«Мы хацелі быць шчырымі з сабой і са сьветам». Партрэт беларускага панку (фота/аўдыё/відэа)
6893 / 0
26.03.2018

«Мы хацелі быць шчырымі з сабой і са сьветам». Партрэт беларускага панку (фота/аўдыё/відэа)

Што такое беларускі панк? Калі і адкуль ён зьявіўся? І хто яны — тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў першых панк-варушняках? Чым яны жылі і што імі кіравала? TuzinFM распавядае гісторыю беларускага панк-руху.

Мы з Андрусём больш за 15 гадоў суседзі. Ён ­­звычайны з выгляду мужчына ўзростам за 40 працоўнай прафэсіі. Рост і камплекцыя сярэднія. Аднойчы мы сустрэліся каля пад’езду.

— Як маесься?

— Ай, у развагах. Думаю, што б такога напісаць пра 90-я.

— Калі сам тады ня жыў, то так проста не напішаш. Я быў нефармалам у тыя часы, панкам, ты ведаў?

— Не. Распавядзеш?

Падымаемся на сёмы паверх па лесьвіцы. Андрусь кажа, што ўсё сьвядомае жыцьцё лічыць сябе панкам і больш за 15 гадоў не ўжывае алькаголю. Заходзім, заварваем у імбрыку гарбату зь зёлак.

«90-я былі вірлівым часам. Развалілася краіна, у якой вырасьлі чатыры пакаленьні людзей. Здавалася б зь ніадкуль узяліся дзясяткі і сотні палітычных арганізацыяў, грамадзкіх рухаў і разнамасных фрыкаў. Усе нечага чакалі. Зьменаў.

У руху нефармалаў — рокераў, мэталістаў, скінгэдаў — была поўная мешаніна. Усе тусаваліся ў адных і тых жа месцах, хадзілі на адны і тыя ж канцэрты. Але было шмат канфліктаў, бо людзі насамрэч разыходзіліся. Гэта было сапраўднае балота. У пэўны момант узьнікла жаданьне і патрэба як мага хутчэй расставіць усе кропкі над „і“. Хацелася адкрыта казаць пра тое, што нам не падабаецца. Пра мянтоў, фашню, чыноўнікаў і іншую нечысьць. Так і зьявіўся наш панк-рок. Мы хацелі быць шчырымі і з сабой і са сьветам».

Уводзіны ў панк-культуру, гісторыя беларускага панкаўскага самвыдату і зараджэньня ў Беларусі стрэйт-эйджу, а таксама расповеды былой вакалісткі гурту Contra la Contra і адной з стваральніцаў панкаўскага фэнзіну Wargazm Сашай Клоп ды ўдзельніка гуртоў Green Brain Art’s Band Inc., Hate to State, 451 F, выдаўца фэнзіну Don’t Panic і стваральніка дыстры No Manipulatio Ігара Коніка пра пачаткі айчыннага панку з рарытэтнымі фота/аўдыё і відэаматэрыяламі — у лонгрыдзе TuzinFM. Працяг будзе!


Тэкст: Валер Тамілін, для TuzinFM

Фота: з архіваў герояў

Рэдактар: Сяргей Будкін, TuzinFM

Каардынатар: Антон Сурапін, БАЖ

Матэрыял створаны ўдзельнікам курсаў «10 крокаў да якаснай журналістыкі», арганізаваных Міжнароднай фэдэрацыяй журналістаў у партнэрстве з ГА «БАЖ»