Кірыла Насаеў. Як украінец паяднаў беларусаў (аўдыё/відэа)
Пайшоў у іншы сьвет вядомы беларускі хормайстра, музыколяг і пэдагог Кірыла Насаеў. Згадваем ягоную гісторыю жыцьця, глядзім відэа і слухаем падборку знакавых твораў хораў пад ягоным кіраўніцтвам — «Унія», Fama Bona, Harmonia.
З Кірылам Насаевым мяне знаёмілі двойчы. Першы раз — на самым пачатку 00-х, калі я завітаў да Івана Кірчука, які жыў тады ў інтэрнаце на вуліцы Адоеўскага. У яго ў гасьцях якраз быў Кірыла. Ён тады натхнёна распавядаў пра свой хор «Менка» і свае музычныя задумы. Другі раз — пры канцы 00-х нас зьвёў Сяргей Дубавец, ля кнігарні «Логвінаў». Потым мы неаднойчы сустракаліся для інтэрвію, часам Кірыла сам тэлефанаваў, каб паведаміць пра тое, што ў яго адбываецца. Пашчасьціла зь ім пасупрацоўнічаць — для праекту TuzinFM ягоны хор «Унія» падрыхтаваў новую вэрсію «Пагоні» на словы Максіма Багдановіча і музыку Ўладзімера Мулявіна і зьняўся ў прома-роліку праекту «Re:Песьняры». У навагоднім канцэрце, які мы здымалі для тэлеканалу «Белсат» хор «Унія» падрыхтаваў супольны сьпеў зь дзявочым дуэтам Вера&Патрыцыя, якім мы разьвіталіся з 2015-м.
Кірыла Насаеў (усьміхаецца ў цэнтры) разам з хорам «Унія» на здымках праекту «Новае пакаленьне на Новы год», 2015 год
Сёлета мы сустракаліся з Кірылам некалькі разоў. Хацелася зрабіць сьвяточнае выданьне «Belsat Music Live» да 100-годзьдзя БНР, у якое б увайшлі харавыя вэрсіі песень таго часу. Кірыла з ахвотаю ўзяўся за гэты праект, мы ўжо ўзгаднілі трэк-ліст, пачаліся рэпэтыцыі і падрыхтоўка да здымак. Сярод іншага мусілі прагучаць «А хто там ідзе» ў гармоніі Ўладзімера Тэраўскага ў варыянце 1918 году, гімн нацыянальнага руху «Адвеку мы спалі». Абодва гэтыя творы былі выкананыя ўжывую на Першым ўсебеларускім зьезьдзе і дагэтуль не былі запісаныя ў акадэмічным харавым выкананьні (дзякуй за ідэю Ігару Брэку). Таксама дамовіліся, што прагучаць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Ах, ты Нёман-рака» на словы Алеся Гаруна, «Не пагаснуць зоркі ў небе» і «Магутны Божа», якую Кірыла ня мог прыняць у якасьці нацыянальнага гімна, але быў пэўны, што гэты твор мог бы яднаць усіх вернікаў Беларусі.
Да жалю, да акрэсьленай даты не пасьпелі. Хор Кірылы доўгі час не зьбіраўся разам, таму часу на падрыхтоўку трэба было болей. Да ўсяго ў хормайстра быў няпросты пэрыяд у жыцьці і да вялікага тэлеінтэрвію ён чыста псыхалягічна ня быў гатовы. Вырашылі не сьпяшацца, узяць паўзу і вярнуцца да гэтай ідэі ўвосень ды прысьвяціць праграму ўласна Насаеву і ягонаму значнаму творчаму даробку. Пра які празь ягоную прыродную сьціпласьць ведае ня так шмат людзей, як таго хацелася бы. Але не пасьпелі — Кірылу адолела хвароба. На 59-м годзе жыцьця ён пайшоў у іншы сьвет, так і не расказаўшы да канца сваю гісторыю…
З аскепкаў нашых размоваў аднаўлю хоць бы часткова самае галоўнае зь біяграфіі чалавека, які зрабіў вялізарны ўнёсак у беларускую культуру.
Кірыла нарадзіўся ва Ўкраіне. Ягоны тата быў ваенным інжынэрам, а маці настаўніцай па музыцы. Пераехаўшы ў Менск, бацькі раз на месяц хадзілі ў Опэру і яго бралі з сабою. Кірыла згадваў: калі ў хаце маці грала Рахманінава, то ён сядзеў побач і проста адстукваў рытм на барабане. Пайшоў у хор хлопчыкаў пры кансэрваторыі, а потым паступіў і ў саму кансэрваторыю з мараю стварыць мужчынскі хор. Ён наогул лічыў, што музыка — гэта справа мужчынская.
Хоць Насаеў ня меў беларускіх каранёў, але ў пэўны момант зачараваўся беларускай культурай: «Калі ты жывеш у краіне, якая цябе выхавала, то мусіш сьпяваць ня „Эх, дороги“, а рабіць справу на карысьць гэтай краіны», — казаў ён. Ён узяўся зьбіраць беларускія песьні на патрыятычную тэматыку. У часы перабудовы ён апынуўся перад выбарам. Яго клікалі на працу і ў Маскву, і ў Кліўлэнд. Але прыняў рашэньне застацца.
Вайсковую службу Насаеў праходзіў у ансамблі песьні і пляскі Чырвонаармейскай акругі. У 1993 годзе зрабіў на просьбу кіраўніка ансамбля харавыя вэрсіі «Пагоні» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Гэтыя сьпевы былі нават дасланы на конкурс на дзяржаўны гімн.
Паралельна Кірыла працаваў над пэўна самым галоўным праектам свайго жыцьця — стварэньнем мужчынскага хору «Унія». Пад ягоным кіраўніцтвам разам сьпявалі праваслаўныя, каталікі, уніяты, пратэстанты. Па першым часе яны выконвалі толькі царкоўныя старадаўнія напевы, псальмы, канты, а потым рэпэртуар пашырыўся за кошт сьвецкіх твораў розных эпохаў і, вядома ж, беларускіх патрыятычных песень. Фактычна дзякуючы Насаеву была адроджаная традыцыя беларускага мужчынскага камэрнага сьпеву.
Хор «Унія», выступ у касьцёле Сьвятога Роха, 1993 год
Цікава, што «Унію» першапачаткова не ўспрынялі ў акадэмічна-музычных колах, але дужа палюбілі ў пісьменьніцкім асяродзьдзі, бо хор часта даваў канцэрты ў Доме літаратара. Афіцыйнае прызнаньне да хору прыйшло пасьля перамогі на першым фэстывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў 1993 годзе. Хор запрасілі на працу ў Магілёўскую дзяржаўную філярмонію.
Адзіны альбом «Уніі» датуецца 1998 годам. Ён завецца «Беларускія маршы і песьні. Лірыка змаганьня» і ўключае ў сябе знакавыя беларускія сьпевы XX стагодзьдзя. Прадусарам праекту выступіў тагачасны галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Сяргей Дубавец, назву прыдумаў Ігар Бабкоў, а фота да вокладкі знайшоў Віктар Корзун, яно датуецца ліпенем 1941 году й зроблена ў Берасьці. Шмат у чым дзякуючы гэтаму альбому праз пару гадоў паўстане супольны музычны праект «Я нарадзіўся тут».
На пачатку 00-х «Унія» прыпыніла сваё існаваньне — удзельнікі хору разышліся па іншых прафэсійных калектывах, сам Кірыла заняўся новымі музычнымі праектамі, паўдзельнічаў у запісе альбомаў «Музыка Літвы і Кароны», «Музыка беларускіх храмаў», стварыў хор FamaBona, кіраваў хорам Harmonia, працаваў зь дзеткамі, зрабіў неверагодную па аб’ёме працу па зборы твораў Міколы Равенскага… Аднак, праз 10 гадоў маўчаньня «Унія» вярнулася. Насаеў тлумачыў гэта тым, што за час адсутнасці ў гэтай плыні анічога не адбылося. У лістападзе 2011 году хор даў вялікі канцэрт у Палацы прафсаюзаў.
У 2015 годзе «Унія» зрабіла апошні свой студыйны запіс у гісторыі — «Пагоню» для праекту «Re:Песьняры». Верш Максіма Багдановіча, пакладзены на музыку Ўладзімерам Мулявіным, зроблены ў зьмешаным ансамблева-харавым стылі, раскладзены на шматлікія галасы і выкананы акапэла. Насаеў вельмі ганарыўся вынікам гэтай працы.
У Кірылы Насаева было яшчэ безьліч ідэяў. Ён працягваў зьбіраць і апрацоўваць творы беларускай музыкі, пачынаючы з XII стагодзьдзя і рыхтаваў у гэтай сувязі новыя праекты. Але хвароба перапыніла ягоныя пляны.
TuzinFM выказвае спачуваньні родным і блізкім музыканта. Вечная памяць.
Сяргей Будкін, TuzinFM
Разьвітацца з кіраўніком хору "Унія" Кірылам Насаевым можна ў пятніцу, 20 ліпеня, з 10.00 да 12.00 у ніжнім храме Сьвята-Елізавецінскага манастыра, што ў Навінках.
Пахаваньне адбудзецца ў Міханавічах.
КАМЕНТАВАЦЬ