!OUT: «Шпакі» прыляцелі!* (фота, аўдыё)
7995 / 0
22.02.2014

!OUT: «Шпакі» прыляцелі!* (фота, аўдыё)

Знойдзеныя запісы ВІА «Шпакі» — герояў неафіцыйнай сцэны Менску 70-х. Самыя цікавыя моманты з гісторыі ансамблю — у артыкуле Віктара Сямашкі: канцэрты ў парку на Трактарным, удзел у ТВ-шоў, шыкоўная апаратура, якой зацікавіўся КДБ…

Камусьці, верагодна, будзе цяжка паверыць у тое, што ў 1970-х гг. на менскіх танцпляцоўках у жывым выкананьні гучалі гіты Клэптана і Сантаны, Pink Floyd, Deep Purple, Uriah Heep ды іншых грандаў сусьветнага року. Сталічныя музыкі ня толькі гралі кавэры, але і стваралі ўласныя творы ў тым жа кірунку ды актыўна імправізавалі. Сярод такіх герояў неафіцыйнае сцэны Менску таго часу асабліва вылучаўся ВІА «Шпакі». Нядаўна нечакана ўсплылі запісы гэтага гурту, якія болей за 30 гадоў лічыліся страчанымі.

РАДАСЛОЎНАЯ «ШПАКОЎ»

Вакальна-інструмэнтальны ансамбаль «Шпакі» ўтварыўся ў 1969 годзе, дзякуючы намаганьням трубача Міхала Гальдштэйна. Перад тым ён граў разам з Уладзімерам Мулявіным у філярманічным ансамблі «АрБіта-67».

Адметна, што струнную частку «Шпакоў» сфармавалі студэнты фізфаку БДУ — Аляксандар Сьцепаненка (гітара), Эдуард Ваданосаў (бас) і Вячаслаў Чыжэўскі (сола-гітара). Апошні граў рок-н-рол яшчэ з 8-е клясы. У менскай школе №10 пры ўдзеле Вячаслава быў створаны гурт, які з прыходам будучых «песьняроў» Барыса Бэрнштэйна і Валера Дайнэкі абраў імя «Мэнэстрэлі». Да таго ж, родны брат Чыжэўскага Анатоль на пару зь Яўгенам Канавалавым лічыўся заканадаўцам гітарнае моды ў сталічным андэграўндзе. Трывалы касьцяк «Шпакоў» сфармаваўся з прыходам арганіста і вакаліста Аляксандра Гаўрыловіча. Увогуле, праз гурт прайшло мноства вакалістаў — ад Валянціна «Каруза» Буркаценкі да будучай удзельніцы «Верасоў» Галіны Пучковай і Аляксандра Саладухі.

З КАМВОЛЬНАГА НА ТРАКТАРНЫ

Першыя некалькі гадоў «Шпакі» базаваліся ў Палацы культуры Камвольнага камбінату, дзе рэгулярна гралі на танцах. На той час у ПК мелася неблагая апаратура. Але ў 1972 годзе гурт перабраўся ў ПК Трактарнага заводу. Гурт Міхала Гальдштэйна заняў прамежкавы, кампрамісны стан між афіцыйнай эстрадай і рок-падмосьцем. «Шпакі» былі вымушаныя абслугоўваць усе грамадзкія мерапрыемствы, зьвязаныя з МТЗ, партканфэрэнцыі ды камсамольскія зьезды, удзельнічалі ў конкурсах і фэстывалях «палітычнае песьні». Большую частку рэпэтыцыяў, якія ладзіліся два-тры разы на тыдзень, прыходзілася адводзіць менавіта конкурсным нумарам. Польскія, брытанскія ды амэрыканскія гіты развучваліся ў вольны час, «для душы». На танцавальных вечарынах «Шпакам» дазвалялася выконваць, што заўгодна. Іх «пазаконкурсны» рэпэртуар цалкам адпавядаў таму, што выконвалі неафіцыйныя рок-н-рольныя бэнды ў клюбах цагельняў на ўскраінах гораду. На танцах можна было вывучаць гісторыю заходняе пап-музыкі — ад «бітлоў» і «ролінгаў» да Chicago, АВВА і Доны Самэр. Каб паслухаць гіты «каралевы дыска», у ПК МТЗ прыходзілі чарнаскурыя студэнты.

На фота: «Шпакі» падчас выступу ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка

ДЫПЛЁМЫ ДЫ ГРАМАТЫ

У архіве «Шпакоў» назьбіралася цэлая тэчка ўсялякіх дыплёмаў ды граматаў. Зь іх, напрыклад, вынікае, што «Шпакі»:

— прадстаўлялі Менск на аўтарытэтным джазавым фэстывалі «Бурштынавая труба» ў Коўне (1970);

— удзельнічалі ва Ўсесаюзным фэстывалі савецкае моладзі (1972—1973);

— выступалі ў Ленінградзе ў межах конкурсу «Алло, мы ищем таланты» (1973);

— абаранялі гонар Трактарнага заводу на выставе ў ВДНХ СССР (1974);

— бралі ўдзел у канцэрце-мітынгу ў гонар XI Усясьветнага фэстывалю моладзі і студэнтаў у Гаване (1978). Сам мітынг, зразумела, ладзіўся ў Менску. А кампанію «Шпакам» у тым канцэрце, як сьведчыць праграмка, склалі на сёньняшні дзень вельмі таямнічыя гурты — «Голубые гитары» з барысаўскага БАТЭ, «Красные звёзды» зь Менску і «Сейбіты» з Чэрвеню на чале з Г. Шульманам. Вяліся размовы пра гастролі «Шпакоў» па НДР ды Кубе, але музыкі туды так і ня вырваліся. Напэўна, з-за «пятае графы» ды наяўнасьці судзімасьці ў аднаго з чальцоў.

На фота: «Шпакі» ў Коўне

 

ГІСТОРЫЯ З АПАРАТАМ

Правілы гульні былі зразумелыя: граючы вайскова-патрыятычныя песьні савецкіх кампазытараў, «Шпакі» атрымоўвалі магчымасьць асобна выконваць тое, што ім сапраўды падабалася, а таксама гастраляваць і набываць прафэсійную апаратуру. Сапраўднай легендай у сталічнай рок-тусоўцы стала гісторыя з набыцьцём «Шпакамі» камплекту нямецкае апаратуры Dynacord.

Салістка Галіна Пучкова пераканала кіраўніцтва Трактарнага заводу, што ансамблю неабходнае новае прафэсійнае абсталяваньне. Музыкам уручылі каталёг з абяцаньнем аплаціць тое, што яны абяруць. Безь вялікага даверу «Шпакі» пачалі замаўляць амаль усё запар: струны, гітары, прымочкі, элекраарган, дынамікі… І калі аднойчы да Палаца культуры пад’ехаў трэйлер з чатырма тонамі апаратуры, узрушаныя музыканты яго імгненна разгрузілі і на ўсю ноч зачыніліся ў сваёй рэпэтыцыйнай кропцы. Хадзілі чуткі, што Ўладзімер Мулявін абураўся, чаму самадзейнаму ансамблю купілі такі дарагі апарат. Таксама казалі, што нятанным набыткам зацікавіўся КДБ.

На фота: вакалістка «Шпакоў» Галіна Пучкова

 «ШПАКІ» НА ТВ

Гурт з Трактарнага неаднаразова запрашаўся беларускай тэлевізіяй. Музыкі прыгадваюць выступ пад каляднай ялінай і зборны канцэрт у менскім Палацы спорту, які здымала БТ. У 1977-м «Шпакі» апынуліся на Ўсесаюзным тэлебачаньні ў Маскве. Іх запрасілі на тэлепраграму «Шире круг!». Там узьніклі праблемы зь беларускамоўным назовам ансамблю і зьнешнім выглядам музыкантаў. У расейскім крымінальным жаргоне шпАкам называюць звычайнага грамадзяніна, штацкага, то бок, фраэра. Зрэшты, выглядалі «Шпакі» на здымках сапраўды па-фраэрску — у сэнсе глямурна. Па замове ў Опэрным тэатры яны пашылі бліскучыя строі, абсыпаныя чэскай біжутэрыяй. Тэлевізіёншчыкі сказалі, што іх камэры засьвечваюцца: «Усё здымайце! Дастаткова камсамольскіх значкаў».

На фота: «Шпакі» на тэлепраграме «Шире круг!», Масква. У першым шэрагу — М. Гальдштэйн, А. Гаўрыловіч, Г. Пучкова, А. Соркін, у другім шэрагу — В. Навумаў, Э. Ваданосаў, А. Сьцепаненка.

«ШПАКІ» НА ВІНІЛЕ

У рэпэртуары «Шпакоў» мелася шмат беларускіх песень, у тым ліку ўласнае вытворчасьці. У прыватнасьці, Міхал Гальдштэйн напісаў музыку да песьні «Курганы», некалькі твораў прапанаваў Эдуард Ваданосаў. А сьпеў «Дзе ж ты, зорка мая» на музыку Ігара Лучанка і словы Адама Русака нават выдала фірма «Мелодия». Гэта ўвогуле ўнікальны прэцэдэнт для беларускіх ансамбляў 60—70-х, якія прынята было лічыць «аматарскімі». Толькі «Шпакам» настолькі пашанцавала, у выглядзе вялікага выключэньня.

У студыю Белрадыё іх пусьцілі глыбокай ноччу і толькі пасьля асабістага ціску Лучанка. «Зорка» ўвайшла ў песенны зборнік кампазытара, выдадзены на вінілявай кружэлцы ў 1974 годзе з камэнтарам Генадзя Бураўкіна на вокладцы. Рарытэтная плытка цяпер захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пры жаданьні яе можна тамака паслухаць і скапіяваць.

На фота: «Шпакі» падчас рэпэтыцыі: Ю. Болатаў, А. Гаўрыловіч, В. Чыжэўскі, Э. Ваданосаў

АДШУКАНЫЯ АРТЭФАКТЫ

Да гэтага дня прынята было лічыць, што запісаў ВІА «Шпакі» не захавалася, акром вышэй азначанае «Зоркі». Бабіны са шматлікімі зафіксаванымі канцэртамі і рэпэтыцыйнымі напрацоўкамі былі папросту скрадзеныя яшчэ ў 70-х разам з магнітафонам. Іншая частка стужак магла быць перавезеная праз акіян былымі ўдзельнікамі ансамблю, сувязь зь якімі згубілася. Таму знаходка Кацярыны Ваданосавай (дачкі бас-гітарыста «Шпакоў») стала нечаканым адкрыцьцём. Кацярына адшукала дома ў сэкцыі болей за дзясятак бабінаў, пашкоджаных часам, абсыпаных, дзе песьні «Шпакоў» былі перамешаныя з рознымі замежнымі рок-гуртамі. У выніку аблічбоўкі, сартаваньня і рэстаўрацыі ўласна «шпакоўскага» матэрыялу апынулася ажно на дзьве гадзіны. Прычым, амаль чвэрць здабытага запісу складаюць імправізацыі, на якіх «Шпакі» максымальна разьнявольваліся і, па ўласным прызнаньні, адпачывалі. Запіс, аднак, мае вялікую хібу: ён як бы палавінчаты, гэта сыгнал з аднаго каналу, а другога амаль не чуваць. То бок, гучыць толькі палова бэнду. Другую частку трэба дафантазаваць слухачу. Датаваць знойдзеныя артэфакты «Шпакоў» варта хутчэй за ўсё 1977-м. Запіс адбыўся на танцах у ПК МТЗ. Праз тры гады, у 1980-м гурт спыніў дзейнасьць, бо ягоны лідэр Міхал Гальдштэйн эміграваў у ЗША. Там Міхал жыве і цяпер, гадуе ўнукаў і па-ранейшаму выдатна грае на трубе.

Склад ВІА «Шпакі» ўзору 1977 г.:

Міхал Гальдштэйн — вакал, труба;

Аляксадар Соркін — вакал;

Галіна Пучкова — вакал;

Аляксандар Гаўрыловіч — арган, вакал;

Вячаслаў Чыжэўскі — гітара;

Віктар Навумаў — гітара;

Эдуард Ваданосаў — бас-гітара;

Аляксандар Малажавы — бубны;

Юры Болатаў, Леанід Папіш — гук.

Дзякуй вялікі Кацярыне Ваданосавай і ўсім «Шпакам»! Праз такія гурты ў той таталітарны цэнзураваны час беларусы заставаліся ў кантэксьце сусьветнае музычнае гісторыі. На менскіх танцпляцоўках гучала найлепшая прасунутая музыка эўрапейскага ўзору, прапушчаная праз тутэйшую мэнтальную прызму. Цяпер гэты прыклад павінен натхняць на новыя подзьвігі!

Віктар Сямашка, Tuzin.fm. Аўдыё — з архіву Кацярыны Ваданосавай. Фота з архіву Вячаслава Чыжэўскага

*Артыкул упершыню быў надрукаваны на Tuzin.fm 23 красавіка 2013 году. Для гэтай публікацыі некаторыя фота публікуюцца ўпершыню.

Тэгi: