Сэнсацыйная перамога «Мерцьвяка» (відэа)
У першым туры галасаваньня за найлепшыя беларускія альбомы сэзону 2014/2015 здарылася нечаканасьць. Рэліз ад гурта «Нельга забыць» — «Mertvets» апярэдзіў фаварытаў чарту — Вольскага і Akute.
Праграма на вершы Максіма Багдановіча «Mertvets» нават не прайшла перадпраслухоўваньня на сайце праекту Experty.by, але апярэдзіла фаварытаў сэзону ў он-лайн галасаваньні. Для лідэра каманды Міхала Бараноўскага гэта прыемнасьць: «Яшчэ ніколі дагэтуль мы не былі першымі ў інтэрнэт-галасаванках! Дзякую за тое сябрам і сяброўкам нашага гурта», — кажа музыка.
Ён кажа, што самі ўдзельнікі яго гурта падыйшлі да галасаваньня «ўтылітарна», пакуль у музыкаў ня так і шмат адэкватных магчымасьцяў для прасоўваньня сваёй творчасці. Трапіць у топ — добры спосаб зьвярнуць на сябе ўвагу слухачоў. Таму «Нельга забыць» актыўна заклікаў у сацсетках галасаваць за іх ды паслухаць сам альбом «Mertvets». Міхал таксама парадаваўся за перамогу ў аўдыёчарце гурта «Ілюжан» зь песьняй «Як мае быць». Ён чакае, калі ўжо калегі запішуць паўнавартасны альбом.
Што да справаў у гурце «Нельга забыць», то пакуль узятая паўза з электрычнымі канцэртамі, музыкі граюць толькі ў акустычным фармаце. Зьвязана гэта зь невялікай рэарганізацыяй у камандзе. У найбліжэйшы час гурт у якасьці гасьцей грае на фэсьце «Бардаўская восень», дзе ў 2012 годзе ўзяў Гран-Пры. У лістападзе будзе рэдкая магчымасьць пачуць цалкам папярэднюю праграму гурта — «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» паводле Караткевіча. Ну і пакрысе ў музыкаў высьпевае новы альбом. Некаторыя новыя песьні гурт паказаў на фэсьце «stATRup».
Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку УК.
Tuzin.fm, фота — Твой стыль
Відэа. «Нельга забыць» — «Хутка-смачна», выступ на фэсьце «stATRup»
КАМЕНТАВАЦЬ