Вясна. Dzieciuki ўзьляцелі (аўдыё)
У топ-12 самых запатрабаваных песень гэтай вясны трапілі ажно 11 песень гарадзенскага гурта.
Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 сакавіка 2016 да 1 чэрвеня 2016 году зафіксавана 94 000 праслухоўваньняў (практычна столькі ж колькі за тры папярэднія зімовыя месяцы). Найбольш за ўсё песьні з каналу «Tuzin.Streaming_Belarus» слухалі ў Беларусі (63 149). На другое месца трапіла Ўкраіна (6380), якая раней была чацьвертай. Пасьля яе ідуць Расея (5953), Польшча (5834) і ЗША (3744).
У тузін самых запатрабаваных трэкаў за тры вясновыя месцы патрапілі ўсе 11 (!) песень з альбому «Рэха» гурту Dzieciuki, які быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm акурат у сакавіку. Дадатковую цікавасьць да альбому прыцягнулі ідэолягі зь Менгарвыканкаму, якія занесьлі гарадзенскіх музыкаў у «чорны сьпіс». Такім чынам, 12-е месца мае «Эпілёг» (1338 праслухоўваньняў), 11-е — «Простыя людзі» (1499), 10-е — «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі» (1565), 9-е — «Тадэвуш Касьцюшка» (1582), 8-е — «Случчакі» (1722), 7-е — 1937 (1785), 6-е — бонусны трэк «Чорны хлеб і гарбата» (1948), 5-е — «Вітаўт Вялікі» (2061), 4-е — гарадзенская вэрсія песьні італьянскіх партызан «Bella Cіao» — «Трымайся, браце!» (2308), 3-е — «Паходная» (2597). Ну а самым запатрабаваным трэкам з «Рэха» стаў «Давыд Гарадзенскі» (3516).
Варта таксама зазначыць, што «Тадэвуш Касьцюшка» быў прэзэнтаваны асобным сынглам, на Soundcloud яе праслухалі 1151 раз. Калі дадаць да гэтай лічбы колькасьць праслухоўваньняў гэтага ж трэку на самім альбоме, то атрымаецца, што гэта другая па запатрабаванасьці песьня з «Рэха» — 2733 праслухоўваньні.
Альбом «Рэха» таксама актыўна пампавалі на Tuzin.fm адным файлам, дужа добра cлухаюць «УКантакце» і на Youtube, так што рэальныя лічбы праслухоўваньняў значна большыя.
Ну, а на першым месцы апынуўся трэк з праекту парталу Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі» — «Global Reload». Менавіта для яго сваю вэрсію культавага рок-гіту ад гурту «Мроя» — «Рок-музыкант» запісаў украінскі сьпявак і паэт Сяргей Жадан разам з харкаўскім гуртом «Сабакі ў космасе». Песьня была прэзэнтаваная летась у верасьні. За тры месяцы вясны-2016 яна назьбірала 3988. Агульная ж колькасьць праслухоўваньняў дасягнула лічбы 7539, што дазволіла ёй увайсьці ў топ-5 галоўных песень на «тузіноўскім саўндклаўдзе» за ўвесь час існаваньня каналу (з 2014). Безумоўны лідэр за ўвесь час Андрэй Макарэвіч зь песьняй «Сьнег» (30 055), потым ідзе Вожык з «Бандэрам» (10 401), Dzieciuki з «Мужыцкай праўдай» (8820), сынгл «Пра любоў» ад гурта Naka (8205) і ўласна «Жадан і Сабакі».
Tuzin.fm, фота з суполкі гурта Dzieciuki
КАМЕНТАВАЦЬ