Менскія ўлады афіцыйна забаранілі гурт Amaroka (дакумэнты+прэзэнтацыя сынглу!)
У дзень сваёй афіцыйнай забароны ў Беларусі гурт Amaroka прэзэнтуе на Tuzin.fm свой новы сынгл «Pa vienach», які анансуе альбом «Virus».
Гэты адказ чыноўніцы ўвойдзе ў гісторыю, бо зьяўляецца першым афіцыйным пацьверджаньнем таго, што ў Беларусі існуе забарона на творчасьць шэрагу мясцовых рок-гуртоў. Amaroka рыхтавалася да прэзэнтацыі свайго новага альбому 5 чэрвеня. У адпаведнасьці з заканадаўствам былі пададзеныя адпаведныя дакумэнты ў Менгарвыканкам, але музыкам адмовілі. Прыватна тады намесьнік кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня Сяргей Мядзьведзеў патлумачыў, што творчасьць гурта ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Заяўнік і мэнэджар гурта Павал Белавус не задаволіўся такім адказам і падаў заяву яшчэ раз, гэтым разам з тэкстам песень, каб засьведчыць, што аніякага экстрымізму ды заклікаў да варажнечы ў іх творчасьці няма і блізка. Дакумэнт, пададзены ў выканкам, можна зірнуць па гэтай спасылцы.
Гэтым разам, Amaroka атрымала афіцыйнае тлумачэньне ад кіраўнічкі ўпраўленьня культуры Віталіны Рудзікавай. У ім вядзецца, што арганізатарам канцэрту гурта адмоўлена ў правядзеньні мерапрыемства, бо «зьмест твораў падпадае пад дзеяньне п. 5 разьдзелу 2 „Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў“». Паводле гэтага дакумэнту:
«Забараняюцца арганізацыя і правядзеньне мерапрыемстваў:
— якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасьці;
— якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян;
— з парушэньнем патрабаваньняў гэтага Палажэньня і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сфэры аўтарскага права і сумежных правоў».
Па інфармацыі Tuzin.fm абурэньне ідэолягаў выклікаў выступ гурта на Майдане, а таксама ўдзел у канцэрце-акцыі «Салідарны зь Беларусьсю» разам з гуртом «Ляпіс Трубяцкі».
Лідэр каманды Зьміцер Афанасенка з гэтай нагоды не пераймаецца і нават у нечым удзячны пільнуючым органам — за тое, што паставілі ў шэраг з самымі паважанымі беларускімі выканаўцамі, якія таксама неаднойчы трапілі пад забарону. «Гэтыя гурты дакладна застануцца ў гісторыі і ў сэрцах іх прыхільнікаў, а чыноўнікі хутка зьнікнуць з пасадаў бязь сьледу і ніхто пра іх не згадае».
Каб суцешыць сваіх прыхільнікаў, гурт Amaroka вырашыў прадставіць на Tuzin.fm свой новы сынгл «Pa vienach». У сынгл увайшлі дзьве новыя песьні «Масты» і «Па венах», якія анансуюць новы канцэптуальны альбом гурта «Virus», што выйдзе ўжо ў сярэдзіне чэрвеня.
Удзельнікі каманды так тлумачаць канцэпцыю альбому і сынглу, які яго анансуе:
«Мы стараліся зрабіць канцэптуальны альбом і з дапамогай гэтага сынглу запускаем наш музычны «вірус». Можна ўжо пабачыць і вокладку будучага альбому, на якой чатырма сымбалямі перадаем з чаго складаецца «Virus»: нотка — кампанэнт „творчасьць“, сэрца — кампанэнт „каханьне“, Беларусь — кампанэнт „патрыятызм“, вусны — кампанэнт „пяшчота“. Гэтыя кампанэнты галоўныя ў творчасьці Amaroka і мы хочам, каб слухаючы нашыя песьні людзі падхоплівалі гэты вірус».
У межах прамоцыі альбому гурт плянуе выдаць новы альбом незвычайным вірусным спосабам, які пакуль трымае ў сакрэце, а таксама завітаць у Менгарвыканкам і падарыць яго ідэолягам.
Таксама Amaroka рыхтуецца да сэрыі летніх канцэртаў, праўда пакуль што не ў Беларусі, а толькі за мяжою.
Tuzin.fm
У працяг тэмы:
Хто такая Віталіна Рудзікава, якая забараніла гурт Amaroka?
http://tuzin.fm/zhamerun/905/chto-takaja-vitalina-rudzikava-jakaja-zabaranila-hurt.html
ім бы забараніць, а што - не гэтак і важна. я сумневаюся, што тэксты чыталі ўвогуле, хучтэй за ўсё проста, як пачулі гэты "роў дзікі", дык спужаліся.
Первое заявление было под номером 1861. Надеюсь, второе (повторное) подано под номером 1863, чтобы придать знаковости моменту :)
КАМЕНТАВАЦЬ