Топ-5 беларускіх музыкаў ад Арцемія Троіцкага (аўдыё/відэа)
Падчас сустрэчы ў Менску расейскі музычны крытык назваў пяцёрку найлепшых беларускіх выканаўцаў. Адзін з названых гуртоў ён лічыць наогул найлепшым ва ўсёй усходнеславянскай музыцы.
Вядомы музычны журналіст Арцемій Троіцкі завітаў у Менск на запрашэньне кампаніі Andersen. У межах творчай сустрэчы ён сярод іншага падзяліўся меркаваньнем пра беларускіх музыкаў. Вашай увазе частка зь ягоных развагаў па тэме.
Галоўны чалавек у беларускай музыцы быў для мяне Вася Шугалей з гурта «Ы.Ы.Ы», на жаль яго забілі. Вася быў сапраўдны талент. Гэта быў маштабны талент! Вельмі своеасаблівы, энэргічны, вар’ят. Я такіх люблю больш за ўсё.
Другі беларускі гурт, які мне здаўна вельмі падабаецца — гэта этна-трыё «Троіца». Мажліва, гэта падасца гучнай заявай, але сярод музычных усходніх славян (маю на ўвазе беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў) наогул гэта найлепшы музычны калектыў, на мой густ. Бо ў Расеі, скажам, некаторыя падобныя праекты занадта нудныя і архаічныя. А калі музыкі спрабуюць зрабіць больш сучасны праект — абавязкова звальваюцца ў папсу, кшталту «Иван Купала», Пелагеі — таксама слухаць не ахвота. А вось у «Троіцы» ідэальны балянс паміж сапраўдным народным і ў той жа час у іх заўсёды ёсьць нешта актуальнае і нечаканае. Я лічу, што «Троіца» — гэта проста беларускае культурнае дасягненьне.
Яшчэ адзін хлопец, які мне заўсёды вельмі падабаўся — гэта Сяргей Міхалок. Варта сказаць, што я ўпадабаў яго задоўга да таго, як ён стаў пісаць паліт-рок, усе гэтыя «капіталы-маніфэсты». Мой улюбёны альбом «Ляпіса Трубецкога» — «Тяжкий». Гэта іх такая адносна раньняя праца, чыстая, як сьляза гопніка. Дзівосны альбом, проста энцыкляпэдыя жыцьця на кукішках. Увогуле Міхалок своеасаблівы, цікавы тып, чым ён мне заўсёды і падабаўся. Цяпер мне не падабаецца тое, што ён робіць. Я паслухаў запісы Brutto ды Drezden — ні адно, ні другое мяне ня ўразіла. Brutto проста нейкі тупізм. Drezden — у прынцыпе музыка, якую я люблю, такі васьмідзясяцкі сынты-поп, толькі я не зразумеў пра што гэтыя песьні і альбом досыць аднастайны. Міхалок паспрабаваў намацаць нейкія іншыя шляхі. Надакучыла яму быць у «марксізьме» і ў «гапізьме». Паспрабаваў некуды сунуцца, але і там, і там упёрся ў тупік.
Таксама мне спадабалася Port Mone trio. Мне асабліва спадабаўся іх альбом «Dip», які я разглядаў на Experty.by. На жаль, больш позьнія запісы Port Mone trio, якія мне трапляліся, падаліся занадта акадэмічнымі і досыць сумнымі.
А яшчэ мне вельмі падабаецца Лявон Вольскі. Асабліва мяне ўразіла адзіная ягоная расейскамоўная песьня на апошнім альбоме «Гравітацыя». «Русская песня» — гэта выдатная песьня, калі ня слухалі, то раю. Таленавіты беларускі хлопец сьпявае пра тое, як яго задзяўбала руская тэма. А навошта вам рускае? Вы беларусы і ніякія рускія для вас ня ёсьць аўтарытэтам. Вы самі бяз рускіх добра ва ўсім разьбярэцеся, у тым ліку і ў музыцы.
Цалкам развагі Арцемія Троіцкага пра беларускую музыку можна паслухаць на soundcloud-канале TuzinFM.
Запісала Натальля Стрыжак, TuzinFM, фота з старонкі Арцемія Троіцкага ў facebook
КАМЕНТАВАЦЬ