Шалкевіч — вясёлы, востры, лірычны — у #BML (поўнае відэа)
Бард, які ўжо з чвэрць стагодзьдзя зьбірае на свае канцэрты аншлягі. Ягоны талент цэняць ня толькі на Радзіме, але і за мяжою. Віктар Шалкевіч — госьць аўтарскага праекту Сяргея Будкіна Belsat Music Live.
Віктар Шалкевіч — ключавая асоба ў беларускай аўтарскай музыцы. Выканаўца заявіў пра сябе ва ўвесь голас у 92-м годзе, калі перамог на «Басовішчы», а потым і на «Бардаўскай восені». З таго часу выканаўца выдаў 8 альбомаў. Шэраг яго песень разышліся на цытаты. У Польшчы Шалкевіча ўганаравалі «Ордэнам усьмешкі» — статусная ўзнагарода, якую, між іншым, атрымлівалі Сьпілбэрг і Далай-Лама. Ягоныя тэксты перакладзеныя на пяць моваў, нямецкі часопіс «Фолькер» назваў выканаўцу «апошнім сапраўдным бардам зачараванай краіны». На Радзіме Шалкевіч вось ужо чвэрць стагодзьдзя мае нязьменныя аншлягі на сваіх канцэртах. Напярэдадні свайго 60-гадовага юбілею музыка зайграе ў студыі Belsat Music Live свае найлепшыя песьні, а ў размове зь Міраю Шульц распавядзе пра тое, як працаваць і не стамляцца.
Песьні, якія гучаць у праграме:
«Жлобская нацыя»
«Горад»
«Койданава»
«Смутны беларускі блюз»
«Шалёная»
(словы і музыка Віктар Шалкевіч)
Госьцем наступнага выданьня Belsat Music Live будзе гурт Leibonik. Прэм’ера праграмы адбудзецца ў суботу, 22 сьнежня ў 21:15 па беларускім часе на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат Музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё зь мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ