Кліп Re1ikt з Ваданосавай у галоўнай ролі — найлепшы ў гэтую восень на TuzinFM (відэа)
5218 / 0
06.12.2017

Кліп Re1ikt з Ваданосавай у галоўнай ролі — найлепшы ў гэтую восень на TuzinFM (відэа)

Ролік «Дробненькі дожджык» рэжысэра Ігара Гусева перамог у першым туры відэачарту ў сэзоне 2017/2018.

532 галасы набраў кліп Re1ikt цягам галасаваньня ў чарце і адарваўся ад другога месца ажно на 238 лайкаў. Музыкі цешацца зь перамогі:  «Уявіце сабе, як людзі наведваюць „Тузін“ і аглядаюць доўгі сьпіс цудоўных музычных відэа. Сярод іх бачаць Re1ikt і аддаюць свой голас. Такія рэчы вельмі натхняюць празь сябе прапускаеш усе гэтыя эмоцыі, часам ня можаш уявіць як гэта, але калі атрымліваецца ў думках уявіць усіх слухачоў, калі атрымліваецца адчуць усю іх цеплыню, усе эмоцыі то сам факт перамогі становіцца сымбалем гэтага душэўнага яднаньня. Так, мы разам!» — сказаў лідэр Re1ikt Алесь Дземідзенка. З нагоды перамогі на TuzinFM кліпу выказалася таксама сьпявачка і мадэлька Кацярына Ваданосава, якая сыграла ў «Дробненькім дожджыку» галоўную ролю: «Маё эга пацешылася ажно двойчы — на „Тузіне“ перамагла песьня і кліп, да якога я маю дачыненьне. Я вельмі радая за Re1ikt — шчыра люблю іх музыку і дзякую ім за магчымасьць пражыць на экране іншае маленечкае жыцьцё».

Алесь кажа, што ён ды іншыя ўдзельнікі каманды таксама ўдзельнічалі ў галасаваньні, прычым практычна за ўсіх удзельнікаў туру. Асобна музыка вылучае кліп на песьню «Шпаркія хвалі» гурту «Мерада», бо дапамагаў у стварэньні гэтага роліку.

Лідэр Re1ikt таямніча намякае на тое, што будзе працяг тэмы, закранутай у песьні «Дробненькі дожджык»: «Не магу пакуль распавядаць падрабязнасьці, скажу толькі, што мы працуем на новым узроўні і той матэрыял, які створаны на дадзены момант, захапляе ўсіх людзей, якім пашчасьціла яго пачуць. Таксама дадам, што нашых прыхільнікаў чакае яшчэ адзін сюрпрыз, зьвязаны зь „Лекавымі травамі“, так бы мовіць фізычнае ўвасабленьне». Сачыць на навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM