Любоў Сівурава: «Вечнасьць ёсьць. Проста нам мала пра яе вядома» (дэбютны сынгл SivaLove)
5460 / 0
14.02.2014

Любоў Сівурава: «Вечнасьць ёсьць. Проста нам мала пра яе вядома» (дэбютны сынгл SivaLove)

Cьпявачка Любоў Сівурава ў інтэрвію Tuzin.fm прадставіла свой сольны праект і дэбютны сынгл, а таксама распавяла пра выступы з Надзеяй Бабкінай ды прызналася ў любові да Depeche Mode.

Любоў Сівурава кіруе творчым аб’яднаньнем «Сябрына», выкладае ва ўнівэрсытэце культуры і сьпявае ў гурце Guda. Недзе з тры гады таму яна нечакана для сябе самой адкрыла паэтычныя здольнасьці. Дзякуючы гэтаму па-сутнасьці і паўстаў яе сольны праект.

ТГ: Якая перадгісторыя вашага праекту?

Я раптоўна пачала пісаць вершы. Да мяне сыстэматычна пачалі прыходзіць вобразы, я іх выказвала ў рыфмаванай форме. Зьявіліся этнаграфічная замалёўка да танца «Базар», шмат дзіцячых вершаў, адна гумарыстычная паэма. У сілу майго характару адбыўся ўхіл у жартоўныя вобразы і сюжэты. Лірычныя ды эпічныя творы паўставалі даволі рэдка. Аднойчы, а дакладней 5 кастрычніка 2012, нарадзіўся верш «Да вечнасьці». Затым ён атрымаў  выяўленчае ўвасабленьне ― я падабрала адпаведныя тэме ілюстрацыі, зрабіла прэзэнтацыю і час ад часу праглядала яе. Тэма вечнасьці працягвала мяне турбаваць. Па-сутнасьці, гэты твор стаў пускавым мэханізмам майго сольнага праекту.

ТГ: Як паўстала ідэя першай кампазыцыі?

Аднойчы пры размове зь Сяргеем Ваўком я прачытала яму гэты верш. У мяне было адчуваньне, што мы нечым роднасныя ў мастацкім мысленьні. Я чула ў яго музыцы, зь якой, дарэчы, была знаёма даволі апасродкавана, нешта касьмічнае.

Прайшоў час. Ён кажа: «Складзі музыку да гэтага твору». Аднак, верш ня меў музычнай формы, гэта ў ім не было закладзена ад пачатку. Тады ён кажа: «Станавіся да мікрафона і сьпявай тое, что ты адчуваеш!» «Як гэта?» ― зьдзівілася я. «Сьпявай, ня думай!» І я пачала сьпяваць. Так цягнулася гадзіны дзьве ці тры. Там была і замова, і рэчытатыў, і гукі прыроды, і розныя эмоцыі. Такая пастаноўка творчай задачы адкрыла шлях у невядомае, вызваліла мяне ад праграм і стэрэатыпаў. Гэта было дзівосна! Сяргей зрабіў мікс з таго, што атрымалася, на свой мастацкі густ. І пайшла праца. Пачалося разьвіцьцё музычнай тэмы, якая найбольш спадабалася абодвум.

На першы запіс я прывяла Дар’ю Зуеву. Яна насьпявала тое, што вы чуеце ў праекце. Былі запрошаны музыканты зь ліку маіх знаёмых, якія валодалі рознымі інструмэнтамі ― Зьміцер Сідаровіч, Антон Гліністы. На гітары і фартэпіяна сыграў сам Сяргей, менавіта так, як ён гэта ўяўляў. Мне, дарэчы, вельмі спадабалася.

Твор усё больш і больш нас натхняў і хваляваў, вымагаў да сябе ўвагі. Ён вытрымаў некалькі рэдакцыяў. Праца цягнулася зь невялікімі перапынкамі ажно чатыры месяцы. Ведаючы спэцыфіку творчай дзейнасьці, я пачала хвалявацца, што гэта будзе бясконца. Яна адцягвала ад новых твораў, якія таксама жадалі нарадзіцца. Нарэшце было прынята рашэньне паставіць кропку. Цяпер вы можаце пачуць, што ўрэшце рэшт атрымалася. Але ня факт, што гэта будзе адзіны і канчатковы варыянт кампазыцыі.

ТГ: У чым філязофія сынглу і праекту ў цэлым?

Наш дэбютны твор — зусім ня песьня ў звычайным яе разуменьні. Яна нарадзілася як вакаліз, як роздум, як вольнае мастацкае выказваньне таго, што немагчыма сказаць словамі, але можна сказаць голасам. Хутчэй гэта «мысьлевобраз», як кажуць філёзафы. Гэта стан.

Памятаеце ў Чэхава: «Почему люди не летают так, как птицы?» Мы сваей творчасьцю сьцьвярджаем: «Людзі ўмеюць лётаць. Яны лётаюць!» Узгадайце фільм «Аватар». Напэўна, гэта наш прыродны стан, які калісьці быў страчаны чалавецтвам.

Чалавек працягвае лётаць у сне. Ён здольны перамяшчацца ў прасторы і часе сілай думкі, сілай уяўленьняў. Наша музыка заклікана вызваляць, перамяшчаць душу ў новую рэальнасьць, над-Быцьцё.

Вечнасьць ёсьць. Проста нам мала пра яе вядома. Большасьць людзей існуе на самым прымітыўным, побытавым узроўні. Задавальняе адмыслова толькі свае базавыя патрэбы…

Аднак жа людзям вядомыя вечныя каштоўнасьці ― Каханьне, Прыгажосьць, Гуманізм, Справядлівасьць. Яны непадуладныя часу. Калі пераступаеш мяжу будзёнасьці, то можна трапіць у прастору, дзе існуюць гэтыя вечныя каштоўнасьці. Туды час ад часу патрапляюць творцы ― музыканты, кампазытары, мастакі. Яны распавядаюць звычайным людзям пра гэты чароўны сьвет сілай свайго таленту, які атрымлівае выражэньне ў формах мастацкіх твораў. Калі мастак рэзануе са сваім часам і соцыюмам, за ім ідуць людзі. Сапраўдны мастак натхняе, узвышае, узьвялічвае, запальвае ў душах сьветач, спраўджвае мары, адным словам, адкрывае шлях да Вечнасьці.

Так што адказ на Ваша пытаньне адначасова і просты, і складаны ― наш твор пра Вечнасьць. Гэта тое, да чаго трэба імкнуцца і куды варта патрапіць кожнаму з нас.

ТГ: Ці маеце намер выступаць ужывую?

Намер такі ёсьць. Ідзе праца над стварэньнем сольнай праграмы. Але я ня схільна сьпяшацца, паскараць працэс. Праца будзе ісьці мэтадычна, паступова, удумліва і сур’ёзна. Трэба добра падрыхтавацца да таго, ааб сустракацца з гледачом і слухачом «тэт-а-тэт», стварыць грунтоўны базіс. Публічная і канцэртная дзейнасьць для мяне не зьяўляецца нечым новым. Больш за пятнаццаць гадоў я выходжу на розныя сцэны ― і вялікія, і малыя. Мне вядомы гэты цудоўны допінг, які ідзе ад людзей. Гэта ня толькі неверагодная радасьць, але і адпаведная адказнасьць. Я патрабавальна стаўлюся да сябе і хачу дасягнуць планкі, якую стаўлю і пастаянна падвышаю.

ТГ: На сёньня ці ёсьць у вас жывы склад?

З прычыны навізны праекту пакуль у гэтым не ўзьнікала патрэбы. Праца вялася ў студыйных умовах. Калі пасьля завяршэньня запісу надарыцца патрэба разгарнуць канцэртную дзейнасьць, я ня бачу аніякіх праблем у тым, каб далучыць музыкантаў і выступаць пастаянным складам. Калі наша творчасьць спадабаецца і будзе запатрабавана, публіка атрымае наш прадукт у розных варыянтах і найлепшым чынам «згатаваным» выглядзе.

ТГ: Вы ўжо доўгі час выходзіце на сцэну, але шырокаму колу пра вас практычна нічога невядома. З кім вы супрацоўнічалі і выступалі, чым ганарыцеся?

За больш як 15-гадовы час канцэртнай дзейнасьці з групай Guda я ўжо з многімі выканаўцамі сустракалася на адных сцэнах. Гэта Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка і група «Палац», Іван Кірчук і яго «Троіца», «Нагуаль», «Крамбамбуля», Neuro Dubel, амаль усе сучасныя маладыя і не зусім маладыя суполкі, якія працуюць у стылістыцы этна-ф’южн. Больш за тое, зь некаторымі меліся супольныя праекты. Брала ўдзел у нацыянальным фэстывалі беларускай эстраднай песьні «Маладэчна», саліравала на «Рок-каранацыі». Адным словам, ёсьць што ўзгадаць і пра што распавесьці.

Я ніколі не імкнуся за сучаснай модай ні ў чым. Так, ніколі не пагаджуся зрабіць сабе татуіроўку ці пірсінг, нарасьціць пазногці, апрануць на сябе вопратку, якая мяне не ўпрыгожвае. Не ў маіх правілах вылузгвацца са скуры, каб падабацца многім. Я сачу за мастацкім працэсам, нават удзельнічаю ў ім. Гадоў каля дваццаці займаюся культуралягічным аналізам зьяваў аматарскай мастацкай творчасьці. А гэта шырокая плыня, якая адлюструе сьветапогляд нацыі.

Я не зьяўляюся мэдыйнай асобай, не імкнуся штодня быць «у этэры». Калі цікавяцца маім меркаваньнем, запрашаюць асабіста, я іду насустрач. Мае думкі і вобраз не застаюцца не заўважанымі. Аднак, ва ўсё трэба ўнікаць, на ўсім засяроджвацца. Мне шкада асабістых высілкаў і часу для таго, каб браць удзел у шэраговых мерапрыемствах, шматлікіх ток-шоў. Па характары я чалавек крыху адасоблены, аналітык. Я ня буду ўжываць тое, што шырока рэклямуецца, але не нясе ў сабе глыбіні, індывідуальнасьці, шчырасьці, таленту. За гады навукова-творчай і мастацкай дзейнасьці сфармаваўся адметны і своеасаблівы густ, які грунтуецца на сур’ёзных тэарэтычных падмурках.

ТГ: Якая музыка вас асабіста натхняе?

Магутнай энэргетыкай мяне напаўняе фальклёр. Як крынічная вада празь зямныя напластаваньні, ён прасочваецца праз стагодзьдзі. У ім адлюстраваны этнічны характар народу. Прычым, падабаецца мастацтва розных народаў ― грузінская, баўгарская, індыйская музыка… Калі я была на адпачынку на Кіпры ў пачатку восені я хадзіла «на бузукі» ― танцавальныя вечарыны і зь вялікім задавальненьнем танчыла там з карыфеямі гэтага віду народнай творчасьці.

Адначасова мяне вабіць інтэлектуальная, клясычная сымфанічная музыка. Вельмі бярэ за душу смыковая, лагодзіць слых духавая інструмэнтальная музыка. Даўно хачу пасьпяваць з эстрадна-сымфанічным аркестрам. Спадзяюся, што дажыву да гэтага часу і мая мара спраўдзіцца. Галоўнае, што я дазваляю сабе не баяцца гэтага.

Натуральна, што больш за ўсё мяне прываблівае вакальная творчасьць. Фанацею ад прыродных і разьвітых жаночых галасоў, дасканалага валоданьня імі. Люблю слухаць жаночыя ансамблі, харавыя калектывы, дзе чуюцца ідэальныя сугуччы. Я б марыла пасьпяваць з Марыяй Каляс, аднак мы крышачку разышліся ў часе. На працягу апошніх некалькі месяцаў я пачынаю кожны свой дзень зь яе музыкай, цешуся непераўзыдзенай прыгажосьці голасам гэтай сьпявачкі. Ня вельмі шмат, але падабаюцца іншыя опэрныя сьпявачкі.

Мяне натхняе ўкраінская сьпявачка Ніна Матвіенка. Вельмі люблю яе чароўны, пяшчотны голас. «Квітка-душа» ― сапраўды нацыянальны высокамастацкі твор.

З замежных сьпявачак падабаецца Лара Фабіян. З расейскіх выканаўцаў блізкай па стылістыцы і голасавядзеньні да мяне зьяўляюцца галасы і творчасьць Іны Жаланай, Пэлагеі. Пра сваё жаданьне разам пасьпяваць я неяк нават напісала Іне на яе электронную скрыню. Думаю, што яна палічыла гэта за нахабства і палічыла, што ня варта адказваць нікому невядомай беларускай жанчыне.

Шырокія выканальніцкія магчымасьці мае ансамбль «Русская песня» пад кіраўніцтвам Надзеі Бабкінай. У 2012 годзе я разам з групай Guda брала ўдзел ва Ўсерасейскім фэстывалі песеннай творчасьці «Чыстыя вытокі», які ладзіцца Расейскай акадэміяй імя Гнесіных. Падчас гала-канцэрту мы выступалі з гэтым калектывам на адной сцэне. Неапасродкаванае ўражаньне ад выкананьня імі непапсовых, сур’езных і складных музычных твораў мяне натхніла і вельмі ўзрадавала. Іх вылучала сьпетасьць, чыстае гучаньне, глыбокае, улюбёнае пранікненьне ў мастацкі вобраз. Высокі прафэсіяналізм, адным словам. Я думаю, што як сапраўды творчы чалавек спадарыня Надзея адгукнулася б на прапанову дакрануцца да каранёвай беларускай сьпеўнай традыцыі.

З радасьцю сьпяваю гіты Pink Floyd, The Beatles, Depeche Mode і іншых знакамітых калектываў. Выконваць шэдэўры, якія вытрымалі выпрабаваньне часам ― гэта аграменная школа!

Ні ў жыцьці, ні ў творчасьці я не цярплю разбурэньня. Некаторая сучасная музыка вельмі агрэсіўная і разбуральна ўздзейнічае на сьвядомасьць. Такую музыку я адчуваю зь першых трох нот і пазьбягаю яе.

ТГ: Ці ёсьць у вас якія-небудзь чаканьні ад рэлізу першага трэку?

Я разумею, што патрэбны EP, а найлепш ― паўнавартасная праграма. Аднак жа, на гэта мусіць быць выдаткавана дастатковая колькасьць часу. Зараз нам як аўтарам неабходны рэзананс, першапачатковая ацэнка творчасьці. Мяркую, што можна ўтульненька сабрацца зь сябрамі зь ліку дзеячаў музычнага мастацтва, каб паслухаць, параіцца, абмеркаваць пэрспэктывы. Гэта мусяць быць інтэлектуалы, якія робяць надвор’е ў сучаснай музычнай культуры і якія паставяцца да праекту добразычліва. Мой давер выклікаюць Алег Хаменка, Віталь Супрановіч, Вячаслаў Калацэй, Сяргей Будкін Пакуль такога «закрытага праслухоўваньня» было б дастаткова. І адначасова рыхтаваць сынгл, тры-чатыры рознапланавыя творы.

ТГ: Ці можаце сказаць, што ў вас ёсьць каманда? І ці ў прынцыпе патрэбная вам каманда тая?

На музычным полі, як і на любым іншым, адзін чалавек ― «ня воін». Трэба думаць над фармаваньнем каманды аднадумцаў. Наймаць кагосьці і плаціць у мяне пакуль няма сродкаў, таму буду задзейнічаць тыя чалавечыя рэсурсы, якія маю каля сябе. А гэта ўжо нямала ― сябры, вучні, калегі ― пэдагогі ўнівэрсытэту культуры, мае выпускнікі і студэнты. Сярод іх ёсьць яркія, актыўныя асобы ― кіраўнікі мастацкіх калектываў Алесь Лютыч, Ганна Шалюціна, Павал Рахманько ды іншыя. Зь імі можна раіцца, далучаць да праектаў, даваць творчыя заданьні студэнтам. Дарэчы, пачала выкладаць курс «Асновы прадусарскай дзейнасьці».

Вельмі сур’ёзнае пытанне ― фармаваньне іміджу. Яно не вырашаецца наскокам. Да ўсяго трэба паступова прыйсьці, дзейнічаць удумліва і дальнабачна.

ТГ: Ці думаеце над відэаўвасабленьнем сваіх твораў?

Летам я стварыла сюжэт відэакліпа, які будзе алюстраваць тэму нашага першага твору. Адшукала месцы здымак, запрасіла прафэсійнага аператара. Частка матэрыялу ўжо адзьнятая. Зусім не складана дарабіць астатняе і пачаць рабіць мантаж. Для гэтага ёсьць і час, і людзі, і грошы.

ТГ: Прадстаўце тых людзей, якія ўваходзяць у ваша праект на сёньня.

Калі ласка. Гэта: Любоў Сівурава (вакал), Дар’я Зуева (вакал), Зьміцер Сідаровіч (флейта), Сяргей Воўк (клявішы, гітара, праграмаваньне). Музыку да твораў піша Сяргей Воўк.

Прэмера дэбютнага трэку «Да вечнасьці» праекту SivaLove — на Tuzin.fm

Tuzin.fm