«Агатка». Народжаныя каб казку зрабіць быльлю (аўдыёпрэм’ера)
4639 / 0
08.04.2014

«Агатка». Народжаныя каб казку зрабіць быльлю (аўдыёпрэм’ера)

На Tuzin.fm cваю творчасьць прадстаўляе dream-band «Агатка» — гурт, які разам са звыклымі інструмэнтамі выкарыстоўвае цацкі, званочкі ды бразготкі, а сьпявае пра жывёлаў, расьліны, насякомых і птушак.

Самі музыкі з «Агаткі» называюць свой гурт «дрым-бэндам» і разам са звыклымі  гітарай, дарбукай, акардыёнам ды дудачкай выкарыстоўваюць дзіцячыя цацачкі, тыбэцкія званочкі, бразготкі-пішчалкі, бытавыя рэчы. Кажуць, што яны не ствараюць музыку пэўнага кірунку, а кіруюцца выключна шчырымі пачуцьцямі, тэатральнай вобразнасьцю і казачнасьцю свайго праяўленьня.

«Агатцы» гэтаю вясною роўна годзік. Каманду ўтварылі ўпяцёх. Асновай стала творчасьць Аляксандры Грахоўскай, акторкі, вядомай з фольк-тэатру «Госьціца». Яна зьяўляецца асноўнай вакалісткай. Ёй дапамагаюць Марыя Пятровіч, Павал Астравух, Іван Шыловіч ды Сяргей Сьцец, гітарыст гурта Znich. Музыкі ўжо маюць у сваім даробку live-альбом, складзены зь песень-казак для дзетак і дарослых на вершы беларускіх паэтаў: Івана Бурсава, Станіслава Кацубы, Жанны Левітан, Сяргея Новіка-Пяюна, Алега Старынчыка, Андрэя Хадановіча. Праграму прадставілі ўжо ў дзіцячым цэнтры «Ранак», пад адкрытым небам на вулiцы Карла Маркса, у Палацы дзяцей i моладзi, у iнтэрнаце для дзетак з парушэньнем слыху, у Менскім дзіцячым доме №7.

Аўдыё. Самая чульлівая песенька Dream-bandа «Агатка» — «Лісіца» на словы Івана Бурсава. На думку музыкаў, яна раскрывае саму сутнасьць і прыгажосьць «рыжай» душы гэтай жывёліны. Гэты твор найбольш яскрава адлюстроўвае адметнасьць гурта з рознахарактарнымі пройгрышамі дудачкі, акардэона.

«Наш гурт ня проста выконвае песьні, мы ладзім цэлае прадстаўленьне зь яскравымi танцавальна-інструмэнтальнымі замалёўкамi, актыўнымі гульнямi з заляй, міні-пэрфомансамi i сьвяточным настроем, — апавядае Аляксандра Грахоўская. — Вобразная сфэра нашага гурта ўзбагацілася тэмпэрамэнтным флямэнка, гарэзнай гульнёй пра каўбоя Джо, „завоблачным“ інструмэнталам з запусканьнем у залю дзясяткаў  самалёцікаў».

Калi ў першым альбоме галоўнымі героямі сьпеваў «Агаткі» зьяўляюцца розныя зьвяры, то цяпер музыкі пiшуць песьнi пра расьлiны, гародніну, насякомых, птушак. Працэс настолькі ўсіх захапіў, што да шэрагу аўтараў новай праграмы далучыўся нават гітарыст Сяргей Сьцец.

«Агатка» і надалей зьбіраецца даваць дабрачынныя выступы. Праўда тут ёсьць праблема. «Не заўжды ў нас атрымліваецца правесьці канцэрты там, куды нас запрашаюць з-за недахопу апаратуры. Як паказвае рэчаіснасьць, дабрачыннасьць — гэта не такая танная рэч, і на яе трэба яшчэ зарабіць. Аднак мы сьвята верым у казку, бо мы там жывем!» — кажа вакалістка гурта.

Аўдыё. Песьня «Фантан» на словы Андрэя Хадановіча. Яскравая, рытмічная кампазыцыя, акунаючая ў атмасфэру пырскаў, цёплага паветра, лета і радасьці. Менавіта гэты твор абралі для прэзэнтацыі на Tuzin.fm большасьць удзельнікаў «Агаткі».

SB, Tuzin.fm