Памёр Міхал Анемпадыстаў
9975 / 2
24.01.2018

Памёр Міхал Анемпадыстаў

Як стала вядома парталу TuzinFM, у стваральніка «Народнага альбому» здарыўся інсульт. Ён памёр уначы 23 студзеня.

У ноч на 23 студзеня Міхал адчуў сябе кепска. Выклікалі хуткую дапамогу. Аказалася — інсульт. Яго даставілі ў бальніцу, дзе ён памёр.

Міхал — адзін з стваральнікаў беларускай рок-паэзіі, аўтар знакавых беларускіх песень, а таксама дызайнэр, графік, паэт, публіцыст, фатограф. Нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 году. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1979—1983), удзельнік суполкі «Майстроўня». Ён працаваў у галіне плякату, ужытковай і станкавай графікі, фатаграфіі і графічнага дызайну, зьяўляўся сябрам праўленьня Беларускага саюзу дызайнэраў. Яго творы экспанаваліся на выставах з 1987 году, першая пэрсанальная выстава Міхала адбылася ў 1993 годзе ў Бэрліне.

Песьня «Мая краіна» ў выкананьні Касі Камоцкай на словы Міхала Анемпадыстава

Анемпадыстава можна лічыць адным з стваральнікаў нацыянальнай рок-паэзіі. Тэксты на яго вершы ўвайшлі ў рэпэртуар Касі Камоцкай і гурту «Новае Неба» (самыя вядомыя — «Мая краіна», «Чаканьне Калядаў», «Цэпэліны»),  гурту N.R.M. («25, 26, 27…», «Lalalala»), Зьмітра ВайцюшкевічаIQ48. Ён аўтар канцэпцыі і тэкстаў да «Народнага альбому» (1997), названага альбомам году ў беларускай музыцы на «Рок-Каранацыі». Таксама на гэтай цырымоніі быў адзначаны за «Ўнёсак у беларускую музыку» (1996), «Тэксты году» (1997) і спэцпрызам БАЖ (1997).

Фільм «Ненаўмысны шэдэўр» пра праект «Народны альбом»

Менавіта Міхал пераклаў польскія гіты часоў «Салідарнасьці» для праекту «Салідарны зь Беларусьсю». У 2006 годзе партал «Тузін Гітоў» прызнаў Анемпадыстава «Чалавекам году» — песьня ў ягоным перакладзе з польскай «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Лявона Вольскага ды Ігара Варашкевіча стала гітом году, у лік найлепшых песень трапіла таксама «Схаванае сэрца» яго аўтарства ў выкананьні гурта IQ48. З гэтай нагоды быў праведзены «Бэніфэст Анемпадыстава» з удзелам шэрагу гуртоў і выканаўцаў, зь якімі супрацоўнічаў Міхал.

TuzinFM спачувае родным і блізкім гэтага выдатнага чалавека!

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    24.01.2018 / 21:36

    Дзякуй тым, хто адгукнуўся і падтрымаў сям’ю Міхала Анемпадыстава.
    Пералічыць грошы таксама можна на банкаўскія рахункі, сродкі пойдуць на пахаваньне і на будучы помнік Міхалу.

    Разьвітаньне і грамадзянская паніхіда адбудуцца ў чацьвер, 25 студзеня ў прасторы “ОК-16” (вуліца Кастрычніцкая, 16) з 11.00 да 14.00
    Крэмацыя адбудзецца на Паўночных могілках у 15.30
    Пахаваюць Міхала на Чыжоўскіх могілках

    Рэквізіты
    (рахунак жонкі Міхала ў беларускіх рублях)
    ЗАТ “БСБ Банк”УНП 807000069
    БІК UNBSBY2X
    Транзітны рахунак банка – BY37UNBS38128000000560000933
    На карысьць Дашкевіч Алены Георгіеўны
    Карт-рахунак BY85UNBS30145180001858050933

    (рахунак дачкі Міхала ў эўра)
    UnCreditBank Czech Rebublic and Slovakia
    IBAN CZ9527000000002112171077
    2112854077/2700

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    24.01.2018 / 23:41

    не верыцца

  • КАМЕНТАВАЦЬ