!OUT: Беларускі cьпеў Марыны Капуры (аўдыёрарытэт!)
Віктар Сямашка згадвае пра «беларускі досьвед» заслужанай артысткі Расеі Марыны Капуры. У яе альбоме 1980 году сустракаецца ўнікальны прэцэдэнт, калі гук піцерскага гіпоўскага андэграўнду арганічна спалучыўся зь беларускай старадаўняй аўтэнтыкай.
Не сакрэт, што расейскія выканаўцы часьцяком зьвяртаюцца да беларускага фальклёру, выдаючы яго за свой. Сьпявачка зь Піцеру Марына Капура і гурт «Яблоко» — прыемнае выключэньне. Народныя сьпевы зь Беларусі яна выконвае яшчэ з пачатку 1980-х гадоў.
Дэбютная плытка «кантры-фольк-рок-групы» «Яблоко» была выдадзеная ў алімпійскім 80-м годзе. Тры з 11 песень пазначаныя як беларускія народныя, з Магілёўскага раёну: «Свадебная», «Кум куму любил», «Ехал Иванька с крутых гор». Марына Капура распавяла, што трапіла ў гурт яшчэ ў 17 гадоў. А з нашай аўтэнтыкай пазнаёмілася, дзякуючы выбітнай дасьледчыцы Зінаідзе Мажэйцы.
Спадарыня Капура прыгадвае: «Я цікавілася рознымі вакальнымі практыкамі, і аднойчы завітала на студыю фірмы „Мелодия“. Я проста ішла па калідоры, пачула з-за прыадчыненых дзьвярэй неверагодны сьпеў вясковай бабулі і наважылася зайсьці ў кабінэт. У ім, як высьветлілася, Зінаіда Мажэйка працавала з экспэдыцыйнымі запісамі з Магілёўшчыны». Этноляг ветліва сустрэла маладую вакалістку і прачытаўшы, скажам так, імправізаваную лекцыю назаўжды натхніла Марыну на сяброўства з фальклёрам.
Свой першы матэрыял група «Яблоко» разьлічвала запісаць на ленінградзкім аддзяленьні «Мелодии» і даволі хутка атрымала на тое дазвол. Музыкі пераканалі чыноўнікаў, што гэтыя сьпевы будуць як раз дарэчы ў час летняй Алімпіяды ў Маскве. Па словах Марыны Капуры, для яе й ейнага мужа — кіраўніка ансамблю — Юрыя Бярэндзюкова, акром ангельска-саксонскае музыкі, сур’ёзнымі арыентырамі ў той час былі Чэслаў Немэн і «Песьняры», плыткі якіх яны зьбіралі.
Болей за тое, Марына Капура прызналася, што ейны дзядуля па мацярынскай лініі быў чыстакроўным беларусам. Перад Другой сусьветнай Ануфры Капура прыехаў у Ленінград вучыцца, а потым ваяваў на Балтыйскім моры, дзе патапіў некалькі варожых караблёў ды сам пры гэтым застаўся жывы. Яе мама, Галіна Капура вельмі любіла сьпяваць, мела абсалютны слых. І Марына лічыць, што гэта ўсё дзякуючы менавіта беларускай крыві. На думку спадарыні Марыны, нашая традыцыйная музыка «адрозьніваецца бязьмернай прыгажосьцю і глыбінёй, беларускія народныя сьпевы адлюстроўваюць прыроду, увасабляюць усё Боскае і неспасьціжнае».
Вясельная песьня — адзіная песьня на дэбютніку «Яблыка», вырашаная ў адкрыта рок-н-рольным ключы, з псыхадэлічнай электрагітарай. Па словах Марыны, увесь рок быў ужо закладзены ў тым, як гэты сьпеў выконвала вясковая сьпявачка. Музыкі толькі паспрабавалі наблізіцца да арыгіналу і дадаць нешта адпаведнае. Такім чынам утварыўся унікальны прэцэдэнт — гук піцерскага гіпоўскага андэграўнду арганічна спалучыўся зь беларускай старадаўняй аўтэнтыкай.
Яшчэ адзін сьпеў зь Беларусі «Ў канцы двара» ўвайшоў у другі альбом групы «Яблоко» 1989 году. Магчыма, будзе запісаная «Зара мая вячэрняя». Марына Капура пацьвердзіла, што дагэтуль выдатна памятае беларускія песьні ды выконвае іх на канцэртах, уражваючы расейскую ды замежную публіку.
Даведка Tuzin.fm. Марына Капура — сьпявачка, заслужаная артыстка Расеі (1993). Нарадзілася ў Ленінградзе ў 1961. Ад 1978 году — салістка гурта «Яблоко». Супрацоўнічала таксама зь Сяргеем Курохіным, гуртамі DDT, «Чиж & Co», «Король и Шут» ды іншымі. У 1994-м выконала гімн Гульняў добрай волі. Сярод узнагародаў: ляўрэат усесаюзнага тэлевізійнага конкурсу «С песней по жизни» (1984), усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1987), міжнароднага эстраднага конкурсу Baltic Song Festival (1989), пераможца міжнароднага конкурсу «Заклік да міру» ў Японіі (1989) ды іншых.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з акаўнту Марыны Капуры
Цудоўны і нечаканы сьпеў
КАМЕНТАВАЦЬ