
GUDA: «Мы рэалізавалі самы складаны праект у сваім жыцьці!» (аўдыёпрэм’ера)
Гурт GUDA выдаў ўнікальны праект зь вясельнымі сьпевамі. Гэты альбом запісаны ўпершыню дзевяць гадоў таму, але па сканчэньні працы ўвесь матэрыял адправілі на сьметнік.
Праект «Вясельле» прадстаўляе беларускую вясельную традыцыю ў разнастайнасьці рэгіянальнага гучаньня. Плыта прызначана для тых слухачоў, якія хацелі б увасобіць элемэнты традыцыйнага вясельля на сваім сьвяце. Выданьне зьмяшчае абрадавыя вясельныя сьпевы і музыку, а таксама апісаньні цікавых фрагмэнтаў вясельля, падыходзячых для ўвасабленьня ў сучасных умовах.
Кіраўнічка «Гудаў» Вікторыя Міхно кажа: «Нацыянальная спадчына належыць кожнаму з нас і кавалачак гэтага скарбу можна мець як частку асабістай гісторыі! Таму публічнае прайграваньне плыты на вясельлях толькі ўхваляецца! Увесь матэрыял прызначаецца для асабістага асэнсаваньня і ўвасабленьня». Гэты ўнікальны праект мог пабачыць сьвет значна раней. У 2005 годзе была запісана першая вэрсія альбому. Па сканчэньні працы ўвесь матэрыял быў …выкінуты на сьметнік. Вікторыя кажа, што паслухаўшы тую рэдакцыю плыты сьпявачкі вырашылі, што нечага бракуе. Праўда чаго менавіта — незразумела. «Мы працягнулі „бадзяцца ў цемры“, шукаючы невядома што. У працэсе пошукаў была падрыхтаваная цэлая плеяда таленавітых сьпявачак і дзякуючы іх незвычайнаму таленту, выканальніцкаму майстэрству і майстэрству пераўвасабленьня, паглыбленьню ў традыцыю праект сёньня пабачыў сьвет. І мы знайшлі адказы на свае пытаньні! Гэта быў самы складаны наш праект».
Агулам, «Вясельле» — трэці альбом гурта GUDA. Папярэднія — «Архаічныя абрадавыя сьпевы» (2002, перавыдаваўся ў 2007), «Ігры багоў» (2005). Таксама быў супольны рэліз GUDA і расейскага гурта раньняй музыкі Drolls пад назвай «Zаra», што выйшаў у Пецярбурзе ў 2006-м.
У запісе плыткі «Вясельле» ўзялі ўдзел 10 сьпявачак: Вольга Емяльянчык, Любоў Сівурава, Кацярына Акімава, Тацяна Яцкевіч, Вольга Тарасевіч, Ганна Сілівончык, Дар’я Зуева, Наста Шпілеўская, Натальля Краўцова і Вікторыя Міхно. Усе яны па выніку вельмі ганарацца тым гучаньнем, якое было дасягнута на дыску. Праект падтрымаў «Беларускі народны банк».
Прэзэнтацыя «Вясельля» адбудзецца 2 сакавіка ў моладзевым тэатры эстрады ў Менску. Да сьпявачак далучацца іншыя музыкі і танцоры — Алесь Лось, Аляксей Крукоўскі, Дзяніс Сухі, Вераніка Анцылеўская і Стас Чавус. Адмыслова да гэтага канцэрту GUDA абвесьціла кастынг вясельнікаў — тых, хто зьбіраецца браць шлюб цягам бліжэйшага месяца. Ім будзе падаравана магчымасьць паўдзельнічаць у канцэртнай праграме і адчуць магію старажытнага вясельнага абраду.
Падрабязнасьці пра праект «Вясельле», кастынг ды канцэрт 2 сакавіка можна дазнацца ў суполках гурта тут і тут, а таксама праз тэлефон +375 29 608-25-56.
Для наведнікаў Tuzin.fm гурт прадстаўляе адзін з самых паказальных і яркіх сьпеваў з праграмы «Вясельле» — «Ой, у каго-то на печы». Гэта песьня са Старадароскага раёну Менскай вобласьці. Яе сьпявалі, як пяклі каравай.
Tuzin.fm
Набыць кампакт з альбомам "Вясельле" можна тут:
http://prastora.by/muzyka/guda-viasiellie
КАМЕНТАВАЦЬ