музычныя кавалкі таксама паляцелі вонкі.

На фота: ансамбль «Песьняры» ўзору 1982 году

ТГ: А хто вырашыў зьвярнуцца да «Песьняроў»?

Сяргей Картэс: Я сам. Я хацеў, каб менавіта яны выканалі фінальны сьпеў. Мулявін хутка ўсё зрабіў. Чулі? «А хто там ідзе, а хто там ідзе? — Беларусы!».

ТГ: Канешне, у фільме, акром гэтай, яшчэ 4 песьні гучыць. А запісана іх было, быццам бы, ажно 11.

Сяргей Картэс: Сур’ёзна? Я ня памятаю проста. А ў Вас яны ёсьць? Зрабіце копію, калі ласка.

Песьні Сяргея Картэса да фільму «Раскіданае гняздо», 1982 г. Выконвае ВІА «Песьняры».

Увага! Рэдакцыя Tuzin.fm не перасьледуе камэрцыйных мэтаў і разьмяшчае трэкі з уласных архіваў выключна для азнаямленьня і для захаваньня памяці пра кампазытара.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з фэйсбуку кампазытара