Топ-12 песень вясны-2019. Частка 2 (аўдыё)
У традыцыйным аглядзе новых трэкаў на TuzinFM — індзі, фольк і электроніка на беларускай мове.
Zatoczka — Белыя крылы
Магілёўскі панк-рокавы гурт нагадаў пра сябе новым сынглам — насуперак іміджу гурта песьня атрымалася лірычнай і пяшчотнай. Прэм’еру музыкі прымеркавалі да Дня Волі ды заявілі, што рыхтуюць свой другі альбом. Дэбютны дыск у гурта выходзіў ажно 10 гадоў таму. Болей пра трэк.
РСП — Мая мінуўшчына
Яшчэ адна прэм’ера да Дня Волі-2019 уяўляе зь сябе рымэйк гіта 20-гадовай даўніны гурта «Склеп», у якім пачынаў сваю кар’еру лідэр РСП Дзяніс Тарасенка. Непасрэдна для РСП гэтая песьня знакавая тым, што гэта першы твор, які выкананы на літаратурнай беларускай мове. Болей пра трэк.
Recha — Скарына
Новы трэк гурт Андруся Такінданга прэзэнтуе ў анатацыі, як «гісторыю пра тутэйшага рызыканта, супэргероя, які рушыў да мэты насуперак ныцьцю, цемрашалам, акалічнасьцям». Прэм’еру «Рэха» прымеркавала да 101 угодкаў БНР. Сынгл «Скарына» дапоўніла дзьве вэрсіі песьні «Хвалі любові», зь якой музыкі ўдзельнічалі ў беларускім адборы на «Эўравізію».
Atesta — Дыялёг
«Дыялёг» — новы трэк праекту Atesta, напісаны на словы паэта Алеся Плоткі. Прэм’еру музыкі суправадзілі такім камэнтаром: «Мы ладзім падарожжа да самаго сябе. Сумна зразумець, што цябе ніхто не чакае… У момант адзіноты, калі хочацца ўсё паслаць нахер, ты працягваеш верыць, што ўсё будзе файна. І ўсьміхацца». У падтрымку сынгла быў зьняты кліп.
Martin S. — Новы дзень
У сваёй новай працы музыкі Martin S. раскрываюцца як рамантыкі. «Мы заўсёды верым у лепшае і ўпэўненыя, што ўсё залежыць толькі ад нас саміх. Пазытыўны настрой кажа нам, што з аднаго боку трэба чакаць сьветлую будучыню, а з другога — прыкладаць свае намаганьні, каб спраўджваліся самыя сьмелыя мары», —зазначыў з нагоды прэм’еры лідэр каманды Ўладзімер Боська. У падтрымку сынглу музыкі зьнялі таксама музычнае відэа.
Міла Ражкова — Санэт «Да Нёмана»
Расейская сьпявачка выдала новы беларускамоўны сынгл. Гэтым разам яна напісала музыку да санэту Адама Міцкевіча «Да Нёмана» ў перакладзе Кастуся Цьвіркі. «Я абрала гэты твор, бо падчас майго першага наведваньня Беларусі чатыры гады таму мяне моцна ўразіў Нёман, чароўны і магутны», — кажа сьпявачка. У далейшых намерах Мілы — запіс некалькіх песень на словы Ёсіфа Бродзкага. Зноў жа — па-беларуску, у перакладах Сержука Сокалава-Воюша. На soundcloud-канале сьпявачкі ўжо можна пачуць два творы — «Рамонкі» і «Вясковую песьню».
Антось Звычайны — Страчаныя ілюзіі
Свой новы самотнік на словы Андрэя Хадановіча і музыку muciojad рэпэр называе адной з самых сэнтымэнтальных і кранальных рэчаў», якія ён рабіў: «Трэк прасякнуты мэтафізыкай каханьня па-беларуску, у ім ёсьць гэта беларуская абыякавасьць да жыцьця, шэры побыт, і нейкі агеньчык такой далёкай і няўлоўнай надзеі». Выдаць яго Антось вырашыў асобна: «Гэты твор захрас дзесьці між мінулым і новым альбомам, мне здаецца што ён адчуваў бы сябе няўтульна не ў адным зь іх».
By Cry — Ай, бяда
Новы самотнік ад нястомнага гурта Аляксандры Грахоўскай, які ледзьве ня кожны месяц прэзэнтуе нешта новае. Сама сьпявачка распавядае, што з дапамогай песьні «Ай, бяда» музыкі імкнуліся перадаць пэўны стан эмацыйнай абуджанасьці: «У такія моманты ўмоўную „бяду“ хочацца адкласьці ў бок, адкінуць ці „пакласьці спаць“, каб адчуць сябе свабодным і спазнаць усе радасьці жыцьця». Практычна адначасова гурт выдаў таксама EP «Гімн», куды ўвайшло пяць трэкаў.
Няміга — Рэжым «у самалёце»
У новым сынгле гурт «Няміга» разважае пра сучаснасьць, у якой так шмат рэклямы, інтэрнэту, тэлефонаў, што часам хочацца адмовіцца ад гэтага хоць на некаторы час. «Жывучы ў электроннай эры, мы часам зусім забываем пра тых, хто побач, забываем пра прыгажосьць, якая вакол нас», — кажа аўтарка і вакалістка гурта Ксенія Валенда.
СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры! — Рок-н-рол
Самотнік гарадзенскага гурта, які анансуе іх дэбютны альбом. «Рок-н-рол — гэта гісторыя жыцьця кожнага чалавека. Бо музыка заўсёды побач — як у радасныя моманты, так і ў смутку. І заўсёды бывае так, што калі чуеш стары знаёмы трэк, у цябе менавіта зь ім зьвязаныя пэўныя моманты ў жыцьці», — кажа пра сваю песьню лідэр каманды Мікалай Скрабец. Музыка заўважае, што будучы альбом ставіць кропку на пэрыядзе творчасьці гурта з 2013 да 2018 год. Цяпер у гурта новы склад і новая канцэпцыя, таму гэты матэрыял надалей выконвацца ня будзе.
Dreamlin — Пойдзем
Беларускамоўны трэк ад вэтэранаў электроннага руху ў Беларусі. «Пойдзем» была прэзэнтаваная ў чарце на «Тузіне» яшчэ ў 2011 годзе, а цяпер выдадзеная на новым альбоме «Evergreen». Удзельнікі праекту кажуць, што вярнуліся да таго, з чаго пачыналі: Дзяніс Карабкоў стварае ў сябе дома музыку, а Ягор Куноўскі яе распаўсюджвае ў сеціве (альбом выйшаў на ягоным уласным лэйбле Gizmo Lab Records). Наконт выступаў стваральнікі Dreamlin кажуць, што пакуль не знайшлі адпаведнай пляцоўкі. Што да вакаліста і суаўтара гэтай песьні Андрэя Карповіча, то ён канчаткова перасяліўся ў Варшаву. Мяркуецца таксама выдаць польскамоўную вэрсію гэтага трэку.
Ліхтар — Калыханка
Самотнік ад праекту «Ліхтар», які заснаваў Дзьмітры Герасімчык. Да гэтага музыка адзначыўся ў конкурсе «Засьпявай-5» някепскім трэкам на словы «Альфа» Антона Рудака. Свой стыль называе «беларускі future bass». «Мой новы трэк — гэта не калыханка для дзетак. Гэта песьня зьявілася дзякуючы пачуцьцю ўласнага дэмана ўнутры мяне. Ён бярэ кантроль над целам, калі мы злыя ці пакрыўджаныя. Напэўна, менавіта барацьба з гэтым зьверам, ці яе адсутнасьць робіць нас такімі, якія мы ёсьць — злымі ці добрымі», — кажа аўтар з нагоды прэм’еры.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Топ-12 песень гэтае вясны. Частка 1
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ