Avias: «Бязглуздыя сымбіёзы не для нас» (прэзэнтацыя альбому!)
Лідэр гурту Avias Рома Сухоцкі з нагоды выхаду дэбютніка «Колеры» ў інтэрвію Tuzin.fm прызнаўся што ня верыць тым, хто робіць музыку чыста для сябе, паразважаў пра стан беларускай альтэрнатывы ды патлумачыў, чаму ён пазьбягае вострасацыяльнасьці ў сваіх тэкстах.
Avias рыхтавалі слухачоў да свайго поўнафарматніка доўгія тры гады, выдалі парачку EP і нястомна гралі дзе толькі можна, кшталтуючы свой стыль і падачу. 14 траўня 2014 году адбыўся рэліз дэбютнага дыску «Колеры», якім музыкі даводзяць думку, што рок-музыка мусіць быць простай, зразумелай і даступнай. Ніякіх экспэрымэнтаў дзеля экспэрымэнтаў і бязглуздых сымбіёзаў, — да такой высновы прыйшла каманда. З нагоды выхаду вызначальнага для гурту рэлізу, лідэр Avias Раман Сухоцкі даў інтэрвію Tuzin.fm.
ТГ: Чаму ты думаеш, што тое, што вы зрабілі гэта цікава, актуальна і ў прынцыпе варта ўвагі?
Калі мы толькі сабраліся ў дзейсны гурт, то пачалі экспэрымэнтаваць са складанымі памерамі і нестандартным чаргаваньнем тактаў дзеля таго, каб рабіць «цікавую музыку». Але зь цягам часу мы пераглядзелі некаторыя погляды на стварэньне песень і прыйшлі да выніку, што экспэрымэнты дзеля экспэрымэнтаў і бязглуздыя сымбіёзы не зусім нашае. У простыя формы і роўныя рыфы можна ўкласьці значна больш глыбіні і музычнай прыгажосьці. Мэтай стала рабіць тое, што заходзіла бы лёгка на слых, а не намагацца пісаць песьні, калі яны ня пішуцца проста як бы самі сабою, гэта і лірыкі датычыцца. Такім чынам мы імкнемся да сапраўднай творчасьці, якая ідзе больш ад душы, калі гэта можна так назваць, чым ад галавы. А такое, на мой погляд, заўсёды было актуальна і цікава ў незалежнасьці ад жанру выканаўцы. Я лічу, што хлусіць той артыст, які кажа што ён займаецца чыста для сябе і яму зусім не патрэбна ўвага. Існуюць амбіцыі, і займаючыся музыкай, пішучы вершы, немагчыма не жадаць гэтым падзяліцца, і я не саромеюся таго, што хачу прыцягнуць максымум слухачоў да таго, што раблю.
ТГ: Часта бывае так, што выканаўцы спыняюцца на пэўнай музыцы пэўнага пэрыяду, зь якога і сілкуюцца. Чаму для цябе такім пэрыядым сталі менавіта 90-я — пачатак 00-х? Што там такога чароўнага для цябе?
Падлеткам я быў фанатам Nirvana, Sonic Youth, раньняга SilverChair, Bush… Гэта прадстаўнікі таго стылю, які менавіта мне былі больш па гусьце, але апроч гэтага мне здаецца, што сапраўды менавіта ў той пэрыяд і іншыя музычныя жанры былі вычарпальна сфармаваны, а ўсё што зьявілася пасьля стала аналягамі з прыўнясеньнямі ці кампіляцыямі.
ТГ: Як ты ставісься да заходняга року апошняга 10-годзьдзя, ці ёсьць у цябе ўлюбёнцы?
Мае улюбёнцы — гэта не заўжды рок, як напрыклад Jamie Cullum, Bjork ці John Mayer. З року я шмат чаго знаходзіў для сябе сярод нешырока папулярнага — Oceansize, My Vitriol, Porcupine Tree, Year of the Rabbit, Mae. Сярод вяліканаў, хто з апошняга 10-годзьдзя дагэтуль робіць тое, што мяне вельмі радуе, я б вызначыў Deftones.
На фота: Бубначка Vicky Fatez і Рома Сухоцкі, фотасэсія-2014, адзін з варыянтаў аздабленьня альбому «Колеры»
ТГ: Беларуская альтэрнатыўная музыка па-твойму крочыць у адпаведнасьці з сусьветнымі тэндэнцыямі?
Гледзячы, што лічыць глябальнымі тэндэнцыямі. Мне здаецца, што музычны сьвет настолькі разросься ў розныя бакі і памножыўся, што цяжка вызначыць штосьці, што можна было б назваць адназначнай тэндэнцыяй. Калі казаць пра модны гіпстэрскі так званы індзі-рок, то я ў нас не знаходжу тых, хто быў бы падобны на тых жа расейскіх Pompeya ці On-The-Go, ня кажучы ўжо пра заходніх… Калі гаворка ідзе пра альтэрнатыўную музыку, якая ў маім разуменьні мае характар самабытнасьці і па ўсім сьвеце знаходзіцца па-за глябальнымі тэндэнцыямі, то такія гурты як напрыклад Cross Airlines ці «Петля пристрастия» адпавядаюць паняцьцю «альтэрнатыва». З аднаго боку, нам канечне яшчэ вельмі далёка да разьвіцьця індустрыі абсалютна любой музыкі да заходняга ўзроўню. Зь іншага, відавочна, што на нашай маленькай тэрыторыі вельмі вялікая канцэнтрацыя таленавітых, яркіх і здольных на стварэньне сапраўднага мастацтва людзей.
ТГ: Ты сам слухаеш беларускую музыку цяпер?
Часам слухаю, але, шчыра, больш у азнаямленчых мэтах. Апошняе, што затрымала слых быў гурт BosaeSonca.
ТГ: Ты кажаш, што ў сваім альбоме ты рэтрансьлюеш эмоцыі, уласьцівыя ўсім людзям на плянэце. Чаму не засяроджваесься на канкрэтных эмоцыях і праблемах беларусаў і чаму гурт у прынцыпе пазьбягае вострасацыяльнасьці ў тэкстах?
Рэальнасьць і сацыяльныя пытаньні і так нас атачаюць кожны дзень. Мне ніколі не хацелася атаясамляць напісаньне тэкстаў зь імі, а музыку мне падабаецца лічыць нечым накшталт чараўніцтва. Пры яе стварэньні мне цікава ўздымаць пытаньні ўнутранага сьвету чалавека ці проста марыць і фантазіяваць. Такім чынам, мой патрыятызм у музыцы праяўлены толькі ў мове.
ТГ: Чаму ты ўпарта трымаесься беларускай у песьнях?
Так гістарычна склалася яшчэ з таго часу, калі зьявіўся гурт «Крок». Тады мы яшчэ зусім дзецьмі фармулявалі канцэпцыю таго, што хочам рабіць, і той час фатальна паўплываў на гэтую маю ўласьцівасьць. Я яе вельмі шаную і ганаруся, і сёньня ўжо нават не ўяўляю для сабе іншай формы напісаньня ўласных песень. Я люблю сьпяваць на ангельскай, але не валодаю ёй настолькі, каб пісаць сваё. Гэтае запатрабаваньне атрымліваецца ажыцьцяўляць ў кавэр-дуэце HummusKiss. Нягледзячы на тое, што ў жыцьці я ў большасьці размаўляю па-расейску, усё адно лічу болей здавальняючым і гарманічным для сябе выяўленьне думак менавіта на беларускай мове.
ТГ: У цябе ёсьць упэўненасьць у тым, што твая публіка разумее, што ты хочаш да яе данесьці?
У мяне не стаіць мэты данесьці да публікі нейкую канкрэтную тэму. Калі ад спалучэньня музыкі і словаў слухач атрымае падсьвядомае сваеасаблівае адчуваньне ці ў сваёй галаве падштурхнецца на развагі, я буду ліцыць, што данес тое, што хацеў. А ўвогуле, музыка павінна несьці энэргію, настрой і адчуваньні, як напрыклад, смачная ежа, прыемны чалавек, прыгожае адзеньне ці пацалунак.
Размаўляў SB, Tuzin.fm
Афіцыйныя акаўнты гурту Avias — FB/УК
КАМЕНТАВАЦЬ