12 прэм’ераў лета-2018 (аўдыё)
На TuzinFM агляд самых цікавых новых песень гэтага лета. Рок, фольк, індзі, электроніка. І ўсё па-беларуску!
«Цмокі» — «Іван і Бог»
Пасьля перапынку ў сем гадоў аднавіў дзейнасьць гурт, які пры канцы 90-х дзяліў сцэну з «Улісам» ды «Новым небам» ды выдаваўся на першых беларускіх CD-складанках. У другой палове 00-х яны выступалі пад назваю Band_А і зь песьняю «Рэвалюцыя» трапілі ў топ-12 гітоў сэзону на «Тузіне» ў 2007 годзе. Цяпер яны зноў завуцца «Цмокі». Свой новы трэк «Іван і Бог» музыкі называюць беларускай балядай ХХ стагодзьдзя, укладзенай у стары як чалавецтва міталягічны сюжэт. Многія пазнаюць у галоўным героі кагосьці са сваіх продкаў, кажуць «Цмокі».
Sneguole — «Плыве човен»
Загалоўны твор з EP экспэрымэнтальнага праекту Насты Паповай. Скрыпачка гурту Vuraj прэзэнтавала на TuzinFM cвой дэбютны трэк два гады таму і ўвесь гэты час працавала над новым матэрыялам. Кампазыцыя «Плыве човен» запісаная з Надзеяй Шылавец, адной з найстарэйшых носьбітаў сьпеўнай традыцыі Піншчыны. Наста назвае гэты сьпеў адным са сваіх наймацнейшых перажываньняў, зьвязаных з фолькам. Вакальныя партыі ў астатніх трох нумарах выканаў лідэр Vuraj Сяргей Доўгушаў. Увесь рэліз можна паслухаць і спампаваць на лэйбле «Пяршак».
«Восьмыдзень» — «Мой край»
Першы рэліз фольк-гурта зь Віцебску пасьля выхаду іх альбому «Жнівень» (2016). «Песьня напісаная пад уражаньнем ад беларускіх вандровак. Такім бачыцца мой край — адначасова сваім і чужым, існуючым і нібы страчаным, аднак безумоўна сьветлым і родным», — кажа з нагоды прэм’еры на TuzinFM вакаліст каманды Зьміцер Кавалёў. Над зьвядзеньнем і майстарынгам песьні працаваў Аляксандар Балаган, студыя гуказапiсу Vinyl.
ZeNoir — «Пакінь»
Новы самотнік ад менскага рок-гурту выйшаў праз тры гады пасьля папярэдняга рэлізу «Ciemra». «Гэта песьня пра падарожжа і пошук сябе, свайго месца, пошук адказаў, пра страты і выпрабаваньні, адзіноту і каханьне, надзею і вяртаньне», — так прэзэнтуе слухачам TuzinFM свой новы твор вакаліст і басіст каманды Аляксандар Давыдоўскі.
Nürnberg — «Žorstka»
Новы самотнік менскага пост-панкавага гурту, які са словаў музыкаў ёсьць сваеасаблівым мастом паміж ідэямі, якія былі закладзены ў дэбютным EP «U nikudy» і будучым альбомам, які цяпер рыхтуецца да выданьня.
«Праз правакацыйны прыпеў ды натыўнае разуменьне тэксту, можа скласьціся ўражаньне пра тое, што дадзены твор мае сацыяльны пасыл. Аднак гэта можа разглядацца толькі як прычыны дадзенага ўнутранага становішча лірічнага героя», — кажа адзін з заснавальнікаў каманды Алег Саўцін пра сэнс новай песьні.
Пінхас Цынман — «Час Машыяха»
Сваёй новай пазытыўнай песьняй хасыдзкі беларус Пінхас Цынман нагадаў пра тое, што неўзабаве прыйдзе той час, калі людзі пазбавяцца крыўды ды нянавісьці адзін да аднаго, а палітыкі зразумеюць, што яны — неад’емная частка народу. А мы ўсе вып’ем разам — «Лэхаім», гэта значыць «за жыцьцё». Машыях на старагабрэйскай мове гэта збаўца, па прыходзе якога адпаведна прароцтву ва ўсім сьвеце будзе спакой.
Zanzibar — «Lieta»
Новы самотнік ад хлопцаў у масках, якія выконваюць рэп, поп-рок ды рок, задуманы як саўндтрэк да лета. «Лета накрывае як моцны партвэйн у маладосьці, расьпіты зь сябрамі на раёне, схаваным у шэрагу стомленых шматпавярховікаў. Цела прагне драйву і эмоцыяў, а душныя кватэры болей ня могуць стрымаць гарачую кроў. Хапай заплечнік, зьбірай сяброў, цісьні на плэй ды ўрывайся ў драйвовую плынь!» — пішуць музыкі ў анатацыі да рэлізу. Болей пра гурт можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы.
Nevrida — «Родны край»
«Родны край» — загалоўны трэк з новага ЕР альтэрнатыўнай фэнтазі-фольк каманды, у які ўвайшлі народныя башкірскія сьпевы ў апрацоўцы гурта, запісаныя ў дзьвюх вэрсіях — на мове арыгіналу і ў перакладзе на беларускую. «Родны край» — башкірскі гіт нацыянальнага маштабу. Згоду на выкананьне гурт атрымаў асабіста ад аўтара Ўрала Рашытава. У беларускай інтэрпрэтацыі яму асабліва спадабалася сола на дудзе. Інтарэс «Неўрыды» да башкірскай культуры тлумачыцца тым, што бацька лідэра каманды Паўла Таіпава паходзіць з гэтага краю. «Захацелася спалучыць татарска-башкірскі калярыт і беларускую самабытнасьць. А па выніку атрымалася нечакана, як для беларускага, так і для башкірскага вуха», — заўважыў у камэнтары для TuzinFM Павал.
Intelligency — «Bachu»
«Бачу» — новы твор з новага ЕР #SHNBTS, куды ўвайшлі трэкі на беларускай, ангельскай і расейскай мовах. Вакаліст каманды Ўсевалад Доўбня кажа, што гэта песьня пра страчанае каханьне і душэўную пустату ды сканфужананасьць ад страты арыентыраў. Музыку Intelligency напісалі на хвалі натхненьня ад творчасьці Tame Impala і Эмі Ўайнгаўс.
Rostany — «Спартанцы»
У сваім дэбютным аўтарскім беларускамоўным трэку праект Віктара Рудэнкі выкарыстоўвае ў якасьці хука частку беларускай народнай песьні «Параненька сонца ўсходзіць», запісаную ад жанчынаў зь вёскі Разьдзялавічы Берасьцейскай вобласьці. Гэтыя галасы прарываюцца праз тканіну футурыстычнага саўнду, нібы пачуцьці скрозь фатафільтры. «Спартанцы — гэта трэк пра сёньняшніх нас. Фастфуд-рэчаіснасьць вымушае людзей быць вокладкай часопісу, стылёвым пастом у Інстаграме — чым заўгодна, але ня тым, кім яны ёсьць насамрэч. Песьня пра сапраўдныя пачуцьці і фэйк, у які яны ператвараюцца», — так прэзэнтуе песьню лідэр Rostany.
HandmadE feat. Alesandi — «Liacim» (Radio Mix)
Беларускага трапікал-гаўсу стала болей. Сьледам за праектам Mikita ў гэтым кірунку сябе паспрабаваў гурт HandmadE, які апошнім часам вельмі рэдка радуе прэм’ерамі. Трэк зусім нехарактэрны для ранейшай творчасьці гурта. Лідэр каманды Яўген Валошын з нагоды прэм’еры на TuzinFM тлумачыць, што яму хацелася зрабіць нешта летняе, нечаканае і фарматнае для радыё, таму ён зьвярнуўся да варшаўскага ды-джэя Alesandi. Але ўсё адно беларускія FM-станцыі яго ў ратацыю не ўзялі. Словы да песьні напісаў Глеб Лабадзенка, а майстарынг зрабіў Фрэдэрык Сорэнсан з Капэнгагену.
By Cry — «Купала»
На Купальле па грыгарыянскім каляндары гурт BY CRY прэзэнтаваў новы самотнік, які называе кантрастам да сваёй першай купальскай песьні «Ведзьміны вочы». «Хай яна гарыць, палае, распальвае і спальвае! Дзе прачынаецца танец — там памірае адчай, калі памірае адчай — нараджаецца свабода!» — пішуць музыкі ў прадмове да кампазыцыі «Купала». Запісаны матэрыял на Cherry Records Studio ў Яўгена Валакціна, зьвядзеньне і майстарынг зрабіў Ільля Дмуха. А прыгожую фатасэсію з вакалісткай гурта Аляксандрай Грахоўскай адмыслова да прэм’еры зрабіла арт-студыя Piligrim.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
КАМЕНТАВАЦЬ