Уладзімер Мацкевіч. Топ-12 без пэрспэктывы на доўгае жыцьцё (аўдыё)
3189 / 0
13.07.2016

Уладзімер Мацкевіч. Топ-12 без пэрспэктывы на доўгае жыцьцё (аўдыё)

Несуцяшальныя высновы зрабіў у сваім падсумаваньні вынікаў музычнага сэзону на Tuzin.fm філёзаф Уладзімер Мацкевіч. Абсалютная большасьць песень удзельнікаў чарту яму здалася другаснай, фармальнай і ніякай.

Скажу шчыра, захапленьня ў мяне ня выклiкала нi адна з кампазыцыяў. Чую шмат запазычаньняў цi паўтору пройдзенага. Такое адчуваньне, што музычнае разьвiцьцё спынiлася.

Напэўна найбольш цяжкi выпадак, гэта «Малітва» гурта Naka. Я не бяру ў разьлік нават скандал з гэтай нагоды. Тут справа ў iншым. Выдатная паэзiя наварочвае да сябе, яе можна класьцi на музыку i cьпяваць неаднаразова. Але кожнае новае выкананьне мусiць быць адпаведным сучаснасьцi, рэзанаваць з тым, што музыка, слухач, грамадзтва адчувае цяпер, улiчваць тое, чым мы заклапочаныя. А ў дадзеным выпадку ў памяцi прысутнiчае кампазыцыя «Песьняроў», якая ўжо выглядае cьпевам зь мiнулых часоу, але нават у параўнаньнi з «Малiтвай» Уладзімера Мулявіна, «Малiтва» Насты Шпакоўскай выглядае фармальнай i нiякай, нават пры тым, што прысутнічае надрыў у голасе i прыцягнуты патас.

Трохi па iншых прычынах амаль такое ж уражаньне пакiдаюць спробы зьвяртацца да фальклёрных матываў i псэўданароднай манеры выкананьня, яны таксама выглядаюць другаснымi, эпiгонствам удалых твораў папярэднiкаў.

Трохi дзiўна, але яшчэ больш другаснасьць адчуваецца у нiбыта новых кiрунках i музычных плынях, такiх як мэтал цi рэп. Імкненьне ўсачыць за модай нiколi не спрыяе творчым дасягненьням, тым больш, калі гэтая мода спозьненая, учорашняя i пазаўчорашняя. Рэтра-стыль — справа тонкая, патрабуе пачуцьця меры, добрага густу, i разуменьня таго, што творца мае сказаць сучасьнiкам старымi cловамi i ў старой манеры, напрыклад, як калiсьцi гэта зрабiў Лявон Вольскi ў сваiм альбоме. Цi прыкладам можа быць «Народны альбом», пабудаваны на стылiзацыях рэтра, але з выразным пасылам i з новымi сэнсамi, нездарма ён жыве сваiм жыцьцём ужо 20 гадоў. Нiчога з пэрспэктывай «доўгага жыцьця» ў намiнаваных кампазыцыях я не адчуў.

Гэта сьпіс па альфабэце, бо не магу вызначыцца з рэйтынгам па месцах. Мог бы вылучыць з гэтых 12 меншы сьпіс, напрыклад пяці ці трох з тых, хто больш спадабаўся чым астатнія. Можа быць, з сумненьнем, я б вышэй мог ацанiць Allia, «Мама» i Navi, ды i тое паслухаўшы aкрамя пералiчаных кампазыцыяў, яшчэ i некаторыя iншыя. Хацелася б чагосьцi большага i aд Паўла Аракеляна, i aд Аляксандра Памiдорава, i… iншых, як ад мэтраў, так i aд малодшых.

Akute  О Божа мой

Allia  Мокрыя

Irdorath Быў. Ёсьць. Буду

Лявон Вольскі і 25 АББА Orkiestra Зямля

Мама  Cеяць вецер

Navi Плакалі ветры

NGe — Маяк

Nizkiz  Цемра

Ойра — Тваё маё сэрца

Re1ikt і Павал Аракелян Толькі сьнег

TonqiXod — Камняпад

Trubetskoy і Аляксандар Памідораў – Цуд на Каляды

Уладзімер Мацкевіч, для Tuzin.fm

Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, філёзаф, палітоляг, мэтадоляг, тэлевядучы. Нарадзіўся 14 траўня 1956 году ў г. Чарамхове (Іркуцкая вобласьць) у сям’і, дэпартаванай з Заходняй Беларусі. Аўтар канцэпцыі культурнай палітыкі, тэзысаў «Думаць Беларусь», «Мы — адзін народ», аўтар каля 50 навуковых прац, старшыня Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011—2016), заснавальнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, аўтар праграмы па стварэньні сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт». Працаваў у якасьці аўтара і вядучага на Беларускай тэлевізіі (1994—1997), кіраўніком і вядучым ток-шоў «Выбар» на ОНТ (2002—2003), з 2012 году — вядучы праграмы «Размова дня» на тэлеканале «Белсат».