Фэстываль «Травень»: крыштальная чысьціня беларускай музыкі
4059 / 1
23.04.2014

Фэстываль «Травень»: крыштальная чысьціня беларускай музыкі

Абвешчаны склад удзельнікаў першага акустычнага фэстывалю «Травень». 18 траўня на сцэне клюбу «Мулен Руж» выступяць гурты Re1ikt, «Людзі на балоце», HandmadE, праект Naka piano і спявачкі Тацяна Беланогая і Кася Камоцкая.

У фэсьце возьмуць удзел самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. Заяўлены выступ шасьці выканаўцаў. І кожны зь іх рыхтуе свой адметны сэт. Найлепшы беларускі гурт-2013 па вэрсіі парталу Tuzin.fm Re1ikt прадэманструе сваё новае гучаньне з духавымі інструмэнтамі, Naka piano сыграе пад акампанэмэнт піяніна новыя беларускія творы, поўным складам пакажа сваю абноўленую праграму гурт HandmadE, Тацяна Беланогая прадставіць нізку песень на словы Яўгеніі Янішчыц, а «Людзі на балоце» на вершы Дануты Бічэль, свае найлепшыя песьні за 25 гадоў, а таксама некалькі новых зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая.

 

Мерапрыемства ладзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, грамадзка-культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» і творчая каманда паб-клюбу «Графіці». «Мы зьбіраем на адной сцэне разам улюбёных музыкаў-сонграйтэраў, найлепшых прадстаўнікоў бард-року, гурты, якія з дапамогай толькі акустычных інструмэнтаў дасягаюць неверагоднага гучаньня і надаюць вялікую ўвагу Слову», — кажуць арганізатары фэстывалю.

«Травень» мае стаць традыцыйным і праходзіць двойчы на год. Ідэя фэстывалю акустычнай музыкі ўжо выклікала вялікі водгук у беларускіх музыкаў, таму вырашана абвесьціць адбор на другі фэст, які пройдзе ўжо гэтай восеньню. Да 18 траўня музыкі, якія працуюць у фармаце unplugged, могуць падаваць заявы на ўдзел у адборачных канцэртах, якія будуць праходзіць цэлае лета. Падрабязнасці пра ўмовы — тут.

Аўдыё, відэа, камэнтары ўдзельнікаў фэстывалю «Травень» — па гэтай спасылцы.

Tuzin.fm

18.05. Мінск, клуб «Мулен Руж» (вул. Кальварыйская, 1). Пачатак у 17:00. Фэстываль «Травень»: Re1ikt, «Людзі на балоце», HandmadE, Тацяна Беланогая, Naka piano і Кася Камоцкая. Вядучы — Алег Хаменка. Квіткі — 120 000 — 170 000 руб. (танцпляц на cайце Kvitki.by і ў клюбе «Графіці»; столікі — толькі ў клюбе «Графіці»).

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.04.2014 / 18:31

    Зьвяртаем увагу, што да 1.05. квіткі на "Травень" можна набыць таньней.

  • КАМЕНТАВАЦЬ