Re1ikt вярнуўся на родную зямлю (аўдыёпрэм’ера!)
Музыкі наважыліся выканаць па-свойму ў межах праекту «Re:Песьняры» песьню «Жураўлі на Палесьсе ляцяць».
«Жураўлі на Палесьсе ляцяць» — адна зь песень-візітовак «Песьняроў». Шырокую вядомасьць атрымала вэрсія ў выкананьні вакаліста Ігара Пені, што ўвайшла ў жывы альбом ансамблю «Зачараваная мая», выдадзены на касэтах і кружэлках (1982 і 1983 год адпаведна). Але напісаная яна была Ігарам Лучанком на словы паэта Алеся Ставера на пяць гадоў раней. Першым яе выканаўцам лічыцца Юры Дзянісаў, басіст і альтыст, які быў у складзе «Песьняроў» усяго толькі год. Дадатковай папулярнасьці песьні паспрыяла яшчэ тое, што практычна адначасова зь «Песьнярамі» яе ўзялі ў свой рэпэртуар «Сябры», а ў 2000 годзе N.R.M. апгрэйдзілі радок зь яе ў сваіх «Трох чарапахах». Менавіта гэты сьпеў вырашылі выканаць у праекце «Re:Песьняры» героі 2013 году па вэрсіі Tuzin.fm — гурт Re1ikt.
«Мэлёдыя з „Жураўлёў“ засталася ў памяці яшчэ з часоў юнацтва. Нягледзячы на тое, што ў пераходным узросьце я супрацьстаўляў сябе такім паняцьцям, як „эстрада“ і „поп-музыка“, гэтая моцная кампазыцыя здолела прыцягнуць увагу», — кажа вакаліст Уладзімер Казлоў.
Re1ikt абралі «Жураўлёў» па дзьвюх прычынах. «Па-першае, празь яе вясеньнюю атмасфэру, ад яе нібы патыхае цёплым пяшчотным паветрам і абуджэньнем. Па-другое, нам вельмі блізкая тэма твору — вяртаньне на родную зямлю пасьля доўгага растаньня», — тлумачыць Уладзімер. Дарэчы, першы склад гурта Re1ikt сабраўся ў Палесьсі — так зваўся мікрараён у Сьветлагорску, адкуль паходзіць гурт.
У сваёй вэрсіі музыкі зрабілі кампазыцыю больш ляканічнай, давялі яе настрой бліжэй да свайго фірмовага стылю. Таксама крыху зьмянілі вакальную партыю і вывялі на пярэдні план яскравую асноўную мэлёдыю песьні.
Re1ikt — Жураўлі на Палесьсе ляцяць (музыка Ігара Лучанка, словы Алеся Ставера, аранжыроўка 1981 году Ўладзімера Ткачэнкі, аранжыроўка 2014 году гурта Re1ikt). Зьмяшчаецца са згоды Ігара Лучанка.
Tuzin.fm
Каб любіць Беларусь нашу мілую
Трэба ў розных краях пабываць.
Зразумееш тады чаму з выраю
Жураўлі на Палесьсе ляцяць!
Што ім тыя пагоды паўднёвыя,
Што ім пышны платанавы рай,
Калі клічуць іх далі сасновыя
І азёрны рабінавы край.
Сакавітыя пожні мурожныя
Не заменіш нічым і нідзе,
І зямлю, дзе сьцяжыначка кожная
У прыветлівы дом прывядзе.
Каб любіць Беларусь нашу мілую
Трэба ў розных краях пабываць.
Зразумееш тады, чаму з выраю
Жураўлі на Палесьсе ляцяць!
Фантастычны ўступ! Мо разоў зь дзесяць пракруціў.
КАМЕНТАВАЦЬ