Tonqixod: «Каб спадабацца, неабавязкова пісаць навагоднюю песьню на Новы год»
Пераможцам 8-га туру ў аўдыёчарце на Tuzin.fm стала песьня «Насыпаць горы» гурта Tonqixod. І гэта сталася поўнаю нечаканкаю для саміх музыкаў.
Прэм’ера песьні «Насыпаць горы» на «Тузіне» адбылася ў сьнежні 2013 году, але на першую прыступку яна трапіла толькі цяпер. «Натуральна, што перамога нечаканая, бо ў цэлым назваць „Насыпаць горы“ гітом у клясычным разуменьні даволі цяжка. Уся гэтая рэчытатыўнасьць і дзьвюхчасткавасьць без выразнага прыпеву, — разважае аўтар песьні і вакаліст гурта Tonqixod Уладзь Лянкевіч. — Але мы радыя, што так атрымалася, бо ў пэўнай ступені гэта сьведчыць, што каб людзям хацелася тыцнуць за вас кнопачку, то неабавязкова старацца спадабацца ці выпускаць асеннюю песьню ўвосень, або навагоднюю на Новы год».
Уладзь кажа, што і сам галасаваў за сваю песьню, асабліва спачатку. «Мы былі такімі няўдачнікамі і пастаянна боўталіся недзе ўканцы і маглі лёгка вылецець. Задача была, каб мы проста павіселі на галоўнай старонцы „Тузіна“, каб людзі, якія заходзяць на сайт краем вока заўважылі назву і, магчыма, нешта там адклалася ў галаве». Музыка аддаваў свае галасы і за іншых удзельнікаў чарту, перадусім за тых, каму пагражае вылет.
Ужывую Tonqixod можна будзе пачуць у Менску ў сакавіку, музыкі зьбіраюцца даць канцэрт у «Графіці». Таксама ідзе праца над новымі песьнямі, але калі і ў якім фармаце будуць прадстаўлены трэкі пакуль яшчэ ня вырашана.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ