!OUT памяці Леаніда Нарушэвіча: 12 адметных альбомаў «Князя Мышкіна»
4159 / 0
09.07.2019

!OUT памяці Леаніда Нарушэвіча: 12 адметных альбомаў «Князя Мышкіна»

Слухаем абраныя альбомы знакавай асобы ў беларускім андэграўндзе, майстра інтуітыўнай імправізацыі Леаніда Нарушэвіча (1964—2019).

19 чэрвеня ва ўзросьце 55 гадоў пайшоў у іншы сьвет Леанід Нарушэвіч — беларускі гітарыст з найбольш пазнавальнай манерай граньня, ідэоляг інтуітыўнай імправізацыі, стваральнік фэсту альтэрнатыўнае музыкі «Сіні перац», заснавальнік і лідэр гурту «Князь Мышкін». За амаль 30 гадоў існаваньня ягоная каманда амаль не рэпэтавала, штораз выконваючы са сцэны новы матэрыял у абраным кірунку. Менскія імправізатары абезьдзілі з канцэртамі Беларусь ды найбліжэйшае навакольле, выдаваліся на нэт-лэйблах у розных куткох плянэты ад Амэрыкі й Тайлянду. Праз КМ прайшлі каля сотні музыкаў розных пакаленьняў, засталася багатая дыскаграфія (каля 60 рэлізаў). Прапануем пазнаёміцца з тузінам выбраных альбомаў.

1. «Монаімправізацыі» (1991)

На той момант «Князь Мышкін» зваўся інакш — «Праект 19/91». Перайменавацца ў гонар раману Дастаеўскага неўзабаве прапанаваў бубнач Юры Паўлоўскі. Першыя спробы граньня ды аўдыёнапрацоўкі адбыліся ў падвале прыватнага дома па вуліцы Багдановіча, дзе жыў дзед Юрыя. Выступ 20 лістапада 1991 году ў залі Альтэрнатыўнага тэатру па запрашэньні Барыса Штэрна атрымаў імя «Монаімправізацыі» й стаў першым альбомам «Князя Мышкіна». Запіс зрабіў выпадковы чалавек на магнітафон-«мыльніцу» Sharp. Леанід Нарушэвіч згадваў: «Калі людзі напрыканцы ўсталі ды пляскалі, я быў у шоку. А знаёмыя казалі, што я нібыта зьехаў з глузду».

Канцэрт «Праекту 19-91» у Альтэрнатыўным тэатры, 1991 год

2. «Прымітыўная памяць носа» (1993)

Адзіны альбом у дыскаграфіі «КМ», які Леанід Нарушэвіч запісаў цалкам самастойна, сыграўшы й на гітары, і на клявішах. Гукасэсія прайшла пры спрыяньні знаёмага тэхніка на кропцы, дзе рэпэтаваў аркестр Фінбэрга. Выкананы такім жа чынам альбом «Мазкі» не захаваўся. На першых канцэртах КМ Нарушэвіч часьцяком выкарыстоўваў, акром гітары, раяль, альт-флейту ды ўласны вакал.

Леанід Нарушэвіч, фота пачатку 1990-х

3. «10 п’ес і Сіні-сіні» (1996)

Адзін з трох альбомаў, створаны супольна з тагачасным студэнтам Беларускае кансэрваторыі Юрыем Васільевым, патэнцыйным айчынным Курохіным, які аднак перабраўся ў Маскву ды абраў кар`еру палітычнага аглядальнікаОгонёк», «Радио Свобода», «Взгляд.Ру»). Нарушэвіч і Васільеў пазнаёміліся падчас імпрэзы ў рэдакцыі газэты «Такая жизнь» у Вэлязаводзкім пасёлку. Пасьля цягам двух гадоў ладзілі сэрыю зборных імпрэзаў у рэпэтыцыйнай залі кансэрваторыі. «10 п’ес», як і шэраг іншых альбомаў таго часу, запісалі ў студыі «Радыё Бі-Эй» на вуліцы Чапаева5, дзе тады працаваў Леанід. Бонусам да альбома стаў саўндтрэк да кароткамэтражнага фільму паводле апавяданьня Ўладзімера Караткевіча «Сіняя-сіняя». Тут Васільева за клявішамі замяніў Уладзімер Сівіцкі (бацька палітоляга Арсенія Сівіцкага).

Гурт «Князь Мышкін», пачатак 1990-х

4. «Гарачы фінскі зарціпос» (1997)

«Запіс зроблены без накладаньня й зьвядзеньня», — пазначалася на вокладцы касэты, што выдала менская фірма «Каўчэг». Пэйзажную вокладку выканаў Юры Паўлоўскі, бубнач гурта. У сэсіі паўдзельнічалі даўні калега Нарушэвіча па гурце «Зарціпо» басіст Валеры Башкоў і згаданы вышэй Сівіцкі. За гук і пераключэньне гітарных эфэктаў адказваў Андрэй Назараў. Дарэчы, па словах Леаніда, бессэнсоўнае імя «Зарціпо» прыдумаў Лявон Вольскі. У 2004 годзе «Гарачы фінскі зарціпос» разам з альбомам «Кошык» выдаў на CD маскоўскі лэйбал «Геометрия».

Леанід Нарушэвіч зь Юрыем Паўлоўскім і жонкай Марынай, пачатак 1990-х

5. «Кошык» (1998)

Адзін з трох альбомаў КМ, сыграных з Іванам Кірчуком. Першы склад «Троіцы» тады набліжаўся да развалу, Іван Іванавіч шукаў новых музыкаў. Разам з КМ Кірчук выступіў у Берасьці, у менскім Палацы мастацтваў (дзе адбылася бойка з нацболамі), на «Сінім перцы» ў ДК «Луч» (з кампазыцыяй «Зайчык Вася»), здымаліся для БТ. Раней Нарушэвіч дапамог Кірчуку ў падрыхтоўцы першае дэма-касэты «Троіцы». Леанід Нарушэвіч казаў: «З Ванем у нас заўжды было добра. Усё гэта ён успрымаў як жартачкі. Зрэшты, я таксама ўсю сваю творчасьць успрымаю як жарцік». У выніку Юры Паўлоўскі паступова перайшоў з КМ у новастворанае «Этна-трыё Троіца», дзе грае дагэтуль.

Леанід Нарушэвіч з Іванам Кірчуком, 2017 год

6. «Чараўнік і баба» (2000)

Гэты альбом, запісаны трыё Нарушэвіч — ПаўлоўскіХітрак, завяршаў першы этап існаваньня КМ. Ён жа стаў пропускам у праграму «Антропология» на расейским канале НТВ. Праз саксафаніста Яўгена Палейчука з ансамблю Ігара Мікалаева кружэлка апынулася ў тэлевядоўцы Дзьмітрыя Дзіброва, той паслухаў і даў дабро на запрашэньне. Паводле расповедаў Нарушэвіча, у Маскве «мышкіных» сустракаў аўтамабіль брытанскага консульства, спыніліся ў гатэлі ў цэнтры гораду таксама за кошт Вялікабрытаніі — дапамаглі знаёмыя. У фінале праграмы з КМ праз тэлефонную сувязь засьпявала этна-сьпявачка Ізольда Субоціна. Вось гэты архіўны відэазапіс.

«Князь Мышкін» зь Дзьмітрыем Дзібровым, 2001 год

7. «Лебедзьракдащука» (2003)

Праграму зафіксавалі падчас чарговага ваяжу ў сталіцу Расеі й выдалі на тамтэйшым лэйбле Akatzia. Стваральнік лэйблу, лідэр групы Alissed Jazz Аляксандар Алёхін сыграў на саксафонах. Разам зь ім КМ выступаў ня толькі ў Маскве, але й у Піцеры, Уладзімеры, Менску ды запісаў 4 альбомы. З расейскіх авангардыстаў партнэрамі Нарушэвіча станавіліся таксама Васілій К., Ян Бэдэрман і Сяргей Летаў. З украінцаў — Юры Ярэмчук, Марк Токар, Дзьмітры Радзецкі, Аляксандар Фразэ-Фразэнка. Кампазыцыя «Лебедзьракдащука» стала інсьпірацыяй для аднаго вершаў з кнігі магілеўскага паэта Дзьмітрыя Дзьмітрыева «Эффект наблюдателя»: «Волны вылупливаются из камней, брошенных в привычный бульон…»

«Князь Мышкін» у складзе з Аляксандрам Алёхіным у Маскве, 2006 год

8. «На Куцьцю» (2008)

У XXI ст. КМ сканцэнтраваўся на запісах з канцэртаў. Выключэньне складаюць толькі тры студыйнікі. «На Куцьцю» паводле аднайменнае паэмы Янкі Купалы — адзін зь іх. Ідэя альбома належыць журналісту Зьмітру Падбярэзскаму, ён жа выступіў у якасьці дэкляматара. Запіс прайшоў у хатняй студыі на завулку Рабочым. Як адзначала ў «Белгазэце» Тацьцяна Заміроўская: «Гэта адна зь нямногіх працаў Мышкіна, якая мае на ўвазе паўтаральнасьць». Пасьля саматужнага выданьня праграма сапраўды двойчы выконвалася ўжывую, у тым ліку падчас прэзэнтацыі «Энцыкляпэдыі беларускае папулярнае музыкі». Альбом музыкі прысьвяцілі 90-годзьдзю БНР. Разгорнутым бонусам стала праведзеная прыблізна ў той жа час гукасэсія пад працоўным назовам «Сьлізгоцьце» з удзелам лепшага менскага біт-гітарыста 1968 году Яўгена Канавалава.

Леанід Нарушэвіч падчас фэсту «Альтэрнатыва» ў Празе, 2001 год

9. «Ноч з днём пасярэдзіне» (2010)

Яшчэ адна зь літаратурных праграмаў, якую КМ дэманстраваў тройчы. Паводле ідэі паэта й дасьледчыка Віктара Жыбуля, падставай сталі творы дзесяцёх рэпрэсаваных беларускіх літаратараў 1930-х. Віктар разам з жонкай Верай Бурлак у суправаджэньні Нарушэвіча й кампаніі агучыў тэксты Адама Бабарэкі, Уладзімера Дубоўкі, Алеся Дудара, Юлія Таўбіна ды іншых. Акром публікацыі ў Сеціве, альбом выйшаў саматужным чынам як CD-двайнік, запакаваны ў паштовыя капэрты, з супрэматычным аздабленьнем ды шматлікімі бонусамі.

Вера Бурлак, Віктар Жыбуль і Леанід Нарушэвіч

10. «Пэрыпэтыі» (2010)

Усяго апублікаваных і неапублікаваных запісаў з разнастайнымі паэтамі (Алесем Туровічам, Ярылам Пшанічным, Зьмітром Плянам, Сяргеем Верацілам, Георгіем Барташам ды іншымі) ў КМ набярэцца болей за дзясятак. Асаблівае месца займае альбом «Пэрыпэтыі» з удзелам расейскамоўнага аўтара Дзьмітрыя Строцава. У мэлядэклямацыю зь дзьвюх вялікіх частак арганічна ўпляліся сьпевы Ірэны Катвіцкай. Прычым, пра ейны ўдзел Нарушэвіч нікому з чальцоў праекту загадзя не паведаміў. 

Леанід Нарушэвіч і Віктар Сямашка з рок-каронай «За адданасьць жанру», 2010 год

11. «Палескія песьні» (2013)

Чарговы маштабны зварот да фальклёру. «Упершыню вакал заняў у гэтай праграме настолькі значнае месца», — адзначаў Леанід Аўскерн з «Jazz-квадрату». З КМ, акром Ірэны Катвіцкай, час ад часу пачаў выступаць Сяргей Доўгушаў. У праграме прагучалі абодва галасы. Разам зь Сяргеем у тым жа годзе гурт выправіўся ва Ўкраіну на фэст «АртПоле». Праз год тры беларускія электроншчыкі — Aortha, Generation Skweee і Roomdark — запісалі трыб’ют «Князю Мышкіну», грунтуючыся на «Палескіх песьнях». Увогуле, частымі кампаньёнамі Леаніда цягам 2010-х станавіліся менавіта электроншчыкі. Відэазапіс з запісу «Палескіх песень».

Леанід Нарушэвіч з Ірэнай Катвіцкай, 2013 год

12. «Кола» (2017)

Апошні альбом, які выйшаў пры жыцьці Леаніда Нарушэвіча з пазнакай «Князь Мышкін», але не апошні выступ. Імя рэлізу дала месца запісу — магілёўская грамадзкая пляцоўка «Цэнтар Кола». Музыкі сымбалічна далучаліся да Нарушэвіча адзін за адным — Раман Яраш, Алесь Сямашка, Максім Іўкін… У апошнія гады Нарушэвіч аддаваў перавагу разнастайным калябарацыям па-за КМ — у тым ліку з Алесем Плоткам, Тодарам Кашкурэвічам і Аляксеем Варсобам, браў удзел у сабранай летась Minsk Improvisers Orchestra. Найбліжэйшы выступ гэтай музычнай суполкі на фэсьце Sprava 4 жніўня будзе прысьвечаны памяці Леаніда Нарушэвіча

Віктар Сямашка, для TuzinFM, скарыстаныя фота з сайту гурта «Князь Мышкін» і старонкі Леаніда Нарушэвіча ў facebook.