Беспрэцэдэнтныя для незалежнай Беларусі напады на прадстаўнікоў мастацтва і культуры працягваюцца, але салідарнасць і падтрымка таксама ўзрастаюць. Мы разам выступаем супраць ціску, і разам мы ўлада.
Затрыманні і суды
На акцыі ў Мінску 1 лістапада затрымалі Гэніка Лойку — знанага скульптара, вядомага абаронцу беларускай мовы, змагара за беларускамоўную адукацыю, арганізатара ўнікальных скульптурных пленэраў «Легенды з пяску». Але, напэўна, ён найбольш вядомы як аўтар помніка Тадэвушу Касцюшку ў Косава, за які ён высакародна адмовіўся браць грошы. 3 лістапада скульптар атрымаў 20 сутак арышту.
2 лістапада актрысаТэатра беларускай арміі Алеся Клачко была затрыманая, з’явіўшыся па позве ў Цэнтральны РУУС “для размовы”.
Як паведаміў яе калега Алег Бабуль, «раней Алеся ўдзельнічала ў здымках відэароліка Freedom Belarus, пасля чаго ў яе дома быў праведзены ператрус.
Пасля суду 3 лістапада Алесю вызвалілі, прызначыўшы выплаціць штраф 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Таццяна Галуза, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, харавая дырыгентка, была затрыманая 2 лістапада. Магчыма, затрыманні дырыжораў звязаныя з паляваннем на «лятучыя хары». Таццяна атрымала штраф у 30 базавых велічынь (810 рублёў) за “пікетаванне ў Вялікім тэатры оперы і балета”.
Падчас канцэрта ў двары каля Рыгі 3 лістапада былі затрыманыя: музыкі праекту “Радыё Каранцін” Іван Арцімовіч (Vuraj, атрымаў 7 сутак), Андрэй Аляксеенка (TonqiXod і Ірдарат, атрымаў 10 сутак), Філіп Петчанка (Dee Tree, Vuraj; атрымаў 12 сутак), а таксама літаратар Сярж Мядзведзеў (атрымаў 10 сутак) і Аляксандр Белік (атрымаў 7 сутак), якія дапамагалі складваць інструменты. Частку інструментаў канфіскавалі.
4 лістапада прадстаўнікі сілавых структур забралі са сваіх працоўных месцаў у Філармоніі артыста камернага хора Дзяніса Іванова і віялэнчэліста Аляксандра Сердзюкова, якія былі удзельнікамі акцый з Вольным хорам. 6 лістапада суд пакараў музыкаў 15 суткамі адміністратыўнага арышту.
Увечары 4 лістапада па ўсім Мінску мэтанакіравана затрымлівалі музыкаў, якія давалі канцэрты ў розных дварах па Мінску і падтрымлівалі музыкай маршы. Усяго затрымана больш за 10 чалавек, у тым ліку барабаншчыкі з гурта "Патрабуем разысціся". Вядомы наступныя прозвішчы затрыманых: Карыцкі Антон, Панамарова Алена, Корзун Максім, Гадоўнікаў Аляксандр, Галянтава М.А., Бержнікаў А. В., Суладзэ Ціматэ (затрыманы ў Сухарава, атрымаў 15 сутак арышту), Камянецкі Мікіта (затрыманы ў Малінаўцы), Мінчанка Іван, Кабашнікаў Іван.
5 лістапада пасля дваравога канцэрта ў Мінску затрымалі вакаліста гурта «Мутнаевока» Яўгена Змушку. 6 лістапада Яўген атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
6 лістапада пасля выступу ў адным з Мінскіх двароў затрымалі паэта Паўла Горбача. 9 лістапада суд пакараў Паўла 15 суткамі арышту.
7 лістапада пасля дваравых канцэртаў затрыманыя адзін з найлепшых беларускіх саксафаністаў, флейтыст, клавішнік, кампазітар, джазмэн Павал Аракелян (атрымаў 15 сутак арышту) і музыкі з гурту “Рэха”: Андрусь Такінданг, Ігар Асідчанка, Канстанцін Лісецкі, Леанід Паўлёнак.
8 лістапада падчас шэсця былі затрыманыя Аляксандр Ждановіч – актор тэатра імені Горкага, Маляваныч з “Калыханкі”, дызайнер і мастак Уладзіслаў Стальмахоў разам з дачкой, дызайнеркай Настай Стальмаховай, прадусар і рэжысёр Яўген Шапчыц, адзін з вядучых беларускіх лаціністаў і скарыназнаўцаў Алесь Жлутка, актор і рэжысёр Юры Дзівакоў-Душэўскі (штраф 10 базавых велічынь), кітабіст, філолаг і гісторык мовы Міхась Тарэлка, перакладчыца Алена Траццякова (штраф 10 базавых велічынь, 270 рублёў), былы актор Цырка дзю Салей Сямён Букін, фатографка Вольга Бігель (справу даслалі на дапрацоўку, Вольгу адпусцілі).
6 лістапада суд аштрафаваў мастачку і дызайнерку Аляксандру Гушчу на 593 рублі за ўдзел у жаночым маршы 6 кастрычніка. Аляксандра вядомая на ўвесь свет: у дзяцінстве яна трапіла ў страшны пажар і засталася без рук, але нягледзячы ні на што, жыве поўным жыццём: малюе, танчыць, займаецца косплэем. Падтрымаць Аляксандру ў суд прыйшло столькі людзей, што зала змагла змясціць толькі траціну.
Ціск, звальненні, адлічэнні
2 лістапада з Радыё Гродна звольніўся гукарэжысёр Аляксандр Маршмыш. Прычынай звальнення стаў маральны выбар, перад якім Аляксандра паставіла кіраўніцтва і які супярэчыў яго каштоўнасцям. “Нельга ісці на кампрамісы са сваімі перакананнямі”, – сказаў ён у сваім відэазвароце.
2 лістапада з Акадэміі мастацтваў адлічылі ад 6 да 14 студэнтаў. Выкладчыкі і супрацоўнікі Акадэміі запісалі відэазварот у падтрымку студэнтаў, якія, на іх думку, адлічаныя па палітычных матывах.
“Мы адкрыта выступаем супраць адлічэння студэнтаў. Мы лічым дзеянні адміністрацыі Акадэміі незаконнымі, бо студэнты былі адлічаныя за сваю грамадзянскую пазіцыю, і ніякіх іншых прычын не было”, – гаворыцца ў звароце.
4 лістапада звольнілі яшчэ двух артыстаў Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра: Паліну Левіну і Аляксея Станогу. Пра гэта расказала артыстка драмтэатру Натальля Лявонава, якую звольнілі раней. Агулам адтуль звольнілі ўжо ня менш за 14 працаўнікоў.
Міністэрства культуры адмяніла Міжнародны Мінскі кінафестываль “Лістапад”. Афіцыйная падстава – эпідэмія каранавірусу. Пры гэтым кінатэатры працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Напярэдадні кінафестываль адмовіўся ад традыцыйных прызоў ад Лукашэнкі – ўзнагароды «За гуманізм і духоўнасць у кіно» і прыза «За захаванне і развіццё духоўнасці ў кінамастацтве». «Герой усіх нашых фільмаў – чалавек свабодны і ствараючы. Сцвярджаць гэта – наша місія тут і цяпер», – гаворыцца ў каментары каманды фестывалю. Таксама з сайту кінафестывалю прыбралі інфармацыю пра кіраўніка “Белай Русі” Генадзя Давыдзьку, які 10 год быў старшынём журы.
За некалькі дзён больш за 800 прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай творчай супольнасці падпісалі зварот, у якім яны асуджаюць звальненне вядучых музыкаў Беларусі за адкрытае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі і патрабуюць спыніць ціск на дзеячаў і дзяячак культуры і мастацтва.
Творчы супраціў
188 супрацоўнікаў Вялікага тэатра Беларусі падтрымалі звольненых на мінулым тыдні калег і заклікалі дырэкцыю тэатра перагледзіць сваё рашэнне.
“Вольны хор” з’яўляецца непрадказальна, выконвае літаральна пару кампазіцый і знікае. Ён арганізаваўся адразу пасля выбараў, тады да яго далучаліся розныя людзі, спачатку супрацоўнікі Філармоніі, а пасля і іншыя музыкі. Усведамляючы, што кожнага з удзельнікаў могуць высачыць і арыштаваць, музыкі аднак працягваюць ладзіць нечаканыя акцыі.
“Усе мы чакаем, пакуль па нас прыйдуць. Некаторыя ўжо дачакаліся. Але што рабіць? Справа ў тым, што так, як яно цяпер, быць не павінна. Смелыя людзі думаюць пра будучыню. Страх і пераадольваецца такім чынам. Мы гэта робім дзеля будучыні народа. Але і сваю будучыню ніхто не адмяняў. Гэта ўжо не гульня. Гэта сапраўдная барацьба за сябе”.
Лявон Халатран, які кіраваў руін-барам ОК16, быў валанторам штаба Віктара Бабарыкі і які з 14 жніўня знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, дасылае адтуль вельмі кранальныя і творчыя малюнкі, казкі, арыгамі для сына і жонкі, каб падтрымаць іх.
Нягледзячы на затрыманні музыкаў і зліў асабістых дадзеных жыхароў гэтых двароў, якія падтрымліваюць дварвыя канцэрты, не зважаючы на надвор’е і пастаянны ціск з усіх бакоў, людзі працягваюць ладзіць у сваіх дамах мерапрыемствы і абараняць іх ад незаконных дзеянняў уладаў.
Галасы асобаў
Дызайнер з усясветным імем Уладзімір Цэслер, чые працы выстаўляюцца ў Луўры, а таксама ў музеях і галерэях Амстэрдама, Будапешта, Сафіі, Варшаве і інш.) напрыканцы жніўня ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады – і амаль адразу з’ехаў з Беларусі, бо за публікацыі з малюнкамі на тэму выбараў і гвалту яго маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. У размове з парталам Tuzinfm Уладзімір распавёў, што сутнасць беларусаў – любоў, як ён не чакаў такой салідарызацыі і як усё гэта натхняе на творчасць.
“І любоў перамагае ўсё адно. Нацыя аб’ядналася. Мне здавалася, што гэта немагчыма – але гэта здарылася”.
Паэт Дзмітры Строцаў, які 3 лістапада быў вызвалены пасля 13 сутак арышту, падзяліўся сваімі “ўражаннямі” ад арышту з Нашай Нівай.
За некалькі крокаў ад пад’езда Дзмітрыю надзелі на галаву мяшок, пагрузілі ў мікрааўтобус і завезлі ў КДБ, пасля ў РУУС, на Акрэсціна і ў Жодзіна.
“Я даў шмат інфанагодаў, занадта шмат, і свабодна публікаваў матэрыялы на фэйсбуку. У іх ёсць пункцік, што яны шукаюць лялькаводаў і арганізатараў, але размовы ў нас не атрымалася”.
Аляксандр Ждановіч, актор тэатра імені Горкага, экс-вядоўца “Калыханкі”, у гутарцы з tut.by расказаў пра сваё стаўленне да пратэстаў, пазіцыю як культурнага дзеяча і эвалюцыю поглядаў. Цалкам інтэрв’ю можна пачытаць па спасылцы, а вось некаторыя цытаты:
“Доўгі час я лічыў, што палітыка – гэта вельмі вузкая сфера, якая вядзе да таго, што я не люблю, – фальшы, падтасоўванне, мана, бруд у рэшце рэшт. Таму гэтая сфера была мне чужая. Пры тым ёсць панятак грамадзянскай пазіцыі, грамадскай актыўнасці. Альтэрнатывы няма, бо ад гэтай сферы залежыць наша жыццё”.
“Хлуслівая, балотная стабільнасць, якая хавала і многія мае фальшывыя ўяўленні пра важныя рэчы ў жыцці, прымусіла мяне вызначыцца: баязлівец я ці не, і да якой ступені я баязлівец.”
Сяргей Курыленка, звольнены за забастоўку рэжысёр-пастаноўшчык Гарадзенскага драматычнага тэатра, распавёў пра сваё звальненне і жыццё пасля гэтага важнага крока.
“Мы мусім рабіць нейкія крокі, якія б складаныя яны для нас ні былі. Хоць штосьці трэба рабіць, па сваіх сілах і магчымасцях. Іначай нас чакае жах без канца”.
Зварот Святланы Ціханоўскай да творчай супольнасці
Святлана Ціханоўская выказала падзяку артыстам, музыкам, мастакам і ўсім дзеячам і дзяячкам культуры, якія падтрымліваюць мірны пратэст беларусаў, дома і за мяжой.
“Дзякуючы вам у мірнага пратэсту ёсць голас – ён гучыць у вашых вершах. У мірнага пратэсту ёсць гімны – гэта песні, якія вы выконваеце. У мірнага пратэсту ёсць сімвалы – гэта вулічнае мастацтва, плакаты і муралы, якія вы ствараеце. І галоўнае: у мірнага пратэсту ёсць мэта – пабудаваць новую Беларусь, дзе ёсць свабода творчасці, свабода слова і свабода чалавека”.
4 лістапада ў Кіеве адбыўся маштабны музычны марафон “Мы разам!” прысвечаны “ўкраінскаму і беларускаму народам, якія застаюцца вернымі свайму сэрцу, шматвекавому сяброўству і імкненню да волі”.
Мерапрыемства было ініцыявана Мінстэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны і транслявалася ў наўпроставым эфіры.
Сярод удзельнікаў і ўдзельніц – Brutto Nostra, NaviBand, Naka, «БЕZ ОБМЕЖЕНЬ», «Друга Ріка», «СКАЙ», «ДахаБраха», Kozak System.
4 лістапада адбыўся анлайн вечар паэтычных чытанняў Дзмітрыя Строцава і яго сяброў з Беларусі, Расіі і Украіны. Паглядзець запіс.
Плакаты, малюнкі, жывы перфоманс, фота пратэстнага стрыт-арту, вокнаў, дзвярэй, двароў – падрабязнасці можна знайсці па спасылцы.
Праект быў рэалізаваны на сродкі беларускай дыяспары ў Нідэрландах пры пыдтрымцы Het Actiefonds і платформы StandByArt.
Прадстаўнікі і прадстаўніцы грамадзянскай супольнасці Ізраіля, выхадцы з Беларусі, сярод якіх таксама дзеячы і дзяячкі культуры, звярнуліся да прэм’ер-міністра Ізраіля, заклікаючы яго падтрымаць пратэст беларускага народу супраць дыктатуры і не замоўчваць факты гвалту ды рэпрэсій. “Ізраіль – краіна, пабудаваная выжыўшымі падчас Халакосту і іх нашчадкамі. Гісторыя вучыць нас, што страшныя падзеі сярэдзіны 20 стагоддзя адбыліся на фоне ўсеагульнага маўчання,” – нагадваюць аўтары і аўтаркі звароту.
«Беларускія літаратары і мастакі знаходзяцца ў цэнтры мірнага супраціву парушэнням асноўных правоў і свабодаў. Яны выкарыстоўваюць свае літаратурныя і мастацкія творы, музыку і тэатральныя пастаноўкі для выкрыцця злоўжыванняў рэжыму Лукашэнкі. За гэта яны церпяць рэпрэсіі з боку ўладаў. Мірны пратэст і свабода творчасці непадзельныя як і правы, якія неабходна паважаць», – каментуе Джэніфер Клеменс, старшыня Міжнароднага ПЭНа.
У адказ на справаздачу АБСЕ ПЭН Амерыкі выпусціў заяву, у якой заклікае арганізацыю звярнуць асаблівую ўвагу на пераслед у дачыненні да культурніцкай супольнасці Беларусі.
На аўкцыён выстаўлены лот ад Уладзіміра Цэслера. Ён распрацуе эксклюзіўны лагатып дзеля арганізацыі альбо асобы.
“Права артыста – быць вольным. Абавязак артыста – дыхаць паветрам свайго часу. Я ў захапленні ад мужнасці тых, хто сёння адстойвае не толькі сваю асабістую свабоду выбару, але і лепшую для ўсіх нас будучыню, – кажа ён.
Усе сродкі ад аўкцыёнаў будуць пералічаныя ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, створаны з мэтай аказання падтрымкі прадстаўнікам беларускай культурнай супольнасці, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.
КАМЕНТАВАЦЬ