Hurma. Адзначым Новы год (прэм’ера аўдыё і відэа!)
Найлепшыя дэбютанты 2013 году па вэрсіі Tuzin.fm гурт Hurma вырашылі быць марнатраўнымі ў год беражлівасьці ды не шкадаваць сілаў і часу на творчасьць.
Напярэдадні новага 2014 году гурт выдае новы сынгл у фармаце аўдыё+відэа. Музыкі запісалі песьню «Адзначым Новы год» ды зьнялі ролік-відэавіншаваньне.
«Тут няма ні традыцыйнага хурмоўскага шчымлівага каханьня, ні трагедыяў, ні самоты. Гэта шчасьлівая песенька. Такім якраз павінен быць навагодні трэк!» — кажа лідэр каманды Мікіта Найдзёнаў.
2013 год для гурта Hurma выдаўся надзвычай плённым. Іх песьня трапіла на складанку «Рок-танцы славян» разам з творамі гуртоў «Океан Ельзи», «Воплі Відоплясова», Gogol Bordello, «Палац». А пад канец году музыкі атрымалі Гран-Пры фэсту «Такие пряники», былі адзначаны ў намінацыі «Беларускамоўны гіт» на «Песьні году» тэлеканалу ОНТ ды атрымалі перамогу ў намінацыі «Дэбют году» на прэміі «Героі году» парталу Tuzin.fm.
«Хоць гэты год і быў названы ў Беларусі годам беражлівасьці, мы вырашылі быць марнатраўнымі і не шкадаваць сілаў і часу на творчасьць. Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае і верыць у нас», — кажа Мікіта.
Песню «Адзначым Новы год» запісвалі на стадыі Orangerecords. Запісам і зьвядзеньнем займаўся Ўладзімер Трафіменка, майстарынгам — Сяржук Чайка.
Акром уласна самой песьні, Hurma рыхтуе яшчэ адзін сюрпрыз для сваіх прыхільнікаў і цяпер зьбірае іх адрасы. Далучыцца да афіцыйнай суполкі каманды можна тут.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ