«Засьпявай.BY»: перамагла Паэзія! (аўдыё пераможцы і фіналістаў)
Украінскі саўндпрадусар Уладзіслаў Ярун зрабіў свой выбар сярод фіналістаў конкурсу «Засьпявай.BY».
Папярэдне фіналістаў конкурсу, які праводзіць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы Tut.by, вызначыла журы. Пераможцу назваў Уладзіслаў Ярун, саўндпрадусар з Украіны, які працуе з такімі гуртамі як «Океан Ельзи», «Тік», «Ляпіс Трубяцкі». Ён адмыслова прыедзе ў Менск на некалькі дзён, каб папрацаваць зь пераможцам конкурсу ў студыі.
«Усе песьні фіналістаў разнаплянавыя, пры гэтым адначасова ўсе цікавыя. Я хацеў бы, каб у маёй працы над песьняй пераможцы быў сэнс, каб я даў рады зрабіць яе яшчэ больш прыгожай. У гэтым і ёсьць задача саўнпрадусара — удасканаліць клясны твор. Мне прыйшліся даспадобы ўсе тры песьні, дужа пекна выйшла ў кожнага, хачу абавязкова гэта падкрэсьліць. Чыста прафэсійна і да душы мне найбліжэй з усіх кампазыцыя ў выкананьні Віталя Варанка», — кажа Ўладзіслаў.
22-гадовы сьпявак і баяніст Віталь Варанко, навучэнец 4-га курсу Беларускай акадэміі музыкі, для конкурсу паклаў на музыку верш «Вяртайся» аўтарства Віталя Рыжкова і запісаў у хатніх умовах дэма-вэрсію песьні, якая скарыла журы ўлучна з Уладам Яруном.
«Мне вельмi спадабалася iдэя самаго конкурсу, — зазначае пераможца. — Я вельмi люблю беларускую мову, але не магу пісаць на ёй песьні. Лепей будзе калi гэта зробiць прафэсіянал. З творчасьцю Віталя Рыжкова пазнаёміўся на партале Літрадыё. Яго паэзія мне прыйшлася даспадобы. Для песьні шукаў твор з пазытыўнай ноткі і знайшоў яе ў вершы „Вяртайся“. Ня ведаю, ці пагадзіцца з маім бачыньнем аўтар, але я адчуў гэты твор менавіта так!»
«Вельмі цікавая песьня. Вядома ж, яе варта дарабіць у пляне аранжаваньня, я там бачу ня толькі голас і баян. І зрабіць гэта даволі няпроста, трэба папрацаваць над ёй вельмі сур’ёзна, каб яна загучала яшчэ больш яскрава», — кажа Улад Ярун.
Ляўрэатам конкурсу «Засьпявай.BY» стала 18-гадовая Лізавета Леўчык, навучэнка Рэспубліканскага коледжу музыкі. Яна стварыла песьню на верш Тацяны Сапач «Адзінота». Адзін зь сябраў журы, сьпявак Vinsent зазначае: «У гэтай песьні адчуваецца, што кампазытар мае нядрэнны густ. Вельмі важна не перагрузіць аранжыроўку, люблю прынцып „лепш менш ды лепш“. І тут акурат той, выпадак, калі ўсё акуратна, бязь лішняй „кашы“. Халодны настрой пранізвае, калі слухаеш гэты трэк. Я бы сказаў, што гэта такі сабе ісьляндзкі гук. Прыходзіць на розум гурт Sigur Ros, напрыклад. Адзінае пажаданьне да сьпявачкі: больш вакальнай індывідуальнасьці, няхай забудзе пра ўсё, што яна чула дагэтуль і сьпявае з уласнай непаўторнасьцю. І яшчэ няхай падумае над прыпевам, варта паспрабаваць варыянт з больш выразна зробленым прыпевам. Увогуле, досыць сур’ёзная і глыбокая праца». Іншы сябра журы, сьпявак і кампазытар Віктар Рудэнка кажа, што Леўчык здольная на тое, каб рабіць музыку ў духу Portishead альбо нават Ланы Дэль Рэй.
Лізавета Леўчык распавядае, што займаецца музыкай усё жыцьцё. Зь дзяцінства піша песьні. «Калі я трошкі пасталела, то зразумела, што гэта маё і што хачу быць кампазытарам. Паступіла ў музычны коледж імя Глінкі на фартэпіяна, але праз два гады прыйшла да высновы, што мне трэба рухацца крыху іншым шляхам і паступіла ў музычны коледж пры акадэміі музыкі на музыказнаўства, дзе цяпер і вучуся. Таксама я працую як кампазытар, пішу музыку для фільмаў і тэлеперадачаў, некаторыя зь іх нават ідуць на нацыянальнам тэлебачаньні. Я хачу і далей працаваць як кампазытар, але пісаць ня толькі акадэмічную музыку. На жаль, усе песьні што я пішу ідуць „у стол“, і вельмі хочацца, каб іх пачулі ня толькі сябры, але і іншыя людзі. Таксама я пляную прайсьці курсы гукарэжысуры, каб шчыльна працаваць зь песьнямі дома. Сольна я не выступаю, але, канечне, хачу. Я люблю публіку, і мне хацелася б выступаць з сваімі песьнямі і дзяліцца зь людзьмі сваімі думкамі, эмоцыямі празь песьні».
Яшчэ адным ляўрэатам конкурсу «Засьпявай.BY» стаў Юрась Касьцень, 24-гадовы індзі-рэпэр зь Вялейкі. У музычнай прасторы вядомы пад псэўданімам Sp Kava. Ён паклаў на музыку верш Андрэя Адамовіча «Яна ведае пахі сноў». Песьня атрымала назву «Эндшпіль». «Нечакана хораша супалі ў адно вэрлібр сучаснага паэта і экспэрымэнты з гучаньнем рэпу», — кажа адзін зь сябраў журы Віталь Рыжкоў. Яшчэ адзін сябра журы, музыка Алесь Кот-Зайцаў таксама застаўся ў поўным захапленьні да гэтай працы і зазначыў, што дадзены трэк на пяць галоваў вышэй за ўсе іншыя песьні, прадстаўленыя на конкурс.
«З творчасьцю Андрэя Адамовіча я быў знаёмы і да конкурсу. Стала цікава ў межах „Засьпявай.BY“ паэкспэрымэнтаваць менавіта зь яго паэзіяй. Плянаваў узяць іншы верш, але калі яго шукаў, дык натрапіў на радкі „Яна ведае пахі сноў“. І адразу зразумеў, што гэта якраз тое, на што можна зрабіць песьню», — распавядае сам Юрась.
Ляўрэаты конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы — камплект прафэсійнага студыйнага абсталяваньня Focusrite Scarlett Studio, у які ўваходзіць мікрафон, гукавы інтэрфэйс і маніторныя навушнікі. Пераможца конкурсу Віталь Варанко разам з запрошанымі музыкамі папрацуе разам з Уладам Яруном на менскай студыі «Селах». Прэзэнтацыя фінальнай вэрсіі песьні «Вяртайся» адбудзецца на парталах Tuzin.fm i Tut.by у ліпені. Улетку таксама мяркуецца зладзіць канцэрт з удзелам усіх трох фіналістаў конкурсу «Засьпявай.BY».
Tuzin.fm
Дзякуй усім! Усе песьні надзвычай пекныя!
Дарэчы, запрашаю усіх пачаткоўцаў-музыкаў ўзяць удзел у нашым праэкце ў наступным годзе.
Як старшыня Праўленьня Дабрачыннага Фонду "Вяртаньне" запэўніваю, што конкурс будзе рабіцца ШТОГОД
У ліпені будзе канцэрт фіналістаў, сачыце за навінамі!
КАМЕНТАВАЦЬ