Андрусь Такінданг: “Радаваўся, што трапіліся не ў жніўні, а цяпер”. Вялікая гутарка пасля Акрэсціна
2970 / 0
27.11.2020

Андрусь Такінданг: “Радаваўся, што трапіліся не ў жніўні, а цяпер”. Вялікая гутарка пасля Акрэсціна

“15 сутак. Учатырох з музыкамі гурта “Рэха” мы правялі 15 сутак у зняволенні. Каб асэнсаваць час за кратамі, я вёў дзённік падзеяў, уражанняў. Замест уступу хачу зрабіць зноску для чытачоў з органаў: успрымайце, калі ласка, гэты тэкст як літаратурны экзэрсіс, а не як доказную базу”.

Так Андрусь Такіндаг пасля вызвалення з Акрэсціна вітаў усіх неабыякавых. Поўным складам гурт “Рэха” затрымалі 7 лістапада на Нёманскай, 4 – пасля дваровага канцэрта ў гонар адкрыцця мурала, узгодненага з ЖЭСам. Мы сустрэліся з Андрусём, каб пагаварыць пра тыя самыя “падзеі, уражанні”, пра ролю музыкаў у новым беларускім свеце ды іншае, што ў дзённік і папярэднія інтэрв’ю не ўвайшло.

 

“Ад пачатку восені насіў па двое шкарпэтак і красоўкі без шнуркоў”

 

У дзённіку ты кажаш, што прадчуваў затрыманне. Ці значыць гэта, што ты не здзівіўся, калі вашае таксі спынілі сілавікі? Ці можна быць да такога гатовым?

Быў спадзеў, што нас абмінуць, можа, пабягуць у двор лавіць жыхароў, а музыкаў не заўважаць… Была такая здрадніцкая думка. Асабіста я яшчэ ад пачатку восені апранаўся цёпла, насіў па двое шкарпэтак, штаны без дзягі, красоўкі без шнуркоў. Так што па адзенні я аказаўся гатовы. Гэта дазволіла захоўваць сябе ў чысціні яшчэ да таго, як атрымаў перадачу: майка сушыцца – хаджу ў кашулі...
 
Ты, можа, і для “Рэха” праводзіў такі інструктаж?..
 
Не, але ўсе мы ведалі пра гэта. І перад кожным канцэртам абмяркоўвалі, ці не варта зрабіць паўзу. А потым думаеш: ай, давайце яшчэ адзін адыграем!.. Мы адыгралі канцэртаў шэсцьдзесят; былі перыяды, калі ладзілі два выступы ў пятніцу, тры – у суботу і па адным – цягам тыдня штодня. Таму не было крыўдна, калі нас затрымалі: мы і ў той дзень некалькі канцэртаў адыгралі. Напярэдадні, 6 лістапада, выступ адмянілі самі жыхары, напісалі, што не змогуць гарантаваць бяспеку.
 
Чаму вы гэтым займаліся, ведаючы, якія ёсць рызыкі?
 
Бо гэта крута. Для музыканта самае вялікае шчасце – быць запатрабаваным. Класна далучыцца да салідарнасці народнай. Для нас гэта быў гонар. І аптымальны варыянт дзеяння. Некаму зручней актыўна праяўляць сябе на шэсцях, рабіць крэатыўныя плакаты, ладзіць перформансы на маршах. Некаму класна валанцёрыць. Для нас самай зручнай і зразумелай формай удзелу аказаліся дваровыя канцэрты.
 

Удзельнікі гурта "Рэха" розных часоў запісалі кавер на песню “На самым краі” на знак салідарнасці з затрыманымі музыкамі

 

Калі ты зразумеў, што трапіш менавіта на Акрэсціна – было страшна? У гэтага ізалятара рэпутацыя значна горшая, чым у Жодзіна, Баранавічаў, Капыля…
 
Напачатку нас адвезлі ў РУУС, склалі пратаколы, адбіткі пальцаў узялі, тэлефоны забралі. Самае непрыемнае, калі разумееш, што будуць чытаць перапіскі. Я спачатку сказаў: “Можна я не буду даваць код ад свайго тэлефона? Што на гэты конт кажуць законы?” А мне амапавец у адказ: “Шчас я цябе застаўлю! Шчас ты быстра мне ўсё тут даш!” Я, наколькі мог, рыхтаваўся, канечне, але цяжка ў шпіёна гуляць, калі ты дарослы чалавек, тэлефоны чысціць… Як быццам жонцы здраджваеш.
 
Калі ўжо сядзелі на Акрэсціна, размаўлялі з сукамернікамі: вось мы ўдваіх сядзім – а летам сядзела дваццаць. Нас у дворык вывелі, і мы разумеем: тут людзі гадзінамі стаялі, ляжалі… Мы разумелі, што гэта месца пакутаў, і была, ведаеш, нейкая своеасаблівая радасць, што мы трапіліся не ў жніўні, а цяпер, калі ўсё намнога больш лайтова. І наогул: я сядзеў з людзьмі, якіх на шэсці затрымлівалі, дык з імі абыходзіліся больш жорстка.
 
Чула сумневы, ці варта размаўляць з  сілавікамі па-беларуску, “правакаваць”. Якую моўную палітыку абраў ты?
 
Я па-беларуску размаўляў. І я заўважыў, што шмат у каго з “іх” – натуральнае беларускае маўленне, дзеканне-цеканне ўзорнае, відаць, многія з вёскі прыехалі. Асобна не чапляліся праз мову, адзін раз толькі, калі запытаў, ці не вызваліўся матрац, мне ў адказ гыркнулі “не вызваліўся!” Я так і не зразумеў: ці мне па-беларуску адказалі, ці проста перадражнілі.
 
Калі за гэтыя два тыдні табе было найбольш цяжка?
 
Спачатку знаходзішся ў троху шокавым стане, звыкаешся з новым месцам. Але я вырашыў, што адразу трэба ўключацца: пачаў адціскацца ад падлогі, мыць адзенне, абжываць камеру. Калі мы толькі прыйшлі, не было туалетнай паперы. Але пасля нам яе далі, і тады жыццё стала як песня. А потым частку нашых музыкаў перавялі, у мяне з’явіўся матрац –  больш не трэба на падлозе спаць! Санаторый! 
 
А ў перадачы што найбольш парадавала?
 
Нататнік і асадка. Ежы мне даволі было, кашы іхнія я спакойна еў. А яшчэ вада: паілі толькі два разы на дзень, і ўвесь час хацелася піць. Галоўнае там не хварэць. Калі не хварэеш – усё нармальна пераносіцца. З нашых музыкаў Кастусь (Лісецкі tuzinfm.by) захварэў: яго этапавалі ў Жодзіна, з Жодзіна – у Магілёў, а ў Магілёве не прынялі, таму што было відавочна, што ён заразны. Цяпер ён у шпіталі. Самае страшнае, што пасля хваробы яму, магчыма, трэба будзе даседжваць сем сутак. Лёня (Паўлёнак – tuzinfm.by) цяпер на ізаляцыі – хварэе дома з пацверджаным кавідам.
 
 
Ці зведаў ты на сабе легендарную беларускую салідарнасць?
 
Калі я выходзіў з Акрэсціна, нас процьма людзей сустракала, і жыхары з Нёманскай, дзе нас затрымалі, былі. Усе прапаноўвалі дапамогу, і пасля людзі пісалі, знаёмыя і незнаёмыя, і жыхары Нёманскай, і Фонд культуры… Пакуль што патрэбы такой няма, магчыма, калі будзем аплочваць нашае “ўтрыманне”, з’явіцца. Мы не адчуваем сябе самотнымі са сваёй праблемай. У нас ёсць усё неабходнае.

 

“Упэўнены, там ёсць людзі з добрымі якасцямі. Але яны робяць памылку” 

 

У тваім дзённіку фігуруе “нармальны міліцыянт”. Як ты лічыш, зараз усе, хто застаўся працаваць у сілавых структурах, злодзеі – ці ёсць людзі, якія “проста робяць сваю працу”?

У грамадстве моцная палярызацыя, і цяжка цяпер сказаць “проста праца”. Але гэта не выключае, што ў іх могуць быць цудоўныя асабістыя якасці, што яны могуць дзяцей любіць, спачуваць вязням… Яны і паміж сабой мацюкаюцца, сварацца, гэта таксічная праца, і калі яны груба ставяцца да затрыманых, то і паміж сабой так паводзяцца. Цяпер вялікая колькасць затрыманых, і, можа, яны не спраўляюцца са сваімі эмоцыямі – гэта ж не бамжа аднаго пасадзіць, плынь людзей бясконца ідзе. І так, яны зрываюцца. Упэўнены, там ёсць людзі з добрымі асабістымі якасцямі. Але яны робяць памылку.
 
Ты іх не асуджаеш?
 
Наадварот, шукаю магчымасць апраўдаць. Таму што ёсць розныя жыццёвыя сітуацыі, у кожнага чалавека – розная сіла характару, розны гарт, і мне прасцей шукаць апраўданні, чым асуджаць.
 
Пасля сутак не з’явілася гневу, агрэсіі, жадання помсціць?..
 
Яшчэ большае шкадаванне. Разумееш, я выходжу з Акрэсціна, і мяне сустракае процьма людзей: музыканты, сябры, знаёмыя і незнаёмыя, усе вітаюць, фоткаемся, віно п’ем… А яны куды выходзяць? Яны ўвесь час у турме. Гэта яны – вязні. Іх шкада. Іх ніхто не сустракае. Я паспрабаваў на сябе гэта прымерыць, і зразумеў, што я б такое не пацягнуў. Гэта нейкае пекла дабраахвотнае.  
 
Ты казаў, што калі молішся, то молішся таксама за міліцыянераў і амапаўцаў. Гэта праўда? Што ты просіш для іх?
 
На Акрэсціна я спрабаваў сваё жыццё духоўнае “пракачаць”: раніцай рабіў знак крыжа, увечары маліўся, перад ежай, яшчэ і малітоўнік атрымаў ад праваслаўнай царквы... Я пабачыў, што вязнем быць сумна, таму шчыра маліўся за сваіх сукамернікаў і іншых зняволеных. І таксама стала відавочна, як нявесела быць міліцыянерам: брахаць, лаяцца, служыць рэжыму – сабе я такога не пажадаў бы. І таксама абсалютна шчыра за іх маліўся. Чаго я прасіў – не ведаю… Пэўна, радасці, міласэрнасці божай для ўсіх, для бедных вязняў і для бедных міліцыянераў.

Заўважна, як весела ты пра свае прыгоды распавядаеш. Табе найбольш гумар дапамагаў, ці вера, ці ўсё разам?
 
І тое, і тое. Наогул, ты рыхтуешся да больш страшных рэчаў, што табе зараз будуць галаву адкручваць. Прыходзіш – а цябе не б’юць. І ты такі: “Ваў, крута, не б’юць!” – і настрой адразу падымаецца. Папраў шкарпэткі – добры настрой. Схадзіў пакакаў – добры настрой. Там колькасць нагодаў для радасці павялічваецца. А яшчэ ты разумееш, што могуць накінуць яшчэ 15 сутак, таму шукаеш яшчэ больш нагодаў для добрага настрою. 
 
А калі б цябе проста зараз паклікалі даць канцэрт – ты б змог?
 
Калі б запрасілі і быў шанец, што мяне не зловяць, я б падумаў, зразумеў, што мне страшна, – і пагадзіўся. Я патлумачу. Чаму мы гралі канцэрты нават тады, калі музыкаў пачалі лавіць? Таму што нам стала страшна, і я зразумеў: калі адмоўлюся праз гэты страх, ён будзе цягнуцца, будзе вісець нада мной, як дамоклаў меч. А калі кажаш: ай, будзе што будзе! – робіцца лягчэй. Ты ідзеш насуперак страху, каб не стаць ягоным псіхалагічным закладнікам. І цяпер я чакаю бліжэйшых маршаў, каб зразумець, як буду сябе адчуваць.

Ты ведаеш, ёсць людзі, якія робяць рэпосты, пішуць у сацсетках, падпісваюць звароты – але на акцыі не ходзяць, страшна. І праз гэта адчуваюць віну, пачынаюць самі сябе дакараць...

Гэта жэсць. Мы не павінны адчуваць віну. Ты сам вырашаеш, куды ісці, куды не ісці. Рызыкі відавочныя, і розныя бываюць сітуацыі. Вось я сядзеў – у мяне няма дзяцей. У Лёні – дачка малая. У Кастуся – дзве малыя дачкі. І мне больш-менш лёгка пагадзіцца на канцэрт. А яны адказныя за сваіх дзяцей, за жонак, у іх куды большыя рызыкі. Я ніякіх смелых учынкаў не здзяйсняю, максімум, чым рызыкую, - сваім асабістым камфортам. А хлопцы рызыкуюць сваімі сем’ямі. Так што няма чаго сябе дакараць, тут трэба выжыць усім і здароўе захаваць.

 

“Я ўжо даўно святкую перамогу – як толькі пабачыў Мінск у нацыянальных сцягах”

 

Як ты мяркуеш, чаму дваровыя канцэрты набылі такую шалёную папулярнасць?
 
Я дагэтуль шакаваны! Мы з музыкамі прыйшлі да думкі, што калі ёсць салідарнасць, людзям патрэбны нейкі голас. Гэта ідэнтыфікацыя – аддзяліць сябе ад садыстаў. “Яны” спяваюць “Любимую не отдают” – а што спяваем мы? Музыкі – іх голас. І не толькі музыкі: гісторыкі, тэатральныя дзеячы, паэты... Людзям недастаткова збірацца і моўчкі стаяць, або крычаць “Жыве Беларусь!” увесь час. Людзі сталі цікавыя адно адному. Калі раней полем беларускай цікаўнасці быў Дудзь, то цяпер у нас у саміх штосьці адбываецца, хочацца асэнсаваць самога сябе і наваколле.
 
Хтосьці кажа, што абуджэнне беларусаў – гэта цуд. У адказ чуецца абураны голас з боку беларускай інтэлігенцыі: які цуд, мы дваццаць гадоў працавалі дзеля гэтага дня!.. Як на цябе, уздым пайшоў сам сабою ці гэта напраўду заслуга людзей, якія працавалі “ў імя беларушчыны” з сярэдзіны 1990-х?
 
Я такога не чакаў. І мне хочацца цешыць сябе думкай, што, можа быць, і мы спрычыніліся таксама, і нашыя песні неяк паўплывалі, але мне цяжка ў гэта паверыць насамрэч – так многа людзей сталі гэтым цікавіцца. Вядома, былі светачы, што ўвесь час сядзелі ў турмах, адстойвалі дэмакратычныя прынцыпы і беларускую культуру, былі нязломнымі. Напэўна, і гэта спрацавала, – але і нешта іншае здарылася. Не ведаю, што.

Большасць пра тых самаахвярных людзей і не чула. Іх увогуле лічылі фрыкамі.

Так, яны ўспрымаліся як маргіналы, нямодныя мужчыны і жанчыны з дзевяностых, якія не ходзяць у кавярні, выкраслілі сябе з сучаснага жыцця… А цяпер, бачыш, усё аб’ядналася – і крэатыўны сектар, і змагары са стажам. Усе злавілі агульны рытм. Я ўражаны дагэтуль, што ўвесь Мінск – у бел-чырвона-белых сцягах. Калі пачыналася палітычныя кампанія, я думаў: толькі б не спалохаць людзей гэтай сімволікай нацыянальнай!.. А тут бачу, што самі людзі куды больш да яе звяртаюцца, куды болей крычаць “Жыве Беларусь”.

Я ўжо даўно святкую перамогу – як толькі пабачыў Мінск у нацыянальных сцягах. Для мяне ўжо ўсё спраўдзілася. Далей будуць расчараванні, цяжкасці, але зараз – самы рамантычны, прыгожы момант, самы пік, калі зло відавочнае і дабро відавочнае, калі людзі праяўляюць найлепшыя якасці – і тут жа, на кантрасце, хтосьці праяўляе найгоршае, той жа садызм. Вялікае шчасце – жыць у гэтым часе, адчуваць усю сур’ёзнасць і сапраўднасць жыцця.
 
Зразумела, што ў такім вялікім напружанні, на такой высокай ноце немагчыма доўга функцыянаваць. Доўга немагчыма быць высакароднымі. Пасля мы зноў зоймемся пабытовымі справамі, станем дбаць пра сябе, і дай божа, каб усё гэта адбывалася ўжо ў дэмакратычным рэчышчы, у вольнай Беларусі.
 
Так што я асабліва не чакаю цудоўных сюрпрызаў – усе цуды ўжо адбыліся. Я іх бачыў. Можна спакойна перагортваць старонку і жыць будзённым жыццём.

Ты ведаеш, некаторыя не хочуць “перагортваць старонку” – калі казаць у зразумела якім кантэксце. У людзей ёсць прага помсты.

Гэта непазбежна. Ім (супрацоўнікам сілавых структур – tuzinfm.by) будуць помсціць, і будуць жорстка з імі абыходзіцца. І зноўку на дапамогу прыйдуць айцішнікі, крэатыўныя рэстаратары, мастакі-музыкі, валанцёры – на дапамогу гэтым міліцыянтам, так. Але ёсць народны гнеў. Яны яго адчуюць рана ці позна. І прагрэсіўнай, вегетарыянскай частцы грамадства давядзецца сачыць за законнасцю. Найлепшы варыянт для гэтых міліцыянераў – суд, разбіральніцтва. Каб, адбыўшы пакаранне за “няправільны выбар”, яны супакоіліся, выдыхнулі і зноў сталі часткай беларускага грамадства.

 

Размаўляла Наста Грышчук, для TuzinFM.by