Новы супольны праект! Музыкі запішуць песьні на вершы расстраляных паэтаў (відэа)
Партал TuzinFM распачынае праект «(Не) расстраляная паэзія», у якім возьмуць удзел Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Cьвета Бень, Кацярына Ваданосава, гурты Dzieciuki, Vuraj, Re1ikt, Akute ды іншыя вядучыя беларускія музыкі.
Удзельнікі праекту створаць песьні на вершы паэтаў, якія былі расстраляныя 29 кастрычніка 1937 году. Кожны ўжо абраў «свайго» паэта. Гурт Naka, напрыклад, напіша музыку на адзін з твораў Валерыя Маракова, рэпэрVinsent — Зяму Піваварава, TonqiXod узяў Тодара Кляшторнага, а Pomidor/off — Майсея Кульбака. Усяго паўстане 12 новых кампазыцыяў ад 12 выканаўцаў.
«Мы не дамо сьцерці з народнай памяці творы і твары беларускіх паэтаў Расстралянага Адраджэньня. З дапамогай нашага праекту мы хочам сказаць, што хоць аўтары і расстраляныя, іх творчую спадчыну зьнішчыць немагчыма, — зазначае кіраўнік праекту Сяргей Будкін. — Мы аддаем даніну павагі паэтам і ўключаем іх творчасьць у сучасны культурны кантэкст: іх вершы амаль праз 100 гадоў пасьля іх напісаньня стануць песьнямі. І каб усё атрымалася прыгожа і якасна, мы заклікаем падтрымаць праект кожнага, каму неабыякавая гэтая тэма».
Адмыслова да праекту рэжысэр Арцём Лобач зрабіў прома-ролік, у якім зьняліся Павал Харланчук, Андрэй Саўчанка і Алена Гіранок.
Ужо стартавала краўдфандынгавая кампанія на Talaka.by. Тыя, хто падтрымае праект, атрымае запрашэньні на канцэртную прэзэнтацыю, а таксама іншыя прыемныя падарункі. Сярод якіх — «маўклівыя кнігі» — нататнікі з выявамі паэтаў ды цытатамі зь іх твораў. «Гэта мэтафара перарванай творчасьці, помнік ненапісанаму, недастворанаму, непрачытанаму. Гэта магчымасьць адчуць пэрсанальную повязь з творцам, працягнуць ягоную справу, запоўніць старонкі словам», — гэтак тлумачыць ідэю Кацярына Пікірэня, якая цяпер працуе над дызайнэрскай сэрыяй з 12 нататнікаў-кніг.
Таксама ў межах праекту «(Не) расстраляная паэзія» мяркуецца зладзіць 12 адкрытых лекцыяў. Кожную зь іх правядзе знаўца жыцьця і творчасьці канкрэтнага паэта разам з музыкамі. Падчас лекцыяў упершыню будуць зайграныя ўжывую песьні з праекту.
Кампанія па зборы сродкаў на рэалізацыю праекту будзе ісьці два месяцы. Запрашаем далучыцца да важнай справы!
Канцэртная прэзэнтацыя праекту адбудзецца 29 кастрычніка 2017 году — роўна праз 80 гадоў пасьля той жахлівай ночы, калі ў турме наркамату ўнутраных справаў БССР былі расстраляныя 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Падтрымаць праект
TuzinFM, ілюстрацыі Насты Шастак
http://h-a-z-e.org/archives/473#.WQgTS9LyjGh
КАМЕНТАВАЦЬ