Названая тройка фіналістаў «Засьпявай-5» (аўдыё/відэа)
4008 / 0
26.12.2018

Названая тройка фіналістаў «Засьпявай-5» (аўдыё/відэа)

Па выніках жывога і відэа праслухоўваньня журы конкурсу абрала тройку фіналістаў пятага сэзону конкурсу «Засьпявай», які праводзяць партал TuzinFM і фонд «Вяртаньне».

На першым этапе паводле дэма-запісаў cябры журы назвалі тых выканаўцаў, якіх хацелі бы ўбачыць на жывых праслухоўваньняў. Такіх апынулася 25 з 28. На другім этапе выбіралі тройку фіналістаў паводле гэтых выступаў — 22 выканаўцы здолелі выступіць альбо запісаць відэа. Па выніках галасаваньня найбольшую колькасьць галасоў набралі тры фіналісты.

Павал Козiч (23 гады) і Цiхан Букраба (26 гадоў) зь песьняй «Трамвай» на словы Антона Рудака.

Павал і Ціхан вучацца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтва. Павал — менчук, Ціхан — з Гомелю. З музычных кірункаў аддаюць перавагу джазу і соўлу. Яны некалькі гадоў працуюць разам. Калі ўбачылі інфармацыю пра конкурс, вырашылі падрыхтаваць конкурсную песьню ў фармаце дуэту. Яны разам напісалі музыку на верш «Трамвай» паэта Антона Рудака. Кажуць, што хацелі стварыць баляду з глыбокім сэнсам, а ў гэтым вершы акурат кожны можна знайсьці свой сюжэт. На жывым праслухоўваньні музыкі выступілі ў суправаджэньні струннага трыё.

Maximalism — праект сямейнай пары зь Менску, які створаны ў 2016 годзе. Абаім удзельнікам па 24 гады. Для конкурсу «Засьпявай-5» яны стварылі песьню «Фрагмэнты» на верш Ганны Комар. «Нам вельмі спадабалася яе паэзія. І калі мы спыніліся менавіта на гэтым вершы, то адразу прыдумалася мэлёдыя для прыпеву. Ня ўсе вершы можна пакласьці на музыку, але гэты твор пасьля адаптацыі ідэальна падышоў да музыкі. І тэма мне вельмі блізкая», — кажа вакалістка Алеся.

У сваёй музыцы Maximalism яднае электроніку з грувавымі рытмамі дып ды тэхгаўсу. На рухунку музыкаў 4 EP — два зь іх выйшлі на ўкраінскім лэйбле Dear Deer, адзін — на нямецкім Nie Wieder Schlafen і на брытанскім лэйбле Constant Circles. Яшчэ адзін рэліз мае выйсьці на галяндзкім Click Records. Болей інфармацыі праект — на афіцыйнай старонцы, паслухаць іх музыку можна на soundcloud-канале.

 

21-гадовы Раман Волазьнеў трапіў у фінал «Засьпявай-5» зь песьняй «Салёныя сны», якую стварыў адмыслова для конкурсу. Словы належаць Мікіту Найдзёнаву, якога выканаўца добра ведае ўжо некалькі гадоў, але ўпершыню зьвярнуўся да ягонай беларускамоўнай паэзіі: «Гэты верш Мікіты мне падаўся нейкім асаблівым, не такім, якім я прызвычаіўся бачыць ягоную творчасьць. І музыка па прачытаньні гэтага твору нарадзілася ў мяне ў лічаныя хвіліны».

Раман зь Менску, цяпер вучыцца ў Расейскім інстытуце тэатральнага мастацтва (ГИТИС) у Маскве. На сцэне ён з 10 гадоў, станавіўся пераможцам і ляўрэатам розных дзіцячых конкурсаў, але разглядае сваю дарослую кар’еру асобна ад дзіцячай. Яна пачалася летась з сынглу «Остановись», а пры канцы лета 2018 году Раман выдаў дэбютны альбом.

Сёлета музыкам ад 16 да 30 гадоў у межах конкурсу «Засьпявай-5» прапаноўвалася пакласьці на музыку верш аднаго зь ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У журы ўвайшлі сьпявачка і кампазытарка Натальля Куніцкая (Mustelide), музыка Алесь-Францішак Мышкевіч (The Superbullz, Volski, Drezden), сьпявачка і пэдагог Ірэна Катвіцкая (Akana, Kazalpin, Warsoba), саўндпрадусар Андрэй Акатаў (Belsat Music Live), музыка і выкладчык Алег Хаменка («Палац»), а таксама арганізатары конкурсу — кіраўнік парталу TuzinFM Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртаньне» Павал Бераговіч.

Хто за каго галасаваў у журы «Засьпявай-5» (поўныя вынікі з камэнтарамі)

Кожнага з фіналістаў «Засьпявай» чакаюць яшчэ індывідуальныя заняткі і кансультацыі мэнтараў конкурсу, а таксама праца ў студыі над канчатковымі вэрсіямі конкурсных песень. Увесну плянуюцца канцэрты кожнага зь фіналістаў «Засьпявай-5» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і гала-канцэрт, на якім будзе абвешчаны пераможца конкурсу. Ён атрымае 1500 BYN на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.

TuzinFM