
Героі году-2018 па вэрсіі TuzinFM. Поўныя вынікі (аўдыё/відэа/фота)
Партал TuzinFM.by падсумаваў вынікі музычнага 2018 году.
Традыцыйна, найлепшы альбом, кліп і песьню музычнага году вызначалі наведнікі парталу TuzinFM.
Найлепшым альбомам стаў дэбютны рэліз «Брешь» ад гурта «MorkvoЦвет».
Музычная канцэпцыя стваральнікаў гурта Яўгена Белановіча і Паўла Рыжкова на момант запісу была ў выкарыстаньні дзьвюх гітараў і двух галасоў. Аднак, цяпер музыкі зьвярнуліся да поўнага гуку. Ідэйная канцэпцыя «Бреши» ў неадназначнасьці, якую адлюстроўвае 10 песень альбому. «З аднаго боку мы запаўняем праломы ў кожным з нас. І чым актыўней мы гэта робім, тым большымі яны становяцца і тым мацней на нас уплываюць, — тлумачаць музыкі. — Зь іншага боку, тая „брешь“ — гэта шчыліна, празь якую прабіваецца сьвет. Гэта вакно, празь якое мы бачым усё больш сьвету, па меры таго, як намаганьнем волі адкрываем яго». Каб лепей зразумець гэты гурт, раім паглядзець кліп на песьню з гэтага альбому «Звар’яцелы генэрал», а таксама жывы сэт у студыі Belsat Music Live.
Найлепшы кліп па вэрсіі наведнікаў TuzinFM — «Drobnieńki doždžyk» ад гурта Re1ikt (рэжысэр Ігар Гусеў). Музыкі перамаглі ў гэтае намінацыі ўжо трэці раз. Да гэтага ў відэамэгатуры перамагалі «Чаго ты, лося» (2015) і «Хадзіла галота» (2017).
У сваім кліпе музыкі аднавілі атмасфэру пачатку мінулага стагодзьдзя, дзе і разгортваецца гісторыя каханьня. Разыграць любоўную трагедыю былі запрошаны акторы Аляксей Бурносенка і Кацярына Ваданосава. Акрамя гэтага, гісторыкамі быў падабраны рэквізыт, адпаведны эпосе. Для поўнага пагружэньня кліп было вырашана здымаць у музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, дзе пад адкрытым небам разьмяшчаюцца старажытныя беларускія пабудовы.
Найлепшай песьняй музычнага 2018 году стала кампазыцыя «Пішы» на словы Вацлава Ластоўскага ад гурта «Закон Гука».
Песьня была створаная для музычнага дадатку да праекту «(Не)расстраляныя» з ініцыятывы саміх музыкаў. «На жаль, у школе не расказваюць гісторыі рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў. І мы вельмі мала ведаем пра той час і тых асобаў. Але тым больш каштоўныя яны і іх спадчына для нас цяпер, у час, калі ідзе актыўнае фармаваньне нацыі», — кажа вакаліст каманды Лёкса Кузьмін. Верш «Пішы» першага прэм’ер-міністра БНР уразіў яго сваёй энэргетыкай і сучасным гучаньнем. Музыкі імкнуліся да таго, каб музычны і паэтычны складнік гучалі разам, як адзінае.
Пераможцаў у дзьвюх асноўных намінацыях — «Адкрыцьцё» і «Гурт/выканаўца году» называе рэдакцыя TuzinFM.
Сёлета галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы быў прызнаны гурт Nürnberg.
Nürnberg, які на цырымоніі ўзнагароджаньня вядоўца Максім Жбанкоў заклікаў ня блытаць зь яшчэ адным новым беларускім праектам Drezden, насамрэч зь Менску, але рэальна іх дэбютны рэліз выйшаў у Нямеччыне. Яны выдаюць песьні на MC, відэа здымаюць на VHS і фатаграфуюць на стужку. У інтэрвію для TuzinFM музыкі заявілі, што іх цікавіць дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба, а натхняе шэрае навакольле і ўсеагульная стома. Пост-панк гурт зь Менску распачаў актыўную дзейнасьць пад канец лета 2017 году, выдаў дэбютны EP на бэрлінскім D.I.Y-лэйбле, іх песьня «Лёс» трапіла на касэтны зборнік «Russian Tour 3» францускага лэйблу Belka Records, а пашыранае выданьне беларускамоўнага EP выйшла на CD на расейскім лэйбле Sierpen Records. Музыкі далі з два дзясяткі канцэртаў, у тым ліку двойчы ў Маскве, у Віцебску сыгралі на разагрэве ў Akute, а ў сталіцы двойчы былі ў супорце «Петли пристрастия», трапілі ў фінал конкурсу «Басовішча-2018». Нядаўна Януш Пятрэнка і Алег Савуцін пабывалі ў студыі Belsat Music Live. У жывым сэце яны ўпершыню зайгралі некаторыя творы з альбому «Skryvaj», які толькі што пабачыў сьвет.
Найлепшым беларускім гуртом 2018 году па вэрсіі TuzinFM стаў Nizkiz. Узнагароду Аляксандру Ільіну ўручыў гурт TonqiXod, героі 2017 году.
Сёлета магілёўскія музыкі зьбіралі поўныя залі практычна ва ўсіх гарадах у межах свайго беларускага туру, а на канцэрт у Менску квіткі на тысячную залю скончыліся яшчэ за месяц да канцэрту, давялося рабіць дадатковы канцэрт, на які таксама квіткі былі раскупленыя імгненна. Былі і пасьпяховыя сольнікі ў іншых беларускіх гарадах, а таксама ў Маскве і Піцеры. Каманда таксама перамагла ў беларускім адборы ды выступіла на найбуйнейшым украінскім фэсьце Atlas Weekend, а таксама стала госьцем вялікіх беларускіх оўпэн-эйраў LidBeer i Viva Braslav. З рэлізаў — два шыкоўныя сынглы: «Интроверт» і «Люстэрка». Над апошнім музыкі працавалі разам з партугальскім прадусарам Даніелем Кардозам. На «Люстэрка» і на найлепшы гіт-2017 на TuzinFM «Небясьпечна» сёлета выйшлі кліпы. «Небясьпечна» ўжо мае больш каля 300 000 праглядаў. Менавіта Nizkiz выступяць першымі ў прэміюм-выданьні «Belsat Music Live» 5 студзеня 2019 году на тэлеканале «Белсат». Адметнасьць гэтага выданьня ў тым, што яно зьнятае з аднаго дубля ў прысутнасьці гледачоў.
Узнагароджаньне герояў году прайшло 12 студзеня ў прасторы Lo-Fi Customs. Адкрыў вечарыну Ігар Варашкевіч, які ўпершыню ў жыцьці зайграў ды-джэй сэт са сваіх улюбёных трэкаў.
TuzinFM адзначыў лідэра гурта «Крама» адмысловай узнагародай — «За ўнёсак у беларускую музыку», якую ўручыў кіраўнік парталу Сяргей Будкін. Ён прызнаўся, што менавіта дзякуючы «Краме» адкрыў калісьці для сябе беларускі музычны сусьвет.
Адзін з стваральнікаў «Тузіна» Вецер Мэханічны разам з Максімам Жбанковым да 15-годзьдзя парталу зладзілі аўкцыённы сэт, у якім разыгралі 8 дыскаў, якія былі выдадзеныя парталам.
Падчас абвяшчэньня герояў году на сцэне Максіму Жбанкову дапамагала новая рэдактарка TuzinFM Эліна Калнібалоцкая.
Пры канцы вечарыны live-сэт зайграў Diamos Roll, лідэр культавага беларускага электроннага праекту CherryVata, які сёлета таксама адзначыў 15-годзьдзе свайго існаваньня. Раім таксама паслухаць гэты гурт поўным складам у Belsat Music Live.
Больш фота з цырымоніі — у суполцы Lo-Fi Customs і фотарэпартажы на «Радыё Свабода». Нашы калегі з «Радыё Свабода» падрыхтавалі таксама шыкоўны матэрыял пра 15-гадовую гісторыю «Тузіна».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ