
Сёлета на кінафестывалі «Лістапад» ня будзе традыцыйных прызоў ад Лукашэнкі
Пра гэта Беларускаму фонду культурнай салідарнасці паведамілі крыніцы з аргкамітэту фестывалю.
Узнагарода Лукашэнкі «За гуманізм і духоўнасць у кіно» ўручалася фільмам з духоўнай і маральнай праблематыкай.
Прыз «За захаванне і развіццё духоўнасці ў кінамастацтве» ўручалі ўдзельнікам фестывалю, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё кінематографа і ўвасабленне ў ім гуманістычных і духоўна-маральных ідэалаў.
«Мы перакананыя: недаступнасць культуры вядзе да згубы цывілізацыі. Гісторыя даказвала гэта не раз. Кінафестываль “Лістапад” стаў часткай нацыянальнай культуры. Усяму свету ён адкрывае беларускае кіно. Мы хочам, каб і нацыянальнае мастацтва, і наша гісторыя сталі часткай культуры сусветнай.
«Лістапад» - праваднік ідэй і светапоглядаў, дыялог мастака з намі пра сённяшні дзень, яго пазіцыя і яго прасвятленні. Герой усіх нашых фільмаў - чалавек свабодны і ствараючы. Сцвярджаць гэта - наша місія тут і цяпер.
З намі салідарныя сябры і калегі, кінематаграфісты ўсіх краін свету, дырэкцыі міжнародных фестываляў, оскараўскія лаўрэаты, кінакрытыкі і прадстаўнікі сусветных медыя. Гэта наша цвёрдае перакананне, наша вера і наша надзея», – гаворыцца ў каментары каманды фестывалю.
Таксама з сайту кінафестывалю прыбралі інфармацыю пра Генадзя Давыдзьку, які 10 год быў старшынём журы.
КАМЕНТАВАЦЬ