
Праграма Belsat Music Live адзначаная на ADAMI Media Prize
Аўтарская праграма кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна, якая выходзіць на тэлеканале «Белсат», атрымала асаблівую згадку журы на цырымоніі ўручэньня мэдыяпрэміі ў Кішынёве.
ADAMI Media Prize — гэта конкурс сярод прафэсіяналаў у галіне мэдыя, у якім удзельнічаюць краіны Ўсходняга партнэрства. Сёлета ён праводзіўся ў трэці раз. Гала-цырымонія 29 лістапада прайшла ў Арганнай залі Кішынёва, адной зь цікавостак малдаўскай сталіцы.
Сёлета на ўзнагароды конкурсу прэтэндавалі больш за 300 мэдыя-прадуктаў. Зь іх міжнароднае журы абрала 16 найлепшых. У іх ліку — праграма Belsat Music Live (аўтар Сяргей Будкін, рэжысэр Арцём Лобач, апэратар Аляксандар Алейнікаў, вядоўца Міра Шульц, стылістка Наста Шастак, гукарэжысэр Андрэй Акатаў, прадусар Яўген Шапчыц). Яна атрымала высокую ацэнку журы і была адзначаная спэцыяльнай згадкай у катэгорыі культурна-забаўляльных праграмаў. Усе вынікі прэміі можна паглядзець на афіцыйным сайце цырымоніі.
«Мы радыя, што нашу працу ацанілі па-за межамі краіны. Такая ўзнагарода матывуе нас на тое, каб вышэй уздымаць плянку якасьці, бо няма мяжы для самаўдасканаленьня», — сказаў Сяргей Будкін з нагоды адзначэньня на ADAMI Media Prize.
Belsat Music Live выходзіць штотыдня ад пачатку 2017 году. У студыі праграмы граюць жывыя сэты найбольш цікавыя беларускія выканаўцы розных стыляў — ад опэры да рэп-музыкі, часам завітваюць замежныя госьці. На гэтым тыдні пабачыць сьвет 74-е выданьне. Паглядзець праграму можна на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат Музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё можна знайсьці ў афіцыйных суполках Укантакце/Facebook/Instagram.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ