Млын узыходзячага Сонца (аўдыёпрэм’ера)
6920 / 0
26.11.2014

Млын узыходзячага Сонца (аўдыёпрэм’ера)

Удзельніца ўнікальнай каманды з Гомелю «Млын Сонца» Валянціна Міронава распавяла Tuzin.fm пра жанр фольк-фэнтазі, патлумачыла, чаму цікавей пісаць свае песьні, чым апрацоўваць бабульчыны сьпевы ды падзялілася плянамі па стварэньні «больш чым альбому».

Гурт «Млын Сонца» сфармаваўся пры канцы 2008 году, але цяперашні склад замаваўся толькі сёлета. Свой стыль музыкі называюць «фольк-фэнтэзі». Яны працуюць у кірунку традыцыйнай беларускай і эўрапейскай сярэднявечнай музыкі. Цікава, што значная частка іх рэпэртуару — аўтарскія кампазыцыі, напісаныя паэткай Вольгай Грынь па матывах, узятых з гісторыі і міталёгіі Беларусі. Вакалістка калектыву Валянціна Міронава кажа: «Мы вельмі шануем песьні, якія сьпявалі нашыя продкі, і з павагай ставімся да ўсіх, хто сёньня спрабуе іх актуалізаваць праз апрацоўку. Але ня меншую пяшчоту выклікаюць аўтарскія кампазыцыі: беларускія легенды і паданьні пераўтвараюцца ў песьні-гісторыі, песьні-баляды. Гэта складана, але неверагодна цікава і незвычайна. Сьвет беларускай міталёгіі надзвычай багаты, разнастайны, стракаты. І нам хацелася б ахапіць як мага больш цікавых сюжэтаў. Народныя песьні для апрацоўкі мы таксама стараемся абіраць такія, якія ілюструюць глыбіню і палітру мітічных уяўленьняў народу».

«Млын Сонца» не ідзе па простым шляху, які часам абіраюць гурты, працуючы ў фольку. «Пагадзіцеся, прасьцей узяць бабульчыну песьню ды проста яе апрацаваць, чым стварыць нешта новае на падставе нашых легендаў і паданьняў. Зразумела, што ў апрацоўцы народных песень ёсьць сапраўдныя майстры кшталту „Троіцы“, і сёньняшнім калектывам іх складана пераплюнуць. А аўтарская песня… тут нават сам творчы працэс нашмат глыбейшы, няма падставы-мэлёдыі, як у народнай, усё ствараецца з нуля. Ёсьць казка, легенда, паданьне ці нейкая сукупнасьць народных уяўленьняў — празаічны тэкст, зь яго ствараецца паэтычны тэкст, а вобразы, якія ў ім прысутнічаюць, рытміка вершу і сюжэт натхняюць на музыку. Гэта ўсё спалучаецца, і вось ужо гарэзлівы Чорт ці змрочны і пануры Ваўкалак знаходзяць выйсьце сваім вобразам ня толькі праз слова, але і праз музыку», — распавядае пра працэс стварэньня твораў Валянціна.

На Tuzin.fm гурт прадстаўляе адну з такіх кампазыцыяў — «Дзяўчына з замчышча» на словы Вольгі Грынь ды ўласную музыку. Тэкст напісаны паводле паданьня зь дзіцячай кнігі «Заклятыя скарбы», укладзенай і пераказанай Уладзімерам Ягоўдзікам.

На пачатку існаваньня гурта было тры асобы. Як кажа Валянціна, іх усіх аб’ядноўвалі сумнеўны ўзровень валоданьня інструмэнтамі і вялікая прага нешта рабіць. Першыя песьні былі напісаны на тэксты стваральніка гурта Ўладзімера Гатальскага. Але з таго першага складу засталася толькі спадарыня Міронава, яна грае на блёк-флейтах і дудзе ды сьпявае.

Склад гурта ўвесь час змяняўся, але надоўга засталіся ў калектыве Цімафей Палунін і Яніна Забалотная. Яніна — струнніца, сапраўдны прафэсіянал і фанат сваёй справы, спачатку грала на домры, потым на мандаліне, а цяпер на бузукі, а зь цягам часу пачала сьпяваць у гурце.

Цімафей, прыйшоўшы ў калектыў, зацікавіўся вырабам народных інструмэнтаў, цяпер ён — мультыінструмэнталіст (думбек, гудок, дзіджэрыду, дзіджэрыбон, колавая ліра, дуда, разнастайная пэркусія). І ён таксама зь цягам часу пачаў сьпяваць. Гурт выкарыстоўвае акустычныя народныя інструмэнты, частку зь іх якраз і вырабіў Цімафей. У іх шмат зьмянілася бубначоў. Зь лета гэтага году ў калектыве замацавалася за гэтым інстрмэнтам Юлія Яначкіна.

Цяпер «Млын Сонца» рыхтуе маштабны праект — «больш чым альбом», як кажуць удзельнікі каманды. Яны хочуць спалучыць у адно вусную народную творчасьць, аўтарскую музыку і выяўленчае мастацтва.

Як прыклад сваёй творчасьці, «Млын Сонца» прапануе да ўвагі наведнікам Tuzin.fm уласную апрацоўку беларускай народнай песьні «Яшчур», якая ў традыцыі выконвалася падчас гульні.

Сачыць за навінамі гурта «Млын Сонца» можна ў іх афіцыйнай суполцы.

Tuzin.fm, скарыстаныя фота Арцёма Гусева