Аляксандар Сьцекаленка: «Міхалка з рабятамі цікава слухаць»
4896 / 0
07.03.2014

Аляксандар Сьцекаленка: «Міхалка з рабятамі цікава слухаць»

Кліп гурта «Ляпіс Трубяцкі» на песьню «Месяц» стаў відэа месяца па вэрсіі наведнікаў парталу Tuzin.fm. З гэтай нагоды рэжысэр роліку Аляксандар Сьцекаленка распавёў як яму працавалася зь Міхалком і ці лічыць ён сваю працу дасканалай.

«Дзякуй за прыемную навіну, мы стараліся!» — так адрэагаваў на навіну пра перамогу «Месяца» на «Тузіне» Аляксандар Сьцекаленка. Украінскі рэжысэр знаходзіўся ў чарговай паездцы і сувязь была ня надта, таму размову мы адклалі на пару дзён. Па вяртаньні на сваю Радзіму Аляксандар адразу адгукнуўся. Кажа, што сапраўды вельмі рады, што яго чарговая праца для «Ляпісаў» прыйшлася даспадобы наведнікам Tuzin.fm. Калі быць дакладным — «Месяц» гэта ўжо 10 кліп, які зьняў Сьцекаленка для беларускага гурта: «Адносіны між мной і музыкамі зь „Ляпісу“ застаюцца нязьменнымі ад часоў першай працы, — кажа рэжысэр. — Гэта быў дзясяты наш сумесны праект, і, як мне падаецца, давер між намі толькі расьце. Я заўжды зь цікавасьцю слухаю, што кажа Міхалок з рабятамі, часта іх заўвагі даюць нейкі новы кірунак у працы».

 

У якасьці кліпмэйкера Сьцекаленка, настаўнік гісторыі з адукацыі, дэбютаваў зь відэа «911», зьнятага для «Океана Ельзи». З таго часу ў даробку Аляксандра дзясяткі кліпаў для самых розных выканаўцаў — ад «Братоў Карамазавых» да Ёлкі з Альбінай Джанабаевай, а таксама два кінафільмы. Але «Ляпіс» — яго любоў выключная. Яна пачалася з роліку на песьню «Я верю», што было зьнята ў Нэпале, і працягваецца ўжо трэці год, цягам якіх зьявіліся кліпы на песьні: «Ня быць скотам», «Путинарода», «Железный», «Принцесса», «Lyapis Crew», «Танцуй»: «Для мяне праца з гэтым гуртом заўжды радасьць і заўжды новы выклік. Мы зьбіраемся працаваць і далей, ужо цяпер абмяркоўваем ідэю кліпу на новую песьню», — распавядае Аляксандар.

Што да відэа лютага на Tuzin.fm, то рэжысэр лічыць яго не да канца дасканалым: «Пасьля таго, як праца была скончаная, я яе не пераглядаў. Але ў любым выпадку, не лічу яе бездакорнай: нейкія рэчы атрымаліся, як задумвалася, сёе-тое мусіла б выйсьці інакш. Але самае галоўнае ў тым, што атмасфэра склалася!»

Аляксандар дзякуе за падтрымку ўсім, хто падтрымліваў «Месяц» у галасаваньні і абяцае хутка парадаваць новымі відэа.

Што да «Ляпісаў», то іх новы альбом «Матрёшка» б’е рэкорды папулярнасьці. Ён выйшаў у фармаце электроннага рэлізу, а таксама на CD і вініле ў шыкоўнай аздобе студыі дызайну «Адліга». Сьледам за сьвежым рэлізам выйшаў і кліп рэжысэра Аляксея Церахава на песьню «Воины света». Таксама шырока разыйшлося неафіцыйнае відэа на гэтую ж песьню, прысьвечанае падзеям ва Ўкраіне. Яно за некалькі дзён набрала больш за 700 000 праглядаў.

SB, Tuzin.fm, фота — Tut.by, Open.ua