!OUT: «Янкі з балота» — псыхадэлія па-беларуску (прэм’ера!)
3713 / 0
07.05.2015

!OUT: «Янкі з балота» — псыхадэлія па-беларуску (прэм’ера!)

Барадатая каманда The Yankees of Moor зь Менску прэзэнтуе на Tuzin.fm свой новы рэліз. Музыка «балотных Янкаў» умоўна вагаецца між псыхадэліяй і фанкам, між раньнім Pink Floyd і Red Hot Chili Peppers. Іх шоў не пазьбягаюць лёгкае тэатралізацыі, а выбар імя адсылае да Янкі Маўра — клясыка беларускае дзіцячае літаратуры.

The Yankees of Moor — з плыні ангельскамоўных індзі-рокавых бэндаў, якія запоўнялі беларускую музычную прастору ў другой палове 00-х. Іх назву можна перакласьці як «Янкі з балота». Імя сваёй камандзе хлопцы знайшлі, шпацыруючы па вуліцы Янкі Маўра ў Менску. За пяць гадоў існаваньня «янкі» выдалі міньён, пару злабадзённых сынглаў, а таксама міні-альбом «Let Children Play» (2011), у якім яны паказалі жыцьцё «вачыма дзяцей, якія глядзяць крутыя галівудзкія фільмы, мараць пра „закаханую Францыю“, шукаюць сябе і няспыннае весялосьці». Паводле сьцьвярджэньня групы, тое, што было яскравым і дзёрзкім у свой час, застаецца такім дагэтуль. Таму яны камбінуюць фанк, гаражны рок і грандж, натхняюцца Nirvana ды Дэвідам Лінчам. На канцэртах квартэт дапаўняе танцавальная падтрымка — неардынарны спадар Джэк.

Так, прынята лічыць, што псыхадэлічная музыка зьяўляецца пад узьдзеяньнем галюцынагенаў і слухаць яе лепей таксама ў скажоным стане. Ды і пачыналася ўсё з таго, што каліфарнійскія псыханаўты спрабавалі выявіць свае ўражаньні, атрыманыя ад ужываньня адпаведных кіслотаў. У 1967—1968 гадох псыхадэлічная рэвалюцыя закранула многіх і па-новаму размалявала сьвет. Цяпер у нашай краіне варта толькі зайграць трошкі не па правілах, як цябе адразу ж назавуць наркаманам ці шызафрэнікам. Між тым, многія сучасныя адэпты стылю адмаўляюцца ад любых стымулятараў. Тым больш, што ў перакладзе са старажытнагрэцкае «псыхадэлія» значыць «яснасьць душы».

Увогуле, не малы шэраг беларускіх гуртоў дадае ў сваё стылістычнае апісаньне тэрмін «псыхадэлія». Але хто зь іх гатовы да экспэрымэнтаў са сваёй сьвядомасьцю? Ахвяраваць здароўем дзеля дасягненьня творчых задачаў? На маю думку, псыхадэлія як музычны кірунак — гэта штосьці большае, чым проста энэргічнае, тэхнічнае, адладжанае граньне з адчуваньнем лёгкага пакаламучаньня глузду. Гэта музыка, якая з дапамогай быццам бы тыповых рокавых інструмэнтаў і спэцэфэктаў, сапраўды рассоўвае межы ўспрыманьня, узносіць і растварае ў сабе. Гэтая музыка нараджаецца жыва і непасрэдна, у ёй шмат прасторы і нечаканасьцяў — ніхто ня ведае, што сустрэнецца на шляху, чым скончыцца, чарговы мужны «трып». Яе стыхія — свабода, абрываньне любых сувязяў, усяго, што перашкаджае чыстае радасьці. У кожным такце — дынаміка, рух, набліжэньне… Усё ж, калі псыхадэлічныя пошукі, якімі заняліся The Yankees of Moor стануць у Беларусі трэндам — нас чакае ўразьлівая будучыня.

The Yankees of  Moor прэзэнтуе на Tuzin.fm свой сьвежы рэліз — міні-альбом з шасьці трэкаў. Лідэр-гітарыст The Yankees of Moor Антоніё Сан з гэтай нагоды распавёў, каго б гурт хацеў зьдзівіць у першую чаргу.

ТГ: Пытаньне ў лоб. Як вы змаглі пратрымацца да гэтага часу, калі большасьць менскіх ангельскамоўных індзі-гуртоў, што ўзьніклі на мяжы «нулявых» і «дзясятых» гадоў, развалілася? Вы існуеце 5 гадоў, але таксама, здаецца, зь некаторымі паўзамі?

Антоніё: У групы Oasis ёсьць файная песьня «Keep the Dream Alive»… Захоўваць мрою няпроста, але калі побач аднадумцы, дык ім у кайф граць музыку, ад якой у цябе мурашкі па сьпіне, — гэта вялікі посьпех. Усё працягваецца пакуль людзі кажуць нам: «Тое, што вы робіце — крута!»

ТГ: Вы прэзэнтуеце ўжо невядома, які па ліку EP. А калі будзе паўнавартасны альбом? 

Антоніё: Гэта й ёсьць альбом. Міні-альбом, калі хочаце. Папросту ніколі не атрымоўвалася праслухаць чыйсьці рэліз, які складаецца, напрыклад, з 12 трэкаў, за раз. Тут уседлівасьць патрэбная. Нам цалкам хопіць нашых 10 хвілінаў славы.

ТГ: Якія кампазыцыі адабралі для рэлізу й чаму менавіта гэтыя?

Антоніё: Запісваліся бюджэтна й доўга. Зьявілася яшчэ шмат іншых цудоўных твораў. Але з-за недахопу фінансаў ня ўсе трэкі былі запісаныя. Няпроста знаходзіць час на музыку. Таму вельмі радыя, калі іншыя музыкі, кліпмэйкеры ды папросту неабыякавыя людзі нам дапамагаюць. Мы гатовыя да супрацы любога кшталту.

ТГ: А што вам усё ж бліжэй псыхадэлія ці фанк? Ці не хацелі б сканцэнтравацца выключна на інструмэнталах альбо засьпяваць на іншых мовах, акром ангельскай?

Антоніё: А хто вам бліжэй — тата ці мама? Мы — гэта тое, што мы слухаем. Увесь матэрыял узьнік на падставе досьведу ад таго, што пачулі й пабачылі. А межаў няма. Часам сьпяваем па-расейску, часам строім дурня, часам чыста джэмім цягам рэпэтыцыі. Заўжды вельмі цешымся, калі нараджаецца нехарактэрны трэк. Зьдзіўляць варта, але перадусім саміх сябе.

ТГ: Ці працягваеце, як і раней, выступаць з танцорам Джэкам і тэатрам пэрформансу?

Антоніё: А як жа! Джэк — ня толькі танцор, але яшчэ й таленавіты музыка. Прыходзьце на канцэрты — самі ўбачыце.

ТГ: Пытаньне, магчыма, з разраду трызьненьня. Ці не хацелі б зрабіць жывы саўндтрэк да нямога фільму «Палескія Рабінзоны»?

Антоніё: Выдатная ідэя. Атрымалася б нешта зусім новае — старая гісторыя на новы лад. Наогул, хацелася б паспрабаваць і з кіно, і з саўндтрэкамі да гульняў. Прывітаньне распрацоўшчыкам!

Сачыць за The Yankees of Moor можна на наступных старонках

Афіцыйная суполка                                       Youtube-канал                                   Старонка на Purevolume

 

Віктар Сямашка, Tuzin.fm