Jazz БССР-2. Джаз-аркестры Бэрліна 1920-х зь беларускім сьледам (аўдыё/фота)
У другой частцы зь перадгісторыі беларускага джазу аповед ідзе пра музыкаў, зьвязаных зь Беларусьсю, якія зрабілі кар’еру ў міжваенным Бэрліне.
На TuzinFM і «Радыё Рацыя» працягваецца дакумэнтальны музычны сэрыял пра беларускі джаз, які падрыхтаваў аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка. Другую частку аўтар адкрывае цытатаю Цішкі Гартнага, якая, магчыма, зьяўляецца першаю згадкаю пра джаз у прэсе БССР: «На першы раз прывыкшаму да камэрнае музыкі вуху робіцца незразумелым і як быццам бы хаосным, безмэлядыйным разухабісты, урачыствуючы экспансіўны гул джац-банда». Вашай увазе тузін тэзісаў з часткі, якая прысьвечаная міжваенным аркестрам Бэрліну зь беларускім сьледам. Цалкам праграму можна паслухаць у аўдыёпадкасьце аўтара на Mixcloud.
1. Як у 1939 годзе Беласток для польскіх джазмэнаў, гэтак Бэрлін 1920-х гадоў для музыкаў з былое Расейскае ды Аўстра-Вугорскае імпэрыяў стаўся пунктам прыцягненьня й плавільным катлом. У нямецкай сталіцы адбывалася шмат культурніцкіх працэсаў ва ўсіх відах мастацтва. Зьмены натуральна закранулі й танцавальную культуру. Бэрлін стаў адным з цэнтраў навамодных танцаў Эўропы разам з Парыжам ды Лёнданам. Горад ахапіла факстротная ліхаманка.
Трафейная паштоўка з Бэрліна (з архіву вэтэранкі 2-е Сусьветнае вайны Яніны Дадэркі)
2. Нямеччына ў тыя часы мела неблагія стасункі з БССР. Адзін са стваральнікаў і першы кіраўнік рэспублікі Зьміцер Жылуновіч наладзіў у Бэрліне выданьне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кнігаў, а таксама дасылаў карэспандэнцыі ў газэту «Савецкая Беларусь», адказным рэдактарам якое зьяўляўся. У тым ліку пісаў пра падпольныя кабарэ Бэрліну, лікёр-штубы, сяляў-рэстараны ды нахт-лёкалі.
3. Загадчык Белдзяржкіно Абрам Галкін у 1927 годзе паведамляў: «Адна з найбуйнейшых нямецкіх фірмаў „Фэбус-фільм“ прапанавала рабіць сумесныя здымкі». А беларускія сьпявачкі Ларыса Александроўкая й Ірма Яўнзэм выступілі на Міжнароднай музычнай выставе ў Франкфурце, дзе ў дадатак дэманстравалася калекцыя беларускіх народных інструмэнтаў.
Беларуская прэса пра ўдзел беларускіх сьпявачак у выставе ў Франкфурце, газэта «Рабочий» №33, 1927 г.
4. Цэлы шэраг модных танцавальных аркестраў заснавалі габрэі-скрыпачы з Усходу. У іх ліку — Сэм Баскіні. Капэльмайстар зь нібыта італьянскім прозьвішчам насамрэч нарадзіўся ў горадзе Барысаве, што пад Менскам, у 1890 годзе. Сапраўднае імя музыкі — Самуіл Баскінд (па-габрэйску Шмуэль).
5. Тры браты Баскінды ў дарэвалюцыйны час лічыліся найлепшымі клезьмерамі на Барысаўшчыне. Падчас Грамадзянскае вайны браты вырашылі зьехаць у Заходнюю Эўропу. У родным горадзе засталася іх малодшая сястра Геня, якая падчас Вялікага тэрору перажыла расстрэл мужа й баялася кантактаваць з братамі.
Фотаздымкі з Сэмам Баскіні розных гадоў, фота з сайту rosenbloom.info
6. У 1918 годзе Самуіл Баскінд апынуўся ў Бэрліне. Цягам 1920-х зьдзейсьніў са сваёй аркестрай Jazz-Symphoniker ды іншымі калектывамі болей за сотню запісаў танцавальнае музыкі, многія зь якіх захаваліся да нашага часу. Акром таго, былы барысавец аздобіў музыкай фільм «Der Meisterdieb» («Майстар-злодзей»).
7. Склад Jazz-Symphoniker вызначаўся шматнацыянальнасьцю. У прыватнасьці, у аркестры працаваў чэскі піяніста й кампазытар Рудольф Антанін Дворскі. Цяпер ён лічыцца піянэрам чэскага джазу, і яго супольныя запісы з Баскіні трапляюць на сэрыйныя выданьні кшталту «Český Jazz 1920—1960». У той жа час з Баскіні супрацоўнічаў амэрыканскі саксафаніст й клярнэтыст Тэдзі Кляйн.
8. «Джаз-Сымфонікэры» сьпявалі на розных мовах: па-нямецку, па-ангельску, па-чэску. А таксама прапаноўвалі экзатычныя віды танцаў кшталту «арыентальны факстрот» альбо «алькагольны рэгтайм».
9. Шэраг запісаў аркестра Сэма Баскіні выканала з вакалістам Леа Манасонам, які ў папярэднім жыцьці быў паэтам-імажыністам ды камунікаваў зь Сяргеем Ясеніным. У Бэрліне ён стаў «кружэлкавым вакалістам» і карыстаўся ў сьпеве толькі нямецкай мовай.
10. У бэрлінскай «Танц-аркестры» Паўля Годвіна сьпяваў Арполін Нюма. Украінскі журналіст Алег Нестайка сьцьвярджае, што ў нямецкую сталіцу Нюма перабраўся праз Рыгу зь мястэчка пад Гомлем. Іншы дасьледчык Георгі Сухно ўпэўнены, што менавіта Арполін Нюма першым запісаў на кружэлку расейскамоўную вэрсію шлягеру «У самовара» (арыгінал быў па-польску).
Джаз-аркестра Паўля Годвіна, 1932 год, фота з сайту grammophon-platten.de
11. У аркестры Марэка Вэбэра таксама меўся адметны сьпявак. На латыскіх кружэлках яго пазначалі як Барыс Байкалаў, на нямецкіх — як Марэкс Беларусаў (Marex Belorussoff), відавочна, намякаючы на паходжаньне. Маскоўскі журналіст Анісім Гімэрвэрт піша, што ў рэчаіснасьці сьпевака звалі Марк Левін. Ён неаднойчы выступаў ды запісваўся ў Рызе. У падабенства з Арпаліным, біяграфія Левіна застаецца невядомай.
12. Менавіта Марэкс Беларусаў запісаў вялікі шэраг песень Оскара Строка, які паходзіў зь Віцебшчыны. У складзе аркестра Марка Вэбэра адзначыўся й малады трубач Эдзі Рознэр — будучы кіраўнік Дзяржаўнае джаз-аркестры БССР.
На загалоўным фота: Марэк Вэбэр з аркестрай
JAZZ БССР. 17 ВЕРАСЬНЯ 1939-ГА, ЧАСТКА 1 (+РАРЫТЭТНЫЯ АЎДЫЁ/ВІДЭА/ФОТА)
Віктар Сямашка, TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ