«Кола» на вяршыні! (аўдыё+відэа)
3182 / 0
15.01.2019

«Кола» на вяршыні! (аўдыё+відэа)

Славуты гіт гурта «Палац» у выкананьні Алега Хаменкі і ў апрацоўцы гурта Apple Tea стаў пераможцам адмысловага джазавага туру на TuzinFM.

Песьня «Кола грукатала» набрала па выніках галасаваньня 231 голас, на 33 галасы болей, чым у кампазыцыі «Маё сонца» ў выкананьні Ўладзімера Пугача, якая заняла другую пазыцыю. Дарэчы, за яе, а таксама за твор Ігара Варашкевіча «З Новым годам» ды за сваю ўласную песьню галасаваў сам Алег Хаменка.

Музыка кажа, што сачыў за галасаваньнем амаль штодня, нягледзячы на насычаны графік. У той час, як ішоў гэты тур чарту, музыка пасьпеў даць канцэрты ў Нью-Ёрку і Маямі для мясцовых беларусаў ды адыграць сольны калядны канцэрт з «Палацам» у поўнай залі КЗ «Верхні горад». «Я надзвычайна ўдзячны ўсім, хто галасаваў за мой твор у арыгінальным прачытаньні Apple Tea. Гэта лішні раз засьведчыла, што наш экспэрымэнт па стварэньні музыкі з складанай гармоніяй і джазавым мысьленьнем атрымаўся», — зазначае Алег.

Цяпер «Палац» працуе над новай вэрсіяй сваёй песьні «Ішла Калядка», якая прагучыць на цырымоніі адкрыцьця чэмпіянату Эўропы па фігурным катаньні. А бліжэй да вясны гурт рыхтуе новы сынгл, які будзе звацца «Коцік-БОМЖ».

TuzinFM