Стартаваў прыём заявак на конкурс маладых гуртоў «Басовішча-2018»
Арганізатары найстарэйшага фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча» абвесьцілі старт першага этапу конкурсу маладых гуртоў. Заяўкі прымаюцца з 26 лютага да 26 сакавіка 2018 году.
Традыцыйна да ўдзелу запрашаюцца гурты-пачаткоўцы зь сярэднім узростам удзельнікаў да 30 гадоў ды пераважна беларускамоўным рэпэртуарам. Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць форму.
«Мы як новае пакаленьне арганізатараў „Басовішча“ імкнемся годна працягваць традыцыі, закладзеныя амаль 30 гадоў таму, але пры гэтым прапаноўваць слухачам актуальнае гучаньне ды адкрываць новыя імёны. Менавіта таму мы лічым Конкурс асабліва важнай часткай фэсту, — камэнтуе каардынатарка конкурсу Лідзія Пякарская. — Вельмі прыемна назіраць за посьпехамі ляўрэатаў мінулых гадоў — Naviband, TonqiXod, .K, Teleport — ды разумець, што перамога на конкурсе ў свой час зрабіла ўнёсак у іх развіцьцё».
Па выніках першага этапу восем гуртоў-паўфіналістаў атрымаюць магчымасьць зайграць на канцэртным праслухоўваньні «Адборышча» ў адным зь менскіх клюбаў 11 траўня. Пасьля чаго чацьвёра фіналістаў выступяць на галоўнай сцэне «Басовішча-2018» 20 ліпеня.
Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, магчымасьць выступіць у другі дзень фэстывалю, гарантаванае месца ў праграме «Басовішча-2019» ды ратацыю песень у этэры «Беларускага Радыё Рацыя».
«Басовішча» — найстарэйшы беларускі музычны фэстываль, які праводзіцца з 1990 году «Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў» на Падляшшы. Сёлета ён пройдзе ў 29-ы раз. Цяпер яго ладзяць дзеці тых беларусаў Польшчы, якія калісьці распачыналі рух. У розныя гады у конкурсе маладых гуртоў перамагалі «Мясцовы час», «КальЯн», Deviation, Znich, IQ48, Indiga, Mauzer, «Глюкі», Akute, :B:N:, Sciana ды іншыя.
За навінамі XXIX фэстывалю музыкі маладой Беларусі можна сачыць праз афіцыйную старонку «Басовішча» ў Facebook.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ