!OUT памяці Зьмітра Сідаровіча. Ад барда да дудара (аўдыё)
Tuzin.fm прадстаўляе 12 найбольш знакавых твораў Зьмітра Сідаровіча (1965—2014).
Зьміцер Сідаровіч — той, хто вярнуў тэрміну «бард» у тутэйшых варунках старажытны кельцкі сэнс. То бок, асацыятыўна зьвязаў гэтае паняцьце не са сьпевамі пад гітару ля вогнішча ў швэдры, а з асобнай кастай жрацоў, з гісторыяй ВКЛ і фальклёрам. На сваім прыкладзе Сідаровіч спраўдзіў той факт, што бардаўскі сьпеў і народная музыка — паняцьці тоесныя.
1. Зьміцер Сідаровіч «Які ж я беларус?» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Гэтую першую песьню па-беларуску Зьміцер Сідаровіч напісаў пасьля таго, як наведаў Беласток у 1986 годзе. Па словах Зьмітра, на Падляшшы ён упершыню сустрэў беларусаў, якія «сьвядома размаўлялі на роднай мове й бачылі ў тым сваю місію на Зямлі». Карэннаму менчуку Сідаровічу стала папросту сорамна. Зь песьні «Які ж я беларус?» бард традыцыйна распачынаў выступы. Яе ж напрыканцы 1980-х гадоў падхапілі наваполацкі бард Сяржук Сокалаў-Воюш і віцебскі рок-гурт «Грамада».
На фота: Сяржук Сокалаў-Воюш і Зьміцер Сідаровіч
2. Зьміцер Сідаровіч «Я, панове, дудар» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Запіс быў зроблены, мяркуючы з усяго, пры канцы 1980-х — напачатку 1990-х гадоў. Хаця граць на дудзе Зьміцер навучыўся толькі ў «нулявых». З усіх магчымых беларускіх відаў гэтага інструмэнта ён абраў віцебскую трохбурдонную мацянку. Асвойваў з дапамогай майстра Тодара Кашкурэвіча. «Фальклёр пастаянна быў ўва мне, а я ў ім», — казаў Зьміцер. Відавочна, што калі доўгі час сьпяваеш пра дуду, то абавязкована рана ці позна на ёй зайграеш.
3. Камэлот «Ясна панна мая» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
У гурце «Камэлот» ўзору 1993 году Зьміцер Сідаровіч меў статус ня толькі асноўнага аўтара, але й вакаліста. У такім фармаце менскія мэнэстрэлі запісалі ў розных студыях на назапашаныя грошы першыя сем песень. Зьміцер называў тыя запісы «чыставым варыянтам чарнавіку». Яму ня надта падабаўся ўласны голас. Вакальныя заняткі яшчэ былі наперадзе.
4. Камэлот «Краіна талераў» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Адзіны альбом «Камэлоту» — «У Краіне Талераў» — быў запісаны ў лютым 1995 году ў хатніх умовах. На час гукасэсіі музыкі ўзялі на сваіх асноўных працах адпачынак за свой кошт. Пасаду лідэр-вакаліста заняў Анатоль Басай. Блёк-флейты пазычыў Зьміцер Вайцюшкевіч. Запіс неадраразова правыдаваўся на касэтах і CD. Альбом стаў своеасаблівым наварыцарскім канонам, практычна ўсе песьні займелі ранг гітоў. «Камэлот» запачаткаваў цэлы кірунак — песьні для сучасных Дон Кіхотаў.
5. Кудмень «А дзе ж тыя ваяры?» (музыка — народная, словы — Зьм. Сідаровіча)
Твор стаў у поўным сэнсе народным. Ён трапіў і ў альбом «Камэлоту», і ў вэрсіі фольк-гурту «Кудмень» на складанку «Легенды Вялікага Княства» (2001). Насамрэч, цалкам народнае паходжаньне мае толькі мэлёдыя. Яна была зафіксаваная ў Любані пад Менскам напачатку 1990-х гадоў. Словы належаць Зьмітру. Аднак пазьней адшукалася й аўтэнтычная вэрсія тэксту, якая апынулася на дзіва блізкай па тэме — рэкруцкай: «Сядзіць сокал на таполі, пяе песьню аб няволі…»
6. Стары Ольса «Нямон» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Пасьля сыходу з «Камэлоту» Зьміцер Сідаровіч доўга шукаў новых аднадумцаў. Адным зь іх стаў лідэр гурту «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі. Супольны запіс двух Зьмітроў адбыўся ў Гомелі. Апошні куплет «Нямона» Сідаровіч напісаў у цягніку. Песьня ўяўнага плытагона трапіла на альбом «Старога Ольсы» «Вір» (2001).
На фота: фэстываль «Жыдовішча-2009». Зьміцер Сідаровіч — у чырвонай суколцы з дудой. Акром яго, можна пабачыць Лявона Паўлёнка з джамбеем («Нагуаль»), Тацяну Матафонаву са скрыпкай і гурт Minsker Kapelye.
7. Гаспадары з-пад Вільні «Пена піва» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Лёгкі казус: адзіным гітом альбома «Старога Ольсы» «Вір» стала песьня, да якой Зьміцер Сасноўскі ня меў ніякага дачыненьня. Трэк «Пена піва» запісаны Зьмітром Сідаровічам разам з гуртом «Аварыйнае выйсьце». Свой сумесны праект яны ахрысьцілі па-каліноўску — «Гаспадары з-пад Вільні». Цяпер песьня часта выконваецца на застольлях. Яе нават хацеў перасьпяваць Лявон Вольскі з «Крамбамбуляй», калі плянаваў «Піўны альбом». Між іншым, сам Сідаровіч прызнаваўся, што піва ня надта шануе, і песьня зусім не пра тое. Па словах аўтара, яна распавядае пра цяжкасьць выбару.
8. Вербіца «Ойра» (музыка — народная)
Матроскі, партовы, як меркаваў Зьміцер Сідаровіч, танец «Ойра» ўвайшоў на кружэлку «Танцуем зь Вербіцай». Лідэр фольк-ансамблю «Вербіца» Алесь Сьвірскі ў 2007 годзе прапанаваў дудару Зьмітру запісаць альбом беларускіх танцаў. Запіс адбыўся на сцэне Палацу культуры МАЗ за некалькі гадзінаў бяз публікі й рэпэтыцыяў. Зьміцер зьвяртаў увагу на тое, што ў гэтым альбоме ёсьць «элемэнт сэйшану, элемэнт джазу, калі канкрэтнае выкананьне — гэта імправізацыя, будзе іншае выкананьне — будзе іншы твор». Традыцыйныя танцы зь «Вербіцай» нядаўна набылі й відэавырашэньне, толькі Зьміцер Сідаровіч не пасьпеў яго пабачыць.
На фота: Зьміцер Сідаровіч і Алесь Сьвірскі
9. Дзіцячы альбом (ч. 1) «Ішоў казёл мастом» (музыка й словы — народныя)
Першая частка праекту «Дзіцячы альбом» пабачыла сьвет у 2010 годзе. Зьміцер Сідаровіч працаваў на альбомам у хатняй студыі цягам пяць гадоў. Далучыў да супрацы сьпявачку й скрыпачку Тацяну Матафонаву й дзяцей. Кружэлку цалкам запоўнілі апрацоўкі дзіцячага фальклёру ў духу вясёлага хатняга абсурду. Аранжыроўка канкрэтна «Казла» натхнёная Boney M, а сам народны сьпеў этымалягічна зьвязаны са шлягерам Піта Сыгера «Where Have All the Flowers Gone?».
10. Дзіцячы альбом (ч. 2) «Акулярык» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Другую частку «Дзіцячага альбома» склаў ня толькі фальклёр, але й «Школьная нізка» — цыкль песень Зьмітра Сідаровіча пра ўзаемаадносіны настаўнікаў і школьнікаў. У запісе паўдзельнічалі амаль два дзясяткі пэрсонаў. У песьні «Акулярык» сола на клярнэце выканаў джазмэн Віталь Ямуцееў.
На фота: Зьміцер Сідаровіч і Тацяна Матафонава-Грыневіч у Атлянтык-Сіці (ЗША)
11. Зьміцер Сідаровіч «Струны» (музыка й словы Зьм. Сідаровіча)
Сярод адносна нядаўніх напрацовак Зьмітра — нізка песень пра «жаночыя хібы», запісаная ў дэма-варыянце. Песьня «Струны» ўвайшла ў складанку «100 Бардаў Свабоды». Акром таго, апошнім часам пан Сідаровіч займаўся рэканструкцыяй піўных і застольных сьпеваў, супрацоўнічаў з паэтычным тэатрам Арт.С, ставіў хатнія м’юзыклы ў сядзібе «Марцінова Гусь».
12. Зьміцер і Тамаш Сідаровічы «Unnamed» (музыка Зьм. Сідаровіча)
Гэты мэлядычны накід, запісаны разам з сынам, Зьміцер Сідаровіч разаслаў сябрам незадаўга да скону, напачатку траўня. Безназоўны трэк суправаджала пытаньне: «А пра што можа быць такая песенька?»…
Спампаваць складанку памяці Зьмітра Сідаровіча адным файлам на Tuzin.fm.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з старонкі Зьмітра Сідаровіча
КАМЕНТАВАЦЬ