
Фэсты гэтага лета: «Праблем няма, ёсьць пытаньні»
Tuzin.fm пагутарыў з арганізатарамі найбуйнейшых беларускіх фэстаў пра іх нішу, аўдыторыю, праблемы, разьлікі, спадзевы і мары.
Ва ўсім сьвеце лета — самая багатая пара на фэстывалі. Не выключэньне і наша краіна. Прайшлі ўжо фэстывалі «Mayday», «Тhe Beatles Shabli», а ў найбліжэйшыя месяцы адбудуцца буйныя оўпэн-эйры, як «Мост», «Вольнае паветра», «Басовішча», Mirum Festival, «Дружба», «Космос наш», «Камяніца», а можа быць і «Пікнік.by». Кожны з арганізатараў адказаў на пытаньні Tuzin.fm, якія тычыліся:
а) унікальнасьці прапановы, б) аўдыторыі, в) асаблівасьцяў прамоцыі, г) прысутнасьці беларускай мовы ў прома, д) галоўных праблемаў у арганізацыі, е) магчымасьці зладзіць акупляльны фэст зь беларускімі выканаўцамі, ж) cвайго бачаньня ідэальнага беларускага фэсту.
СЯМЕЙНАЕ СЬВЯТА
Уладзімер Шаблінскі (дырэктар канцэртнага агенцтва «Шаблі», арганізатар фэстываляў «Вольнае паветра», «Шаманы. Шаблі», «Тhe Beatles Shabli»)
Наша асноўнае адрозьненьне ад іншых фэстаў — гэта натуральнае тэрытарыяльнае разьмяшчэньне хутара і адпаведна — фэстываляў, якія тут правоздяцца. Хутар Шаблі знаходзіцца ва ўнікальным прыродным ляндшафце Беларусі. Сталася так, што на фэстываль (у дадзеным выпадку — «Вольнае паветра» — ТГ) прыяжджае часьцей сямейная публіка, якая і ўтварыла выдатную атмасфэру за ўсе гэтыя гады. Вось мабыць гэта і ёсьць галоўныя адрозьненьні нашых фэстаў ад іншых.
Што тычыцца аўдыторыі, то прыкладна 30 % — моладзь, большасьць нашай мэтавай аўдыторыі — гэта разумныя адукаваныя людзі, якіх можна лічыць інтэлігенцыяй Беларусі, ад 30 гадоў і вышэй. Фэстываль зьбірае вялікую колькасьць сем’яў. Людзі прыяжджаюць зь дзецьмі, са сваімі хатнімі гадаванцамі, атрымліваецца такое сямейнае сьвята. Мы ведаем сваю мэтавую аўдыторыю і працуем зь ей. Мы ведаем, што яна чытае, што глядзіць. Падыходзячы разумна да рэкламных выдаткаў, мы своеасабліва праводзім сваю рэкламную палітыку.
На афішах нашых фэстываляў прысутнічае беларуская мова, паколькі наша аўдыторыя разнамоўная: у нас шмат расейскамоўнай публікі, шмат і беларускамоўнай, бо так выглядае агульная культурная сытуацыя ў краіне. Таму мы выкарыстоўваем дзьве мовы, часам тры, бо да нас прыяжджаюць расейцы, літоўцы, украінцы. Наогул, можна было б рабіць афішы на пяці-шасьці мовах. За год мы зьмянялі афішы некалькі разоў: рабілі іх трохмоўным, рабілі аўтэнтычныя — толькі на адной роднай мове. У гэтым кірунку мы таксама працуем са сваей аўдыторыяй.
Асноўнай праблемай для нашых фэстываляў можа быць надвор’е. Мы знаходзімся за сто кілямэтраў ад Менску. Адпаведна, калі ў нас добрае надвор’е (у нашых далінах амаль заўседы добрае надвор’е на фэстывалях), а ў Менску ідзе дождж, дык менчукі, на жаль, не выяжджаюць на фэстываль, як бы там не выкладалі фотаздымкі ў сацыяльных сетках. Менчукі, якія былі ў нас, ўжо ведаюць, што на хутары Шаблі ўласнае надвор’е. Таму асноўны фактар, які ўплывае на фэстывалі тычыцца надвор’я.
Фэстываль без удзелу запрошанных гасьцей і хэдлайнэраў цалкам можа быць прыбытковым. Да любога фэсту складацца бізнэс-праект. І тут усё залежыць ад таго, якія мэты жадаюць дасягнуць арганізатары. Можна рабіць фэстывалі: акупнымі, самаакупнымі, з прыцягненьнем рэклямадаўцаў, партнэраў ...Існуюць свае тэхналёгіі.
Ідэальны фэстываль — гэта калі добрае надвор’е, калі разумныя арганізатары… Тут мусіць быць выкананы вялікі шэраг умоваў. Гэта ўсё адно як казаць пра недасяжны ідэал, бо заўсёды нейкі глядач будзе чымсьці незадаволены. Напрыклад, чалавек можа прыехаць на фэстываль у кепскім настроі і нават калі сьвеціць сонейка, яно яму ня ў радасць. Або нехта на танцпляцы наступіць на ногу… Заўсёды застанецца той, каму магчыма, нешта не спадабалася.
Здараецца так, што фэстываль падабаецца гледачам, але не падабаецца самім арганізатарам, бо яны ведаюць, што моглі б зрабіць значна больш, ці наадварот — фэстываль вельмі спадабаўся арганізатарам, але не спадабаўся публіцы. Калі выконваць мінімальна неабходныя ўмовы для правядзеньня фэстывалю з боку арганізатараў ды з боку ўсіх службаў, якія тычацца фэсту — то ёсць добрыя прыклады такіх фэстываляў. Вельмі ўдалы фэстываль «Мост» ужо другі па ліку. Таксама будзе выдатным фэст «Дружба», які ладзіцца ў Шаблях, але пад кіраўніцтвам іншых арганізатараў. З пункту гледжаньня ідэальнасьці ідэальных фэстываляў быць ня можа, нельга ахапіць 100 % аўдыторыі, каб усім усё было даспадобы.
ВОЛЬНАЕ ПАВЕТРА. 5 ЛІПЕНЯ. ХУТАР ШАБЛІ
ЛАЙН-АП: «Альтанка», Vuraj, «Стары Ольса», Pafnutiy’s Dreams, этна-трыё «Троіца»
СТАЎКА НА ІМЁНЫ І МАСУ
Андрэй Аляксееў (генэральны дырэктар кампаніі «Атом Интертеймент», арганізатар фэстывалю «Мост»):
У нас на фэстывалі сабраная розная сучасная папулярная музыка: ад электроннай да року і мэтал. Гэта нашая галоўная асаблівасць.
Адметна тое, што сёлета ў нас мабыць самая шырокая геаграфія артыстаў. Будуць галяндцы, амэрыканцы, ангельцы, расейцы, украінцы, беларусы. Мне здаецца, што ў нас па імёнах пэўна самы моцны лайн-ап на сёньня.
Атрымліваецца так, што кожны год не падобны на другі, паколькі жыцьцё ўносіць розныя карэктывы, але ў прынцыпе, у гэтым годзе людзей павінна быць болей. Дынаміка продажаў крыху адрозьніваецца. Асноўны пік продажаў толькі пачаўся ў сувязі з рознымі аб’ектыўнымі і суб'ектыўнымі прычынамі, як, напрыклад чэмпіянат сьвету па хакеі. Увогуле, усё нармальна.
На фота: арганізатары фэстывалю «Мост» (зьлева направа) — Аляксандар Манышаў, тэхнічны дырэктар канцэртнага агенцтва «Атом Интертеймент» і кіраўнік канцэртнага агенцтва «Атом Интертеймент» Андрэй Аляксееў
Асаблівасць правядзеньня нашай рэклямнай кампаніі, на мой погляд, у бяздарным яе правядзеньні (сьмяецца). Не лічу, што сёлета нашая рэклямная актыўнасьць заўсёды дасягала сваей мэты, налета мы зьменім рэклямную стратэгію.
Мы не выкарыстоўваем беларускую мову ў прома. Я жыву, канечне, у краіне, але, як сказаць… я напалову беларус, напалову расеец. Я люблю сваю радзіму, я нарадзіўся тут, але для мяне за апошнія 20 гадоў з часоў перабудовы родная мова, на жаль, зьвязана больш зь нейкімі палітычнымі рэчамі… На дадзены момант часу мне бліжэй расейская мова. На гэты момант у нас на фэсьце зь беларускамоўных гуртоў толькі Akute. Усе астатнія сьпяваюць па-расейску. Мы ўсё ж такі робім масавы прадукт. У сувязі з тым, што асноўная частка насельніцтва краіны чамусьці аддае перавагу расейскай, мы не спрабуем весьці рэкляму на беларускай мове.
Як любы нармальны чалавек або кампанія, мы ўвесь час сутыкаемся зь нейкімі пытаньнямі, праблемамі, але што вам ды нашых праблем — прыходзьце на фэстываль і слухайце нармальную якасную музыку, якая актуальная на сёньня! Налета будзе нешта іншае. Складана вылучыць з тых пытаньняў, якія мяне хвалююць, мяне ў прынцыпе нават надвор’е ўжо не хвалюе. Фэстываль адбудзецца пры любым надвор’і і, спадзяюся, з усімі заяўленымі артыстамі.
З замежнымі артыстамі самая вялікая цяжкасьць — дамовіцца. У гэты час у Эўропе праходзіць вельмі шмат фэстываляў, існуе вялікая канкурэнцыя. Беларусь — гэта маленькі рынак. Мы ня можам плаціць вялікія грошы, ніжэй за эўрапейскі ўзровень таксама ня можам… Часам проста пераплачваем, таму што па-іншаму людзі адмаўляюцца ехаць, альбо ім не цікава. Калі робіш фэстываль, ня ведаеш: будзе ён прыбытковым, ці не. Гэты бізнэс адрозьніваецца ад бізнэсу па правядзеньні канцэртаў. На Захадзе многія фэстывалі рухаюцца па тры гады да таго, каб стаць вядомымі. Я вам скажу так: можна зрабіць фэст з адным гуртом, і зрабіць яго прыбытковым, разьлічыць яго, дапусьцім на 100 чалавек. Пытаньне ў тым, што і хто хоча зрабіць. На самой справе можна і лягчэй зрабіць: без усялякіх замежных гуртоў, зрабіць толькі на мясцовых. Выдаткаў мінімальна — галоўнае сабраць народ і гэта хутчэй прынясе прыбытак, чым вось такі фэстываль, які мы робім сёлета.
Ідэальных фэстываляў не бывае — заўсёды нехта нечым незадаволены: альбо арганізатар зборамі, альбо публіка лайн-апам, ці коштам квітка, ці нечым яшчэ… Кожны год, кожны фэстываль адрозьніваецца адзін ад аднаго. Мы робім «Мост» другі год, але ўжо ведаем, што будзем рабіць, а што ня будзем рабіць у наступным годзе. Будзем цалкам зьмяняць не канцэпцыю фэстывалю, а падыход да яго правядзеньня. Гэта зьвязана з шматлікімі прычынамі, з прыходам новага разуменьня.
У прынцыпе, у Беларусі колькасьць фэстываляў, маленькіх і вялікіх, з кожным годам расьце. Спадзяюся, што я дажыву да гэтага часу, і што ў нас гадоў праз 10—20 будзе, як у Эўропе: кожныя выходныя нейкае мерапрыемства на адкрытым паветры, куды людзі будуць езьдзіць за музыкамі, альбо за забавамі і марнаваць свае грошы. Гэта наша мэта. Мы рухаемся да гэтага. Ня факт, што мы з усяго гэтага будзем зарабляць, але ў любым выпадку гэта дасьць разьвіцьцё рынку і я думаю, што і мы дзе-небудзь не застанемся на ўзбочыне, калі дажывем.
Відэа. Выступ гурта «Дай дарогу!» на фэсьце «Мост» у 2013 годзе
МОСТ. АЭРАДРОМ БАРАВАЯ.
3 ЛІПЕНЯ. 15:00 — 23:00: Kasabian, Guano Apes, Джон Ньюман, Stigmata, On The Go, Akute, «Дай дарогу»
3—4 ЛІПЕНЯ. 23:00 — 06:00: Dannic, Andrew Rayel, Paul Thomas, Gleb Glebov
4 ЛІПЕНЯ. 15:00 — 23:00: «Ленинград», Skillet, Louna, Валянцін Стрыкала, «Леприконсы», S°unduk, Aspirin Rose, Anthropos
БЕЗ ЗАМЕЖНЫХ ГАСЬЦЕЙ
Віталь Супрановіч (кіраўнік «БМА-group», арганізатар фэстываляў «Купальскае кола», «Грунвальдзкі фэст», «Даём рады», «Дзень радыё», «Калядны фэст», «Дударскі фэст» ды іншых)
Асаблівасьць тых фэстываляў да якіх я і музычны лэйбл «БМА-group» маюць дачыненьне ў тым, што яны ў першую чаргу арыентаваныя на беларускую і беларускамоўную музыку. Асноўная ідэя заўсёды была скіравана на падтрымку беларускамоўных музыкаў.
Звычайна нашыя фэстывалі наведвае прыблізна ад 500 да 1000 чалавек. Калі казаць, напрыклад, пра «Калядны фэст», то колькасьць яго наведвальнікаў павялічваецца. На першыя фэсты прыходзіла 300 чалавек, на апошнім было каля 1000. У асноўным мы арыентаваны на больш моладзевыя мерапрыемствы, але розныя людзі прыходзяць… На фэстывалі, кшталту, «Дзень радыё», які мы робім сумесна зь «Еўрарадыё», публіка залежыць ад складу гуртоў. Калі летась на гэтым фэсьце выступалі «Крама» і Neuro Dubel, то ў тым ліку прыходзілі больш дарослыя людзі. Сёлета быў зроблены ўхіл на больш маладыя, альбо умоўна маладыя гурты: Nizkiz, B:N, Аkute. Натуральна, што прыйшла больш моладзевая аўдыторыя.
Нашы клюбныя мерапрыемствы без запрошаных музыкаў зь іншых краінаў у прынцыпе акупаюцца. Думаю, што можа быць прыбытковы фэст без замежных гасьцей, што даводзяць і іншыя арганізатары. Быў файны фэст «Пікнік.by», дзе выступалі толькі беларускія выканаўцы і там зьбіралася шмат людзей. Быў фэст «Наш Грунвальд» у Дудутках — і на гэты фэст людзі з задавальненнем прыяжджаюць. Я думаю, што прыбытковасьць фэстываляў не залежыць ад таго, будзе там замежны госьць, ці не. Залежыць ад таго, ці здолее арганізатар прыдумаць такое мерапрыемства, якое зацікавіць людзей і якія яго наведаюць. Але ёсьць і шмат суб’ектыўных фактараў. Мерапрыемства можа быць прадумана дасканала, але пойдзе дождж. Напрыклад, падчас апошняга «Бітлз-фэсту» ў Менску было дрэннае надвор’е, а на самім фэсьце было нармальна, а некаторыя туды не даехалі…
Бывае, што на канцэрце быццам бы ўсе такія задаволеныя выходзяць, а потым чытаеш у сетцы, што камусьці не спадабалася. Напрыклад, калі будзе мала людзей на канцэрце — будуць пісаць, што ня вельмі добра прайшло. Будзе шмат, нехта напіша, што ён ня змог патанчыць. Наўрад ці будзе такое, каб усе засталіся задаволенымі. Мы можам проста старацца зрабіць, каб усё было добра.
Ня думаю, што ў нас ёсьць нейкія асаблівасьці рэклямнай кампаніі, бо збольшага ўсе рэклямныя інструмэнты аднолькавыя. Можа быць нехта прыходзіць ведаючы, што гэта праводзім менавіта мы. Ведаю, што ў нас ужо зьявіліся некаторыя людзі, якія збіраюць усе «БМАшныя» дыскі, ёсць людзі, якія зьбіраюць сэрыю «Беларускі музычны архіў».
Відэа. «Дударскі фэст — 2008»
Я не магу сказаць, што мы робім усё па-беларуску. Канечне, на тых мерапрыемствах, якія маюць дачыненьне да беларускай культуры альбо якія я праводжу самастойна мы заўсёды выкарыстоўваем беларускую мову. Акрамя беларускіх канцэртаў, я прымаю ўдзел у арганізацыі канцэртаў замежных гуртоў. Тут беларуская мова не заўсёды выкарыстоўваецца, бо ёсьць партнэры, якія маюць сваё меркаваньне. У прынцыпе, гэтая сфэра дзейнасьці, як і ўсе іншыя сфэры на Беларусі… Калі беларускай мовы ня шмат у іншых сфэрах, то яе, натуральна, няшмат і ў гэтай сфэры. Задача арганізатараў — сабраць людзей. Пэўна, яны лічаць, што выкарыстоўваючы расейскую мову, ім будзе прасьцей данесьці інфармацыю. Тут усё залежыць і ад сытуацыі ў краіне: калі б яна зьмянілася дзесьці ў іншы бок, то яна б зьмянялася і ў рэкляме канцэртаў.
Таксама існуе праблема, можа і ня надта вялікая — узгадненьне, якое мусіш атрымаць да пачатку рэклямы мерапрыемства. На гэта губляецца час — да 10 дзён, у залежнасьці ці ёсьць пытаньні. Наогул жа гэта рызыкоўная сфэра, бо ніхто дакладна ня ведае: ці зьбярэш людзей.
Мы ў сваей дзейнасьці заўсёды стараліся рабіць нешта новае і тое, чаго раней не было. Гэта і пачатак выданьня дыскаў, бо тады, пры канцы 90-х беларускіх дыскаў ніхто асабліва не выдаваў. Потым пачалі праводзіць канцэрты — ад клюбных да Лядовага палацу. Канечне, цяпер некаторыя музыкі, як Макс Корж, зьбіраюць «Менск-арэну», але хацелася каб і беларускія музыкі, рок-гурты, зрабілі вялікі канцэрт на такой пляцоўцы. Ня ведаю, як гэта стасуецца з пытаньнем ідэальнага фэсту, але для нас істотна, каб заўседы быў нейкі крок наперад і каб былі большыя пляцоўкі.
МІР, «ДРУЖБА», ЖУЙКА!
Антон Сасноўскі (суарганізатар фэстывалю «Дружба», незалежны прамоўтар агенцтва «Концепт стиль»):
Асаблівасьць фэстывалю «Дружба» ў тым, што гэта будзе паўнавартасны двухдзённы фэст, дзе людзі, як на ўсіх сусьветных фэстывалях, змогуць пажыць у намётах, дзеля іх будуць працаваць асабістыя зоны і гэта далей. Фэстывальныя пляцоўкі знаходзяцца даволі далека ад Менску — на хутары Шаблі. Адпаведна, мы робім акцэнт на тое, каб людзі неяк праявілі ініцыятыву і дабраліся рознымі спосабамі, пры гэтым спэцыяльны транспарт таксама будзе арганізаваны ў залежнасьці ад заявак, што дадуць удзельнікі фэстывалю. Гэта першае.
Па-другое, акрамя музыкі, мы будзем акцэнтаваць увагу на максымальны камфорт наведвальнікаў фэстывалю. Будзе шмат разнастайных зон для прыемнага баўленьня часу, паспрабуем вырашыць праблему з Wi-Fi, упершыню ў Шаблях будзе зроблены душ, таксама спадзяемся, што атрымаецца зрабіць продаж піва.
Перш за ўсе, мы хочам скарыстацца сьлёганам фэстывалю «Дружба» і задзейнічаць усе сяброўскія, самыя блізкія нам краіны: Расею, Украіну і Беларусь. Тры розныя супольнасьці будуць прадстаўленыя на фэстывалі і на наш погляд, абраныя адны з самых прыстойных выканаўцаў.
Яшчэ адна адметнасьць у тым, што у нас будзе дзьве сцэны. Мы праводзілі спэцыяльны конкурс сярод маладых гуртоў. Пераможцы атрымліваюць магчымасьць выступіць на буйным фэстывалі, прадставіць сябе публіцы, а можа нават і скарыць яе. Вельмі цікавыя гурты будуць граць на гэтай сцэне.
Што тычыцца айчынных гуртоў, мы вырашылі максымальна разнастаіць жанры, каб гэта было весела, і каб закрануць усе стылі, а не абмяжоўвацца нечым адным. Адзінае, чаго няма на нашым фэсце — гэта мэталёвай сцэны, але яна ўсе ж з канвы нашага мерапрыемства выбіваецца.
Прыемна, што колькасьць фэстываляў на Беларусі апошнія гады павялічваецца — гэта здорова! У людзей ёсьць выбар. Нехта хоча трапіць на «Мост», нехта на «The Beatles Shabli», хтосьці на фэстываль «Дружба», а калі ёсьць нехта, хто хоча пабываць на ўсіх фэстывалях — гэта яшчэ лепш!
Па колькасьці на першы раз разьлічваем сабраць аўдыторыю каля 5 тысяч чалавек, што будзе для нас посьпехам. На статусы мы не падзяляем людзей… Разумеем, што на фэстывалі будзе прысутнічаць даволі шмат актыўнай моладзі ад 18 да 30 гадоў, якая любіць выяжджаць і весела бавіць час пад добрую музыку. Ніякіх абмежаваньняў па ўзросьце няма і мы разьлічваем, на тое, што будуць маладыя сем’і і людзі самага рознага ўзросту. Тым больш, усе ўмовы для гэтага будуць створаны: намётавы лягер, душ і харчаваньне.
Нейкіх адметных асаблівасьцей рэклямнай кампаніі ад іншых фэстываляў у нас ня будзе. Мы максымальна задзейнічаем усе рэклямныя рэсурсы: радыё, вонкавая рэклама, і — зразумела — сацыяльныя сеткі. Адразу пасьля фэстывалю «Мост» распачнецца актыўная рэклямная кампанія, гэта ўсе убачаць, усе пачуюць і застанецца толькі чакаць ўсіх на фэстывалі.
Унівэрсальная мова для рэклямнай кампаніі ў нас абрана расейская. У нашай краіне 90 % рэкламы выходзіць менавіта на ёй. Вета на беларускую мову мы не накладалі, тым больш, што яна прагучыць са сцэны гатага фэстывалю і гучна пра сабе заявіць. На беларускамоўных рэсурсах рэкляма нашага фэсту будзе на беларускай мове. Мы адкрытыя для прапановаў з боку любых беларускіх рэсурсаў! Беларуская мова можа існаваць, як сумесны варыянт. І мы будзем толькі рады, калі нехта зьвернецца да нас з такой ініцыятывай, тая ж кампанія «Будзьма!» можа паўдзельнічаць і прадставіць сябе ў нашым фэстывалі.
Праблем у нас няма. Мы сутыкаемся з пытаньнямі. Перш за ўсё — гэта пытаньні заканадаўчага характара, якія ўзьнікаюць з узгадненьнем продажу піўной прадукцыі і гэта галоўнае пытаньне, якое група арганізатараў цяпер вырашае. А так больш ніякіх пытаньняў не паўстае, таму што, cуарганізатары фэсту кампанія Jet Sounds, як і мы, маюць вялікі вопыт у правядзеньні масавых мерапрыемстваў.
Мяркую, што фэстываль «Дружба» з часам стане ідэальным. Я думаю, што любы, хто на ім пабывае першы раз, зможа правесьці для сябе нейкія аналёгіі ідэальнасьці і сказаць, што гэта было здорава! Мы будзем да гэтага імкнуцца. Разьлічваем, што празь нейкі час да нас будуць прыязджаць госьці зь Літвы, Латвіі, Польшчы, а магчыма з далёкага замежжа.
ДРУЖБА. 1—2 ЖНІЎЯ. ШАБЛІ
Akute, Navi, S°unduk, :B:N:, Дельфин, «Ногу свело», Animal Джаz, Сяргей Бабкін ды іншыя.
Прома-відэа фэсту «Пікнік-2013»
ПІКНІК НА ЎЗБОЧЫНЕ
Мікалай Маторын (кіраўнік паб-клюбу «Графіці», арганізатар першых у Беларусі фэстываляў электроннай музыкі, заснавальнік і арганізатар фэстаў «Да!Бро!» і «Пікнік.by»)
Кожны знаходзіць сваю ўласную асаблівасьць ў фэсьце. Яна можа быць у музыцы, у забаўках, у атмасфэры, у людзях. Калі сёлета будзем рабіць «Пікнік.by», можна будзе зрабіць апытаньне на месцы. Колькасьць аўдыторыі, якая наведвае фэстываль павялічваецца. Яна сягае 3 тысяч людзей. Узрост наведвальнікаў вельмі шырокі: ад 4 до 60 гадоў — гэта фэстываль для ўсёй сям’і.
Ня ведаю ў чым асаблівасьць нашай рэклямнай кампаніі. Пэўна ў крэатыве. Мы размаўляем з аўдыторыяй на іх мове: з расейскамоўнай — па-расейску, зь беларускамоўнай — на роднай. Таму мы выкарыстоўваем у прома і беларускую мову. Самая вялікая праблема для нас — гэта ўзгадненьне з уладамі. Нават не праблема, на гэта проста патрэбны час. Мяркую, што фэстываль без удзелу замежных гасьцей, напэўна, можа быць прыбытковым.
У 2012 годзе мы атрымалі прыз за найлепшы фэстываль, але я не магу сказаць што ён ідэальны для ўсіх. Не бывае такога. У кожнага свае патрабаваньні. Я лічу, што дасканаласьці няма мяжы.
Гэтае лета будзе яшчэ больш насычаным і разнастайным на фэстывалі. Арганізатары нам прапануюць самыя розныя варыянты музычнага адпачынку на сьвежым паветры. Калі вы не баіцеся магчымых дажджоў ды іншых прыродных сюрпрызаў, наведайце хоць адзін фэстываль. Каб музыку цікавую паслухаць, адпачнуць ад гарадзкіх клопатаў ды праверыць ці змогуць арганізатары ўвасобіць усе абяцаньні і спраўдзіць усе чаканьні.
Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, фота Tarantino, Budzma.by, Еўрарадыё, Tut.by
Пытаньне да наведнікаў: якія зь беларускіх фэстаў апошніх год удаліся сапраўды?
Наш выбар: Пікнік.by-2012, Вольнае паветра-2013, Камяніца-2013
КАМЕНТАВАЦЬ