Юлія Глебава. Краўдфандынг — казка, сумяшчальная зь беларускай рэальнасьцю
Сьпявачка і цымбалістка Юлія Глебава напісала для Tuzin.fm эсэ на тэму «Чаму я веру ў краўдфандынг».
Упершыню я пачула пра такую зьяву, як краўдфандынг гады з тры, калі была ў Нямеччыне, дзе выступала як цымбалістка. Пасьля канцэрту да мяне падыйшоў адзін з гледачоў, нагаварыў шмат прыемнасьцяў ды выказваў захапленьне з той нагоды, што знайшоў на маім сайце нечакана для сябе самога, што я ня толькі інструмэнталістка, але яшчэ і сьпявачка ды аўтарка песень. Сама я гэты факт асабліва не афішавала ў Эўропе, пэўная ў тым, што песьні па-беларуску і па-расейску нікога там не цікавяць. Але той гледач пераконваў, што ўсё гэта вартае таго, каб быць пачутым і што варта выдаваць матэрыял, запісваць свае песьні ды інструмэнтальны альбом. А фінансаваньне атрымаць можна дзякуючы краўдфандынгу. На той час мне гэтая ідэя падалася нейкаю казкаю, несумяшчальнай з нашай беларускай рэальнасьцю. Я прызвычаілася варыцца ва ўласным соку ды спраўляцца зь фінансаваньнем уласнага праекту неяк самастойна. На пэўны час я забылася на тую размову.
Узгадала пра яе калі пабачыла, што шмат якія беларускія гурты актыўна выкарыстоўваюць «народнае фінансаваньне». І некаторыя вельмі пасьпяхова. Робіцца гэта на расейскіх пляцоўках, бо да нядаўняга часу падобнага рэсурсу ў Беларусі папросту не было. Выдатна ўсьведамляю, што канвэрсія расейскіх пляцовак у параўнаньні з амэрыканскімі ды эўрапейскімі падобнымі сайтам куды ніжэй. Там людзі даўно і дастаткова актыўна фінансуюць цікавыя бізнэс-праекты, сацыяльна значныя праекты і творчыя пачынаньні. У нашых абставінах даводзіцца акрамя звыклых аргумэнтаў часьцяком тлумачыць, што ўласна ёсьць такое «краўдфандынг» і што будзе мець зь яго той, хто ўкладзецца. Тым ня менш, нашы людзі сёньня куды больш прасунутыя і вольныя ў перамяшчэньні па сьвеце, чым калісьці. Інтэрнэт дае неабмежаваныя магчымасьці для навязваньня кантактаў з эўрапейскімі сябрамі і разуменьня некаторых зьяваў, якія яшчэ зусім нядаўна падаваліся неадпаведнымі «нашай ідэалёгіі». Напрыклад, у той жа Нямеччыне, у горадзе Майнц, ёсьць беларуска-нямецкае таварыства «Майнц-Менск», якое ладзіць розныя мерапрыемствы і канцэрты з удзелам абодвух бакоў. Кіраўнік гэтага таварыства сказаў неяк мне, што цяпер розьніца ў псыхалёгіі беларусаў ды эўрапейцаў стала для яго практычна незаўважнай. Яна вельмі зьмянілася за апошнія пару дзясяткаў гадоў.
Натуральна, разумею, што краўдфандынг у Беларусі, як і ў Расеі, яшчэ толькі набірае абароты, але ўсё ж ёсьць спадзеў на посьпех. Чаму? Таму што для мясцовых камандаў часта няма папросту іншага выйсьця. Калі для вядомых камандаў краўдфандынг можна разглядаць як пэўны піяр-ход, то для такога калектыву як мой, гэта сапраўды жыцьцёвая неабходнасьць. Запіс для гурта — гэта магчымасьць быць пачутым ня толькі вузкім колам асобаў на канцэрце ці фэсьце. Якасны запіс — гэта пуцёўка ў будучыню. Для прыхільнікаў калектыву дыскі па-ранейшаму гэта рэліквія, якая беражліва захоўваецца ў самых патаемных месцах свайго сэрца.
Мой гурт ужо запісаў рэшту новага матэрыялу. Але мы разумеем, што калі будзем рабіць і далей усё самастойна, то другі альбом пабачыць сьвет праз гады. Вядома, усё добра ў пару і варта запісвацца пакуль табе карціць і песьні не даюць спакою ды просяцца вонкі. Калі ператрымаць і ня даць ім выйсьця, то можа атрымацца ўжо няшчыра. Таму я прыслухалася да парады незнаёмага замежніка трохгадовай даўніны і пайшла на гэты крок зь вераю, што гэтая «казка» можа сумясьціцца з нашай рэальнасьцю.
Юлія Глебава і гурт «ЧасSpeek». Суполка на краўдфандынгавай плятформе Planeta.ru
Юлія Глебава, для Tuzin.fm
Яшчэ пра краўдфандыгавыя праекты беларускіх музыкаў:
КАМЕНТАВАЦЬ