Топ-12 пачатку восені-2019 (аўдыё)
2832 / 0
18.09.2019

Топ-12 пачатку восені-2019 (аўдыё)

Традыцыйны агляд новых трэкаў на TuzinFM — новы соўл, рэп, рок, альтэрнатыва і фольк-рок на беларускай мове.

Dee Tree — Сьпякота

Новы трэк ад соўл-каманды зь Менску Dee Tree на чале з вакалісткаю Валерыяй Дэле. Ад моманту іх чароўнага сэту ў Belsat Music Live у гурце адбыліся зьмены ў складзе (клявішнікам цяпер у іх — Канстанцін Гарачы), іх заўважыў лэйбл Івана Дорна, дзе яны выдалі дэбютны альбом. «Сьпякота» — іх новая праца, напісаная пад натхненьнем ад гарачага беларускага лета. Болей пра трэк.

ZrabiBoss

Дэбютны сынгл ад рэп-праекту сьпявачкі і мадэлькі Барбары Гузарэвіч, у якім яна дае адлуп уяўнаму інтэрнэт-тролю. Увесь прадакшн падкрэсьлена зроблены ў глямурным стылі, каб паказаць, што і тут беларуская мова дарэчы. На верасень рыхтуецца новы рэліз. Болей пра праект і трэк.

Incerto — Тату трыюмфу

Альтэрнатыўны менскі гурт Incerto выдаў першы самотнік са свайго будучага EP. У анатацыі да песьні «Тату трыюмфу» музыкі зазначаюць: «На шляху да посьпеху нас заўсёды чакаюць праблемы, пытаньні, небясьпека, мы робім памылкі і вучымся на іх. Гэтыя памылкі застаюцца шнарамі на душы як тату, якое прывядзе вас да трыюмфу».

Ворона — Аб чым мараць зоркі

Гурт «Ворона» рэалізаваў свой прыз, які атрымаў у межах конкурсу «Калядны фэст». Трэк прысьвечаны галоўнаму зорападу году — Пэрсеідам. «Давайце глядзець на зьнiчкi i жадаць, каб усе закаханыя былi разам!» — кажа Алёна Варона з нагоды прэзэнтацыі трэку. Сынгл запісаны пры падтрымцы фонду «Вяртаньне» і лэйблу БМАgroup.

Darya — Калыханка

Дэбютны сынгл ад фэнтазі-фольк праекту з Баранавічаў, які заснавала сьпявачка Дар’я Шалуха і паэт Аляксандар Міхан. Меркавалася спачатку, што гэта будзе кавэр-праект з аўтарскімі перакладамі тэкстаў, але па выніку паўстаў цалкам аўтарскі праект. Дар’я і Аляксандар кажуць, што іх натхняе на творчасьць беларуская прырода, а ў сваіх песьнях яны ствараюць чароўны сьвет. Таму і музычны кірунак абраны адпаведны.

Atesta — Ажыны

Выхад новага трэку  музыкі прымеркавалі да гадавіны сваёй дзейнасьці. Праект Atesta распачаўся акурат на пачатку верасьня 2018 году. «Мы прайшлі гэты год вялікімі крокамі і я вельмі ўдзячная людзям, якія мяне падтрымалі. Гэта ня толькі музыкі, якія ўвайшлі ў склад гурта, але і Ўладзіслаў Наважылаў з Gods Tower, і паэт Алесь Плотка, на вершы якога напісана 5 песень, у тым ліку і гэтая», — кажа сьпявачка Ўльляна Паўловіч.

MorkvoЦвет — Нехта ідзе

Сынгл, які анансуе другі поўнафарматны альбом гурта. «Гэта песьня пра натхненьне. Нечакана і раптоўна зьяўляецца Нехта, хапае цябе за горла, адрывае ад зямлі і ты, бясьсільна боўтаючы нагамі, губляеш сувязь з рэальнасьцю і проста выпадаеш з жыцьця. Раствараючыся ў часе, ты пішаш, пішаш, пішаш, пішаш… А калі ачуняеш, то ня можаш успомніць, што ж менавіта адбывалася. Толькі гул у трубах і батарэе ды сьлед на лісьце паперы гавораць пра тое, што гэты Нехта, хутчэй за ўсё, яшчэ вернецца…» — так музыкі прэзэнтуюць свой трэк. Запіс адбываўся на дзьвюх студыях — «Vozdookh» у Берасьці (гукарэжысэр Андрэй Багданаў) і EverestMedia у Менску (гукарэжысэр Павал Сініла).

Cпрат — Беларускі рок-н-рол

Сваю новую песьню гурт «Спрат» выконвае разам з запрошанымі вакалістамі — культавымі асобамі берасьцейскае сцэны. У запісе cынглу ўзялі ўдзел Алесь Лютыч (:B:N:), Павал Прохараў (Sciana), Алег Сьцепанюк і Мікалай Семітка (Onegin), Сяргей Стэцюк («Сразу май»), Улад Філіпаў («Слайды»),  Ільля Курачкін (D_Tails). «Хочацца падзякаваць людзям, якія па-свойму ўвасабляюць натхненьне і робяць гэта з густам, гумарам і душою. Гэта важна асабліва сёньня, калі натхненьне можа замяніць жаданьне атрымаць прыбытак без асаблівага прыкладаньня высілкаў», — заявіў вакаліст «Спрату» Зьміцер Сянько з нагоды прэм’еры. На песьню таксама было зьнятае музычнае відэа. Сынгл даступны на асноўных музычных плятформах.

Nubir — Зьмяіны цар

Новы запіс one-man band зь Віцебску, першы пасьля выхаду альбому «Школа жыцьця». Аўтар і выканаўца Міхаіл Рубін называе гэтую песьню на словы Максіма Багдановіча — адной з сваіх найлепшых: «Паэзія Багдановіча па-сапраўднаму адкрылася мне пасьля эсэ Бахарэвіча з „Гамбурскага рахунку“. Гэтая песьня была напісаная ў траўні 2018 году, шмат выконвалася пад гітару і нават з гуртом. Той варыянт, што вы чуеце — цалкам аўтарскае бачаньне, я ішоў да яго амаль год». Стылістыку свайго твору выканаўца вызначае як лоў-фай і дарк-фольк.

СолнцелунАДакраніся да каранёў

Беларускамоўны трэк ад дуэту, які базуецца ў Маскве, але ўдзельнікі яго паходзяць зь Беларусі. Яны вызначаюць свой стыль як этна-блюз, хоць сумяшчаюць розныя жанры, выкарыстоўваюць падчас выступаў і запісу безьліч інструмэнтаў. Песьня «Дакраніся да каранёў» надзвычай важная для музыкаў: «Яна нарадзілася сярод ночы, калі мы чарговы раз прыехалі на Радзіму і адкрыла нам ваконца да саміх сябе. Яна пра тое, што толькі пры ўсьведамленьні сваіх уласных вытокаў чалавек становіцца па-сапраўднаму прыгожым і робіць прыгажэйшым сьвет, у якім жыве», — кажа сьпявачка Алеся Алесіевіч.

Vuraj — Талака

Летняя прэм’ера ад гурта Сяргея Доўгушава, які вярнуўся ў Беларусь пасьля паўгадовай вандроўкі па ЗША. «Наведнікі нашых канцэртаў ведаюць, што слова „талака“ трэба казаць адначасова і ўсім разам. Гэта песьня пра яднаньне, якую мы з задавальньнем граем на сваіх выступах, а цяпер урэшце запісалі і ў студыі», — кажа Сяргей. На запісе гэтай песьні да музыкаў «Вураю» далучыўся таксама бас-гітарыст Dee Tree Філіп Петчанка, а запісалі твор на студыі Everest.

Aratseya — Не жар

Новы «сьпякотны трэк» ад фольк-гурта Aratseya. За аснову кампазыцыі музыкі ўзялі беларускую народную песьню «Не жар загаряе». «Літаратурны сэнс тэксту нясе ў сабе старажытную народную мудрасць, якая актуальна і ў наш час — выбіраць сабе пару трэба ня толькі па прыгажосьці, але і ўлічваць іншыя чалавечыя якасьці», — кажа вакалістка каманды Эльвіра Бараноўская і дадае, што ў песьні таксама прысутнічае своеасаблівы заклік да добрага надвор’я, які асабліва актуальны падчас выступаў гурта на фэстах. У падтрымку сынглу гурт таксама прэзэнтаваў музычнае відэа.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

ТОП ЛЕТА-2019

ТОП-12 ПАЧАТКУ ЛЕТА

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM