
!OUT: Панк-гардкор выбух у Дзятлаве (унікальныя фота/аўдыё/відэа)
Вядоўца рубрыкі !OUT на TuzinFM Віктар Сямашка выправіўся на ўсход Гарадзеншчыны, каб дасьледаваць фэномэн маленькага гарадку Дзятлава, якое на мяжы 1990-х і 2000-х стала ледзьве ня цэнтрам беларускага панк-гардкор жыцьця.
Дзятлава (Зьдзецел) — гэта ўсходняя частка Гарадзеншчыны. Цэнтар гораду можна абысьці літаральна за паўгадзіны. Паводле статыстыкі жыхароў каля 7500. Тым ня менш, менавіта ў гэтым месцы ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў здарыўся панк-гардкоравы выбух, утварылася кароткачасовая мікракультура. А менавіта: раптоўна ўзьнік дзясятак гуртоў, якія пастаянна мянялі назвы ды склады, зьявіліся пункты для рэпэтыцыяў і сэйшанаў, запісваліся альбомы, распаўсюджваліся касэты ды саматужныя выданьні — так званыя, фэнзіны. Віктар Сямашка сустрэўся з галоўнымі героямі тых часоў і прайшоўся па асноўных месцах.
ДОМ ПІЯНЭРАЎ
На фота: зьлева направа — Алесь Пігульскі («Датэрміновыя роды»), Яўген Мікуцін («Рэквіем дзяржаве»), Андрэй Грынцэвіч, Зьміцер Барысавец і Віталь Франюк («Глябальнае пацяпленьне»). Фота аўтара
Першы ў гісторыі панк-канцэрт у Дзятлаве адбыўся ў 2000 годзе. Створаныя школьнікамі гурты «Вораг народу» й «Рэквіем дзяржаве» неяк упісаліся ў зладжаную Домам піянэраў дыскатэку для дзяцей. Песьні мелі ўплыў гарадзенскага ды польскага панку. Інструмэнты ды апаратуру зьбіралі па ўсім раёне ад ранейшых ансамбляў, што існавалі пры калгасных клюбах і дамох культуры. Барабанную ўстаноўку аднойчы набылі за «дзякуй» і каробку цукерак. Мэдыятары выразалі з тэлефонных картак. «Вораг народу» перад тым зваўся «Квэс» і ў 1998 годзе запісаў першы дзятлаўскі панк-альбом — «Чытанку для дзіцячага панку». Самім удзельнікам Віталю Франюку ды Андрэю Грынцэвічу тады было па 13—14 гадоў.
РДК
Гард-коравы канцэрт у РДК Дзятлава, пачатак 2000-х
Першы гард-коравы сэйшан з гасьцямі зь іншых гарадоў адбыўся ў Дзятлаве на 8 сакавіка 2002 году ў залі Раённага дома культуры. Сюды зьехаліся вядучыя гардкор-каманды з розных гарадоў — «Лямант», The Daunza Cause, «НКВД», «Парафін»… Супрацоўнікі аддзелу культуры ледзь не жагналіся, калі пабачылі ля сьценаў натоўп з іракезамі, грабянямі ды пірсынгам. З таго часу ў Дзятлава рэгулярна завітвалі панк-гурты й фанаты гардкору ня толькі з Горадні ды Менску, але й Наваградку, Ліды, Століна, Івацэвічаў, Маладэчна. У тым ліку тыя, што існуюць дагэтуль — Fuck It All (Менск) і Mister X (Горадня). Паступова ў самім Дзятлаве вакол двух дзясяткаў музыкаў сабралася мінімум паўсотні фанатаў. Прытым, адзін й той жа музыка мог граць адразу ў двух-трох гуртох ды на розных інструмэнтах.
КЛЕТКА
У цёплае надвор’е панк-канцэрты ладзілі й побач з РДК на вулічнай сцэне, якая атрымала неафіцыйнае імя «Клетка» праз мэталічную агароджу. Нізкая сцэна зь невялікім казырком сваім заднім бокам ледзь не ўпіралася ў шматкватэрны дом. Таму канцэрты дазваляліся толькі з 18:00 да 21:00. У такіх умовах публіка практыкавала й слэм, і стэйдждайвінг. Дзяўчаты ў асноўным назіралі за дзеяй з лавак. У песьнях адкрыта выказваўся пратэст супраць расістаў, войска, міліцыі, прапіскі й г. д. Сярод многіх іншых у «Клетцы» ў 2004 годзе граў і Віталь Гуркоў — тады гітарыст рэдскін-фармацыі Voice of Boys, а цяпер удзельнік Brutto ды шматразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе.
Цудам захавалася відэа гэтага выступу ў Дзятлаве. Публікуецца ўпершыню.
У «Клетцы» ладзілі свае імпрэзы й мясцовыя рэпэры. Аднойчы панкі закідалі іх памідорамі, гуркамі з найбліжэйшых гародаў ды яйкамі, за што былі затрыманыя міліцыяй.
СПАДАРОЖНІК
Яшчэ адным прытулкам для дзятлаўскіх гардкоршчыкаў стаў кінатэатар «Спадарожнік». У ягонай залі таксама ладзіліся буйныя імпрэзы з запрошанымі гасьцямі з розных гарадоў. Пасьля аднаго з канцэртаў у мясцовай газэце «Перамога» выйшаў артыкул «Людзі асобай ідэі, альбо Панкі ў Дзятлаве».
Матэрыял падрыхтавала студэнтка журфаку БДУ Марына Верабей, якая праходзіла ў выданьні практыку. Журналістка заўважыла, што амаль усім дзятлаўскім панкам няма й 20 гадоў: «Яны яшчэ зусім дзеці. Але хацелася б спадзявацца, што разам з прыкідам не адыдуць у дзіцячае мінулае ідэі, мары сапраўдных маленькіх дарослых дзяцей». Артыкул у дзятлаўскай «Перамозе» стаўся адзінай згадкай пра мясцовы гардкор у афіцыйнай прэсе. Затое музыкі арганізавалі ўласны самвыдат па аналёгіі з польскімі, менскімі ды гарадзенскімі фэнзінамі. Тэксты пісалі ад рукі, ілюстравалі таксама ўласнаручнымі карцінкамі альбо каляжамі. Абмежаваны наклад выходзіў з дапамогай ксэраксу. Разам з фэнзінамі сярод сваіх з рук у рукі перадаваліся й уласныя касэтныя кампіляцыі.
ДОШКА ГОНАРУ
Пакуль не прыйшло расчараваньне ад прэзыдэнцкіх выбараў-2001 нефармалы-дзятлаўцы актыўна падтрымлівалі апазыцыю. Распаўсюджвалі ўлёткі ды налепкі, за што неаднойчы траплялі ў міліцыю. Хлопцы закідвалі на электрапровады й дрэвы саматужна пашытыя бел-чырвона-белыя сьцягі з грузікамі, каб іх цяжэй было зьняць.
Нефармалы-дзятлаўцы на рэпэтыцыі ў гаражы, канец 1990-х — пачатак 2000-х гадоў
Бліжэй да 2005 году дзятлаўскі РДК пачаў уводзіць цэнзуру, правяраць тэксты песень. Многія актывісты гардкор-руху пасьля школы разьехаліся па розных ВНУ, да іншых прыйшлі павесткі з ваенкамату. У выніку асноўныя гурты «The Бырла», «Глябальнае пацяпленьне» й «Датэрміновыя роды» разваліліся. Аднак многія героі тых падзеяў працягваюць займацца музыкай самастойна, у хатніх умовах і па-ранейшаму лічаць сябе панкамі.
Падрабязьней пра фэномэн Дзятлава — у аўдыёпадкасьце Віктара Сямашкі.
Віктар Сямашка, TuzinFM
Цікава! Дзякуй!
Адзін момант толькі.. Чамусьці ў артыкуле не згадалі гурт «Партия» з Менску, які таксама існуе зараз, у «Кракатуку-441» пра гэта кажуць. Болей таго, яны былі цэлых тры разы ў Дзятлаве, кожны раз на новай пляцоўцы (заля Дк, «клетка», кінатэатар), ды амаль што ў новым складзе кожны раз.. А ў вас тут нічога...
Дзякуй, што пазначылі сябе. Усіх не пералічыш.
КАМЕНТАВАЦЬ