
Жыве «Басовішча»! Зацемкі з апошняга фэсту
Рэдактарка TuzinFM Эліна Калнібалоцкая наведала апошняе ў гісторыі «Басовішча» і падзялілася сваімі ўражаньнямі.
Дысклэймэр: у гэтым артыкуле ня будзе аповеду пра тое, што такое «Басовішча» і чаму нашая гаспадыня пані Міра зьяўляецца сапраўды культавай жанчынай фэстывалю — гэта ўсё выдатна распавяла мая каляжанка Хрысьціна.
«Басовішча» заўсёды было для мяне асаблівым фэстывалем. Кажучы «заўсёды», пэўна, трэба сказаць, што гэта быў толькі мой трэці прыезд на «востраў свабоды» на беларуска-польскім памежжы (сапраўды, чым вам не лякальны Sziget?). Магчыма таму я і не пасьпела ад яго стаміцца ці ім дастаткова насыціцца, каб так лёгка адпусьціць.
Павінна шчыра прызнацца —пакуль я рыхтавалася да БАСоў і думала, што я магла б пра іх напісаць, атрымлівалася крыху пэсымістычна. І сапраўды быў шанец, што фінальны артыкул атрымаецца непасрэдна такім — буду казаць, што «Басовішча» было крутым, але…
Але атрымалася даволі нечакана нават для самой сябе.
Летнік для музыкаў
Пачаліся мае прыгоды зь вечара чацьвярга, калі я дазналася, што аўтобус, якім мы павінны былі ехаць да Гарадку, зламаўся не пачаўшы наш шлях. Мо яно і лепш, бо захраснуць пасярод лесу ў тры ночы — тая яшчэ вясёлая пэрспэктыва, але ўжо тады адчувалася — будзе нешта. Увогуле мая вам парада — калі на нейкі фэст ладзіцца трансфэр — скарыстайцеся, паспаць вы наўрад ці пасьпіце, але ж добрым настроем і жартачкамі набярэцеся на год наперад. Для мяне гэткія бусы заўсёды былі асаблівым месцам сілы — ёсьць свая рамантыка ў тым, каб укліньвацца ў жартаўлівыя сутычкі музыкаў з розных гуртоў, якія заўсёды сканчаюцца ўзаемнымі абразамі ў стылі «можа хаця б для наступнага альбому ты напішаш словы ў прыпевах».
Такія трыпы шмат чым нагадваюць вандроўкі ў летнікі — пакуль вы едзеце туды, амаль ніхто ня ведае адзін аднаго, а калі і бачыць у натоўпе знаёмы твар, то хутка бяжыць, каб заняць месцы побач.
А на шляху назад вы ўжо ўсе закадычныя сябры, у вас ужо зьявіўся свой гумар і агульныя тэмы для размовы ўсім аўтобусам, напрыканцы вы будзеце клясьціся, што не забудзеце адзін аднаго і будзеце трымаць сувязь, зробіце фіт ці замуціце сайд-праект.
Такім чынам наш атрад «Сонейка» рушыў надалей у Польшчу.
«Басовішча» конкурснае
Цікавай неспадзяванкай стаў у гэтым годзе конкурс маладых гуртоў — упершыню я бачыла выканаўцаў, якія не спалучаліся паміж сабой аніяк і сапраўды знаходзіліся на дыямэтральна супрацьлеглых музычных полюсах: тут і даволі змрочная рокавая Atesta, і інструмэнтальны пост-рок ад Harmonix College, і модны пост-панк ад вакаліста «гурта-якога-няма», і кабарэ-гурт BarRokka з пранізьлівым і эратычным вакалам Лізаветы Леўчык, і мяккі лагодны поп-рок ад Paulinn.
Гурт BarRokka на «Басовішчы-2019»
Выбар сябраў журы конкурсу маладых выканаўцаў апынуўся нечаканкай — для мяне даволі відавочнай была перамога гурта BarRokka, якія значна вырасьлі за два гады, але ж выбар быў зроблены на карысьць гуртоў Harmonix College і luty sakavik, пакінуўшы шмат месца для жартачак пра дзьве паловы перамогі, бо папярэдні гурт Уладзя падзяліў у 2015-м перамогу з NaviBand.
Эліна Калнібалоцкая, Яўген Цярэнцьеў (Teleport, Snop Snou), Уладзь Лянкевіч (luty sakavik)
Калі скончылася конкурсная частка, мы з чальцамі гурта-пераможца мінулых БАСоў Snop Snou пасьпелі ўжо дайсьці да стану поўнай эўфарыі, сп’янелыя ад сасновага паветра Борыку, узмоцненага добрым гішпанскім віном, якое ў пэўны момант матэрыялізавалася ў паветры невядома адкуль. Таму на момант пачатку выступу «Крамы», мы былі цалкам упэўненыя ў тым, што гэты гурт хіба што ня лепшы на зямлі. І так было амаль з кожным наступным выканаўцам — знаходзячыся сярод аднадумцаў, якім ня трэба тлумачыць, хто такія Ulis ці «Бонда», нібыта фізычна адчуваеш смак кожнай ноты і кожнага слова, бачыш іх колеры. Асалода расьцякаецца па тваіх венах, а ногі нясуць на танцпляц.
Ігар Варашкевіч на сцэне «Басовішча-2019»
«Басовішча» настальгічнае
Зьміцер Наркевіч з гурта Re1ikt перапытвае, ці дакладна не прыедзе кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін разам з прадусарам Belsat Music Live Яўгенам Шапчыцам. Атрымаўшы адмоўны адказ, па-добраму крыўдуе, але з усьмешкай на твары ўзгадвае даўнія часы, калі яны ўсе разам давалі рады. А на наступны дзень лавіла прыступы настальгіі ўжо я — чую першыя акорды песьні «Лёгкія-лёгкія», зь якой пазнаёмілася знаходзячыся ў Амэрыцы па праграме абмену — тады ўвесь аўтобус нас, беларусаў-дзевяціклясьнікаў, сьпяваў N.R.M. і «Ляпісаў». Мая любоў да беларускай музыкі ўвогуле пачалася менавіта ў той момант, калі голас Вольскага перайшоў у атаку на прыпеве і яго словы пачыналі дрыжыкамі бегчы па ўсім целе. Вось і цяпер злавіла такое адчуваньне. Пакуль у нас ёсьць Вольскі — мы выжывем.
Лявон Вольскі на сцэне «Басовішча-2019»
«Басовішча» апошняе
Ёсьць такі псыхалягічны канцэпт «сындром выпускніка». Яго сутнасьць у тым, што калі нешта сканчаецца, наш мозг настолькі баіцца гэтай невядомасьці наперадзе, што пачынае ідэалізаваць усё тое, што адбываецца тут і цяпер — мо ты і ня надта любіў сваю працу ці сваю школу, але ж калі ты адтуль сыходзіш, то здаецца, што ня так дрэнна там было, ды і людзі не такія благія атачалі, і ўспаміны прыемныя ёсьць. У нейкі момант я падумала: а мо гэта і ёсьць той самы сындром?
Не, — адказала я сабе, — бо ты, насамрэч, усё яшчэ ня верыш у тое, што гэта сапраўды канец. Думаеш — можа адпачнуць? Знойдуць яшчэ фінансаваньне? І праз год вернуцца ўсё ж? Мае думкі пра магчымае перафарматаваньне «Басовішча» ў біенале перапыніў камэнтар аднаго з арганізатараў: «Мы стаміліся. Фармат „Басовішча“ больш не працуе. У Менску цяпер процьма добрых фэстываляў, „Басовішча“ згубіла актуальнасьць».
Хацелася трэсці яго за плечы і крычаць: «Вы чулі што казаў Варашкевіч? Такі фэстываль у нас немагчыма стварыць, гэта будзе зусім ня тое».
Арганізатары фэсту зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы
«Басовішча» свабоднае
Свабода быць сабой і выходзіць пад любым сьцягам — ці то пад бел-чырвона-белым, ці то пад ЛГБТ.
Колькі б ні было ў Менску прагрэсіўных фэстываляў, нам не хапае аднаго — фэстывалю без абмежаваньняў.
Там, дзе за табою ня будуць пільна сачыць кожную хвіліну, дзе ты ня будзеш баяцца самавыяўляцца, дзе твае любімыя музыкі будуць сядзець за суседнім сталом на фудкорце. Фэстывалю не для грошай і піяру. А для душы.
А пакуль застаецца спадзявацца на тое, што калі-небудзь справу БАСу працягне новае пакаленьне і гэты канец яшчэ стане пачаткам для іншых.
Basowiszcza is dead, long live Basowiszcza.
Эліна Калнібалоцкая, TuzinFM, фота Алеся Ката-Зайцава і racyja.com
Ну крутацень, чо!
КАМЕНТАВАЦЬ